Выбрать главу

— Табе хочацца паўтарыць бацькаў вопыт? А калі будзеш мець свой?.. Я на гэтыя гады гляджу так... Хіба мы ведаем, колькі нам адмерана?

— Усё ж такі...

— Ды, урэшце, у яе ёсць і дачка, недзе якраз напалавіну маладзейшая за цябе. Так што не зявай.

— І з дачкою? Ты, я бачу, добры сват. З табою толькі звяжыся.

— А што? Ты ў мяне дагэтуль не бадзяўся б самапасам...

Праз тыдзень у нядзелю Драгун з Жукам сабраліся ў госці да Яніны Акімаўны.

Засапліся, покуль узышлі на пяты паверх, адпачывалі трохі на пляцоўцы. Толькі Драгун хацеў пазваніць, як дзверы з лічбай «32» адчыніліся і выглянула сама Яніна. Няйначай, праз акно яна заўважыла іх.

— Гэта вы? Заходзьце! Калі ласка!

І яна шырока расчыніла дзверы. Сама яна ўжо была апранута па-святочнаму, у светлую крэмавую сукенку.

У кватэры смачна пахла пірагамі, смажанінай і яшчэ нечым. Госці распрануліся, павесілі плашчы, нават разуліся.

— Сядайце, госцікі, я тут яшчэ не ўсё давяла да ладу.— А ўбачыўшы, што на стол яны выставілі дзве пляшкі, кілбасу, цукеркі, пачала крычаць на іх: — Ну, што вы гэтулькі наняслі? Як на каляды! Ці ж так можна?

«Святая прастата,— падумаў Драгун.— Што ты заспявала б, каб мы прыйшлі з пустымі рукамі, няўжо ўзрадавалася б?»

А ёй сказаў:

— Добра, на другі раз улічым.

— Па-мойму, даражэй за ўсё тое, што чалавек прыносіць у душы, а не ў кішэні,— гаварыла Яніна Акімаўна ўжо з кухні.

Драгун раптам спахапіўся.

— Даруйце, але чаму я вас адразу не пазнаёміў? Яніна Акімаўна, хадзіце сюды.

Яна выйшла, першая падала руку — са шчырай усмешкай, пачырванелая, Жук — па-дзелавому, неяк важна-запаволена, як пад прымусам. На твары — ніякіх пачуццяў, толькі смуглявасць яшчэ болей апанавала яго шчокі. Цяпер Драгун здагадаўся, што гэта Жук так чырванее.

— Яніна Акімаўна...

— Іван.

— Хоць бы пацалаваліся на знаёмства! — пажартаваў Драгун.— А то вельмі поснае знаёмства.

— Поснае ці познае? — засмяялася Яніна Акімаўна, ідучы на кухню.

— Хай хоць познае, абы не дарэмнае,— адказаў ёй Драгун.

— Ну, пра гэта яшчэ памаўчым,— гукнула яна адтуль. Драгун усеўся на тахту, а тугадум Жук усё так жа моўчкі аглядаў падлогу, сцены, мэблю, пасопваў у нос, нешта сам сабе думаў.

— Ты чаго маўчыш? — спытаўся ў яго Драгун.

— Ды так...

— Баішся, каб не ўліпнуць?

— Не, мяне не так хутка забратаць, як табе здаецца.

— Я думаю... Старога бугая не вельмі ўломіш.

Драгун праглядаў газеты, а Жуку аддаў «Вокруг света».

— Бачыш, людзі, седзячы дома, падарожнічаюць вакол свету. Вучыся!

Драгун ужо пачынаў лаяць сябе, што ўзяўся за такую далікатную місію. Адразу відаць, што Жук не ў гуморы ад гэтага візіту і не на сёмым небе ад знаёмства. Але, урэшце, што яму трэба? Маладую?

— Яніна Акімаўна, а дзе ваша Жана? — спытаўся гучна Драгун.

— Жана? Недзе ў суседкі, гуляюць.— Яна выйшла з кухні, трымаючы ў адной руцэ нож, у другой — відэлец.— Ведаеце што? Я хачу...— яна замялася.— Хачу паклікаць да нас адну жанчыну, гэтую самую, да якой пайшла мая Жана. У яе дачка, равесніца з маёю, дык іх вадою не разліць. А мы, старэйшыя, таксама дружым, хоць сяды-тады і пасварымся... Дык як, паклікаць яе, ці не? Мо весялей будзе?

— А калі сумней? — Драгун зірнуў на Жука.— Як ты, Іван?

— Што мне? Я тут не камандую.

— Але ж у нас пытаюць...

— Мо гэта ў цябе?

— Калі ў мяне, то я не супроць. Што мне?

— То добра, я паклічу,— сказала Яніна Акімаўна і зноў пайшла на кухню.

Драгун паклаў газету, зайшоў следам за ёю. Гарэла газавая пліта. У жароўні нешта смажылася. На кухонным стале — яечня, пірог, сялянская кілбаса, кіслыя гуркі, памідоры.

— Вазьміце ў памочнікі,— сказаў Драгун.

— Няхай, я зараз і сама...

— Вы не падумайце, што я прыйшоў вас падганяць. Я памагаць!

— Што, жонка прывучыла?

— А што тут такога? Часам і памагаю. Але болей есці, чым гатаваць.

— Ну, вы, мужчыны, заўсёды так. Але нам і гэта прыемна — усё ж весялей у кампаніі.

— Падзел працы... Аднак што гэта за жанчына прыйдзе?

— Гэта спецыяльна для вас... Вы мяне знаёміце, я вас.

— Бачыце, якая вы добрая! А што, калі я напраўду закахаюся ў яе? Што тады?

— Няўжо вы такі хуткі? А жонка, дзеці?

— Ну, у мяне душа... шырокая, месца ўсім хопіць.

Яніна Акімаўна бліснула вачыма на Драгуна.

— Сцеражыцеся, у гэту можна і закахацца!

— Няўжо? Тады я ўцякаю.

— Вы сур’ёзна?

— А што? Мо ад гэтага залежыць мой лёс...

— Не думала я, што вы такі палахлівы...

— Тады застаюся! Я проста пажартаваў.

Яны ўжо сядзелі за сталом, а Драгун усё яшчэ быў пад уражаннем той хвілі, калі зайшла гэтая жанчына, што назвала сябе Шурай. Яго нібы асляпіла маланкай. «Вось гэта кабета,— сказаў ён сабе ў думках.— Вось гэта кабета! Ёсць жа такія на свеце!»