Выбрать главу

— Сядайце,— сказаў ён суха Драгуну і адсунуў ад сябе свежую палосу газеты.

Драгун сеў пры яго стале як госць, Стральчэня трохі далей, пры вялікім рэдакцыйным стале для нарадаў.

— Дык што вы хацелі? — спытаўся павольна і важна Пашкоў.

Ужо адно гэта пытанне гаварыла пра многае. Але Драгун зрабіў выгляд, што нічога не разумее.

— Ну, я думаў, што вам патрэбен работнік у аддзел культуры,— адказаў ён рэдактару.

— Праўда, работнік нам быў патрэбен... Але вы трохі спазніліся.— Ён зрабіў шматзначную паўзу, дакрануўся тонкім пальцам да канца носа, потым павёў палец уверх і паправіў пенснэ, якое і не думала падаць.— Мы робім невялікую перастаноўку ў рэдакцыі, скарачаем адзін аддзел. Так што нічым не магу памагчы.

Драгун устаў.

— Што ж, прабачце за турботы,— сумна сказаў ён.

Устаў і Пашкоў.

— Калі ласка,— прамовіў ён, зрабіў лёгкі паклон і працягнуў цераз стол — хутчэй па рэфлексу — руку Драгуну.

Драгун рэзка павярнуўся, зрабіўшы выгляд, што не заўважыў рэдактаравага жэсту.

49

«Не мела баба клопату, ды купіла парася»,— думаў сабе Драгун, ідучы па гразкай раскіслай дарозе шукаць, дзе жыве той яго прыяцель, стары халасцяк Іван Жук. Недзе на Балотнай станцыі... Драгун быў у яго гады два назад, а ён сам неяк заходзіў да Драгуноў нядаўна, прыносіў чытаць новыя байкі. Чалавек захапіўся эзопаўскай старыной, чытае грэкаў, рымлян, Лафантэна, Канцеміра і Крылова, Крапіву і Валасевіча. Але покуль што — воз ні з месца. Праўда, часам ён браў глыбока, для «Вожыка» ніяк не лезла. І часам занадта востра. А часам і няўмела. І, як кажуць, варыўся ў сваім соку... Але, мусіць, уся бяда была не ў гэтым. Іван Жук некалі паступаў на журналістыку, не прайшоў па конкурсе і падаўся ў наргас, інстытут народнай гаспадаркі. Скончыў вучобу, а працаваць не давялося — захварэў мінінгітам. Доўга лячыўся, потым перавялі яго ў інваліды, жыў недзе ў Данбасе ў брата, а гадоў колькі назад пераехаў у Мінск, тут уладкаваўся на завод звычайным токарам. Кажа, што дактары забаранілі працаваць галавою. І жыве сабе адзін на прыватнай кватэры... Праўда, потым прызнаўся Драгуну, што, каб прыпісацца ў Мінску, давялося схадзіць спачатку ў загс, а потым ужо тая кабета яго прыпісала да сябе... Казаў, што гэта яго не звязвае, ланцугі Гіменея ён можа скінуць у любы момант, хай толькі захоча... Ну што ж? Мо гэтыя скіне, новыя наложыць?

Вузкая вулачка, па баках дамы і хаты сялянскага тыпу. Як мястэчка ці звычайная вёска. «І хаты няроўныя тут, як і людзі...» Здаецца, вось гэты дом у два канцы, накрыты чырвонаю чарапіцай. На дварэ жанчына сталых гадоў у новай ватоўцы і малады хлопец у гімнасцёрцы ахоўнага колеру папраўляюць плот: яна камандуе, ён папраўляе. Дзіўна, што не наадварот...

Драгун падыходзіць да іх і пытае, дзе тут жыве Іван Жук.

— Які Жук? А-а, Ванька? Во, у тыя дзверы.

Драгун зайшоў у прыбудовачку, адчыніў яшчэ адны дзверы і апынуўся ў кухні. Тут было двое дзвярэй. У якія ж пастукаць? Спачатку ў тыя, што злева. Цішыня. Пастукаў справа. Нехта як бы заварушыўся. Пастукаў яшчэ.

— Адну мінуту,— пачуўся заспаны голас.

І праз мінуту, а мо нават раней, дзверы адчыніліся, і Драгун убачыў на парозе Івана Жука. Ён усміхнуўся на ўвесь рот і аж успляснуў рукамі:

— Ну, брат, не чакаў! Думаю, каго там гоніць? Я з начное прыйшоў ды як заваліўся спаць...

Валасы ў яго тырчалі вожыкам, твар быў мурлаты, смуглы, нібы чалавек толькі што з курорта — дзе-небудзь з Крыма ці Каўказа.

Драгун зайшоў у пакой.

— Адразу павеяла маладосцю,— сказаў ён.— Ты зусім па-паходнаму, нават на раскладушцы.

— Найлепей! Я моцна нідзе не акопваюся,— смяяўся Жук і прыбіраў у пакоі: заслаў раскладушку чорнаю суконнаю коўдрай, прыняў табурэтку, абуўся, потым стаў галіцца электрычнаю брытвай.

Драгун сеў за стол, разглядаў кнігі, якія былі зложаны невысокім стосікам. Здзівіўся, убачыўшы «Лаакаон» Лесінга.

— Дык ты не толькі практыкуешся, але штудзіруеш і тэорыю?

— А які толк? Каб гэта я дарваўся да ўсяго гэтага тады, як хацеў, як меў сілу... Мо і жыццё пайшло па іншым рэчышчы... А так што? Ніякага следу не пакіну...

— Ну, ты ўжо заныў... Я якраз прыйшоў да цябе наконт гэтага следу... Можаш пакінуць след, і яшчэ які глыбокі.

— Ты пра што?

— Вось паслухай...

І Драгун расказаў, як сустрэўся з адной знаёмай, як яна сумуе без мужчыны, прасіла яго пазнаёміць з кім-небудзь.

— А колькі ёй год?

Драгун разрагатаўся.

— А ты ведаеш, што яна спытала, калі я сказаў пра цябе? Спытала, браце, якога ты росту! Каму што... Але смех смехам... Яна мо адных год з табою ці са мною. Мо на які год старэйшая. А так кабета нічога сабе.

— Не, брат, старая.— І ён адразу апусціў рукі, перастаў завіхацца.— Мой бацька жаніўся, дык мая маці была за яго на пятнаццаць год маладзейшая.