— Яна была прыезджая?
— Бежанка, як мы тады называлі, з-пад Калугі. Прыязджала тады многа людзей да нас у Заходнюю — са Смаленшчыны, Браншчыны — шукаць работы і хлеба... Пасля вайны ў нас яшчэ не ўсюды былі калгасы, некаторыя багацейшыя бралі сабе парабкоў... Вось і тая... мая Шура служыла ў аднаго... Эх, час быў неўладкаваны! Усё вісела на валаску. Адно развальвалася, другое пускала карэнні, набірала сілу...
— І што, вы так і не ведаеце, што з ёю?
— Няйначай, выйшла замуж, як і ўсе дзяўчаты, на якіх заглядваюцца хлопцы. А тых, якія прыязджалі з Заходняй, бралі нарасхват — яны сёе-тое прывозілі з сабою, заробленае.
— Дык вы каецеся? Прабачце, што я ўсё ў вас распытваю.
— А што тут такога?.. Ці каюся? Цяжка сказаць... Калі б ажаніўся з ёю, лёс мой быў бы зусім іншы... Да таго ж у нас няма традыцыі жаніцца ў васемнаццаць год... Так што я прыняў наша расстанне як волю неба: не суджана, як казалі раней.
— А мо яна вас не кахала?
— Не думаю... Гэта адразу адчуваеш... Ці вы скажаце, што не?
— Пэўна ж, у такім узросце людзі не ўмеюць прыкідвацца — яны шчырыя... Ведаю па сабе... Я выходзіла — мне было семнаццаць. І я кахала свайго мужа, бо ён быў маё першае... ды і апошняе каханне...
— А скажыце, вы верыце ў каханне з першага погляду?
— Не, са мною такога не здаралася.
— Дык, значыць, яго няма?
— Я так не кажу... Але хто не перажыў сам, той не вельмі некаму паверыць.
— А я — веру! Ёсць такое каханне! І я вам... каб болей выпіў... прывёў бы самы свежы прыклад.
Ён апусціў галаву, замоўк. Словы прасіліся ў яго на язык, але ён не даваў сабе волі. Чаму? Мо каб яна не падумала, што ён хлусіць? А мо што на другім баку стала сядзелі людзі? Ва ўсякім разе, нешта перашкаджала выліць яму сваю душу. Ён мог бы вось цяпер сказаць ёй самыя высокія словы кахання, якіх не гаварыў нават той, першай Шуры, нават жонцы. Самыя высокія словы гаварыў бы ён зараз — і не пакрывіў бы душою, бо яны як ніколі адпавядалі таму стану, у якім ён быў цяпер.
— Але ж у вас, здаецца, жонка, дзеці? — лінула Шура халоднай вады на распалены на белае камень яго пачуцця.
— Ну і што? А мо я памыліўся тады? — з імпэтам запярэчыў Драгун.— Іншы раз чалавек знаходзіць сваё шчасце на краі магілы. І ён ідзе за ім!
— А калі гэта не шчасце, а міраж?
— Тады — у вір галавою, так ці іначай!
— Ці не занадта вы смелы?
— Наадварот...— Драгун трохі астыў.— І ў гэтым мо ўся мая бяда...
Шура глянула на гадзіннік і сказала, што пара збірацца дадому. Гаспадыня, Яніна Акімаўна, яшчэ ўпрошвала трохі пасядзець. Шуру нечакана падтрымаў Жук. Ён першы ўстаў з-за стала і падзякаваў.
— Я вас хачу правясці,— сказаў Драгун Шуры.
— Дзякую, дзякую, мне тут блізка.
— Хай сабе і далёка... Я толькі абуюся.
Шура развіталася з гаспадыняй, нешта шапнула ёй на вуха, потым падала руку Івану.
Драгун выйшаў следам за ёю. Яны апусціліся на два ці тры паверхі, і яна стала.
— Вось тут я жыву,— сказала яна і паказала на дзверы.— Дзякую, што правялі.
— Я хачу зайсці да вас.
— Калі ласка.
Яна прапусціла яго наперад, потым у цемнаце пашарыла рукою, запаліла святло ў прыхожай. Яны стаялі побач, ён чуў яе дыханне.
— Шура,— сказаў ён усхвалявана і моцна абняў яе.— Вы цудоўная жанчына.— І стаў шчыра цалаваць яе.— Вы проста не ведаеце, якая вы...
— Якая? — смеючыся, яна далікатна адбівалася ад яго.
— Самая лепшая ў свеце! Самая-самая...
— Па-мойму, вы п’яны... А так вы не гаварылі б абы-чаго...
Драгуна апяклі яе словы.
— Я кажу тое, што адчуваю. Клянуся!.. Скажыце, да вас можна прыходзіць? — Ён не выпускаў яе з абдымкаў.
— Не,— коратка, як нажом, адрэзала яна.— Я занята... У мяне ёсць чалавек... Мы збіраемся сысціся, вось толькі аддам замуж дачку...
Драгун апусціў рукі.
— А я толькі думаў...— прастагнаў ён.
— Ды ў вас жа жонка, дзеці...— паўтарыла яна ранейшае заклінанне.
Драгун маўчаў.
— Ды вы і маладзейшы за мяне...
— Гэта глупства! — вырвалася ў Драгуна.
У замку заскрыгітаў ключ.
— Дачка ідзе,— сказала Шура і адышлася ў пакой. Зайшла дзяўчына, вельмі мала падобная да маткі: высокая, тонкая, светлавалосая. Яе псаваў трохі зашырокі нос.
Яна павіталася і, зашапацеўшы плашчом-балонняй, насцярожана прайшла міма Драгуна.
— Праходзьце сюды,— паклікала Шура і выйшла да Драгуна.— Чаго вы? — яна неяк адразу пасмялела, перамянілася да яго, у голасе ўпершыню за ўвесь час адчулася нейкая прыязнасць.
— Не, дзякую, я пайду. Спакойнай ночы...— Ён яшчэ раз глянуў на Шуру, і сэрца яго зашчымела.
Узняўшыся па лесвіцы на два паверхі, Драгун пазваніў. Дзверы адчыніліся тут жа, нібы яго чакалі.
— Я думала, вы забудзеце плашч,— сказала Яніна Акімаўна.