— А дзе Іван?
— Пабег! Нават кніжку забыўся... Праходзьце далей.
— Гэта ён знарок, каб зайсці другі раз... Ну, як ён вам?
— Ай, мне такія не падабаюцца. Ды і ён на такіх, як я, не хоча глядзець.
— Як у вас усё проста выйшла...
— А ў вас? — у голасе яе чулася цікаўнасць.— Я бачу, што яна ад вас без памяці.
— Наадварот...
— Вы ад яе? — яна звонка зарагатала.
— Я хацеў сказаць, што я для яе — пустое месца.
Са спальні выглянула апранутая ў чырвоны халат Жана, усміхнулася і кіўнула яму галавой.
— Бачыце, толькі прыйшла. Вось якія цяпер дзеткі.
— Перастань,— буркнула дачка і зачыніла дзверы.
Драгун сеў за стол, хоць яго ніхто не запрашаў.
— А я закахаўся,— сказаў сумна.— Што рабіць?
— Няўжо? — Яніна Акімаўна ўспляснула рукамі.— Вы? У гэтую...— І яна дадала абразлівае для жанчыны слова.— Ды яна кожны вечар прыводзіць з парку свежага кавалера... Што вы ў ёй знайшлі?
— А вам не ўсё роўна?
— Пэўна ж не ўсё роўна! Хто з ёю толькі ні круціў! Во, водаправодчык мяняў там нейкія батарэі, ці што, дык хваліўся, што даплачвала натурай... А я тыдзень назад заходзіла, дык яна прымала аднаго. Што вы! Гэта такое балота, што страшна! А вы адразу абедзвюма рукамі... І такі салідны мужчына...
Драгун устаў.
— Хай будзе так...— сказаў ён няпэўна.— Мне не шанцуе... Я пайшоў. Не сярдуйце на мяне.
Ён ішоў дадому і пляваўся.
«Разнюніўся, адразу гатоў на калені стаць... Святую знайшоў... Так яна цябе і чакала... Сорамна, сорамна...» А потым падумаў: «Урэшце, хто іх тут разбярэ? Няўжо зайздрасць? Што за народ гэтыя бабы? Адна адну гатовы з’есці жыўцом».
50
Раптоўна Драгунам пазванілі з сада, каб забіралі Вальку. Яны спалохаліся: што там такое? Дагэтуль дзеці яшчэ былі на дачы. Вера без памяці пабегла ў сад. Аказваецца, было чаго палохацца.
Сад ужо збіраўся днямі пераязджаць у горад, як здарылася няшчасце: у стары закінуты калодзеж упала чацвёра дзяцей, і ўсе ўтанулі. Некаму стукнула ў галаву знясці зруб, амаль роўна з зямлёю, яго абвязвалі палаткай, каб часам не ўступіла дзіця. І вось некалькі дзяцей аблюбавала сабе месца на гэтай палатцы: сядзелі, як птушаняты ў гняздзе над бяздоннем, грэліся на сонцы. І калі ў гэтае гняздо села чацвёртае дзіця, палатка развязалася, і дзеці паляцелі ў ваду. Быў сярод тых дзяцей і хлопчык выхавацелькі, якая даглядала ўсю групу малых. Дазнаўшыся пра няшчасце, жанчына пайшла ў лес і павесілася...
Вера некалькі дзён хадзіла як аглушаная. Яна і дагэтуль была нейкая як бы сама не свая. У той час як Драгун адпачываў душою, заўзята працаваў, сяды-тады хадзіў па рэдакцыях — даведацца, у які нумар даюць яго апавяданне ці распытаць пра работу — і не вельмі думаў пра ўсякія там дробязі, якіх заўсёды многа і ад якіх ніколі не ўцячэш,— Вера з кожным днём усё хмурнела.
Неяк Драгун пасля бібліятэкі зайшоў яшчэ ў кіно ў Доме афіцэраў і вярнуўся дадому позна.
Вера, аднак, яшчэ не спала. Яна ляжала з кнігай у руках. Як толькі Драгун зайшоў у спальню, яна паклала кнігу на тумбачку, павярнулася да сцяны.
Драгун патушыў лямпу і лёг. Вера пасунулася да самай сцяны. Драгун абняў жонку, прытуліў яе да сябе.
— Адстань,— сыкнула Вера і страпянулася, скідаючы яго руку.— Я хачу спаць.
— Чаму ж ты дагэтуль не спала?
— Хацела ведаць, калі ты прыйдзеш.
— Ах, як гэта важна! Я заходзіў у кіно...
Вера заплакала.
— Чаго ты? Не верыш, ці што?
— Ты яшчэ пытаешся? Як табе не сорамна?
— Чаго мне павінна быць сорамна?
— Гэта праўда!.. Ты даўно страціў сумленне, адкуль табе можа быць сорамна?
— Што ты вярзеш?
— Думаеш, я сляпая, нічога не бачу, нічога не ведаю?
— А што ты ведаеш?
— Не прыкідвайся ягняткам... Болей я маўчаць не буду, цярпенне маё скончылася.
— Цікава, цікава! — Драгун аж прыўстаў на локаць, глядзеў на Верын твар, які цьмяна вырысоўваўся на падушцы.
— Дзе ты быў, скажы шчыра?
— У кіно, кажу шчыра.
— А не ў любоўніцы? Колькі іх у цябе, прызнавайся!
— Што? — Драгун не верыў сваім вушам.
— Хто такая Марына?
— Марына? — глуха спытаўся Драгун. Раптоўная хваля сораму заліла яго твар, і ён адчуў, што шчокі гараць агнём.— Ты знайшла пісьмо?
— Пісьмо у тваім пінжаку...
— Лазіш па кішэнях? — Драгун хапаўся за саломінку.
— Некультурна, праўда? А заводзіць любоўніц культурна?
— Яна ніякая не любоўніца... Проста знаёмая.
— А што значаць гэтыя словы: «Хіба ты ўжо забыў усё?» Прызнавайся, даўно ты туды ходзіш?
— Я туды не хаджу...
— Дапусцім. А колькі хадзіў?
— Быў тры разы.
— Я не веру табе!
— Нават два.. Нават адзін...