Выбрать главу

Драгун яе не супакойваў. Але плакала яна нядоўга, а слёзы яе былі скупыя, як у мужчыны.

— Цяпер ты звальваеш на мяне... Шукаеш, за што можна ўчапіцца... А ты ўжо забыўся, як я табе казала не раз: пабудзь дома, не хадзі ты кожны дзень у сваю бібліятэку ці куды, пагуляй з дзецьмі, выйдзі з жонкаю на вуліцу, ці ў кіно, ці куды ў госці... Ці слухаў ты мяне? Хадзіў, не глядзеў ні дня ні ночы — і дахадзіўся! Не вярні на мяне! Ты разбурыў сям’ю, ты давёў мяне да таго, што мяне ўжо людзі не пазнаюць... Пытаюць, што са мною робіцца... А другія супакойваюць: нічога, не ў адных вас так бывае, цяпер гэта не рэдкасць. Пацярпі, хай пакруціцца трохі, мо стане разумнейшы... А ён круціўся датуль, покуль не скруціўся... Зусім разбэсціўся, плюнуў на ўсё: на чалавечы гонар, на сям’ю...

Яна так растраўляла сябе, развярэджвала душу, што не магла стрымацца ні на хвіліну: словы, як вогненная лава, вывяргаліся з яе вуснаў, гарачым каменем падалі на набалелае Драгунова сэрца, то апякаючы, то, як халодны град, халадзілі і кідалі ў дрыготку, то прымушалі скрыгітаць зубамі і сціскаць кулакі.

Нарэшце Драгун не вытрымаў: у яго ўжо трашчала галава.

— Калі ты скончыш сваю малітву? Дакуль можна гаварыць? І што гэта дасць?

— Не хочаш гаварыць ты, буду я... Ды, урэшце, ты павінен выслухаць усё тое, што я табе павінна была сказаць даўно. Табе ж не было калі нават пагаварыць з жонкаю... Ты ўсё спяшаўся да сваіх б...

— Замаўчы, а то я заткну табе рот,— прыгразіў ён груба.

— Не замаўчу! Слухай! Хай усе людзі пачуюць, які ў мяне харошы муж! Як ён апаганіў сябе, абгадзіў сваю жонку, яе душу, яе чэсць, як наздзекаваўся з яе, выставіў на пасмешышча перад усім народам! Клянуся — ніколі табе гэтага не дарую!..

— Ідзі адгэтуль! — ён штурхнуў яе з канапы.

— Куды ты мяне гоніш? — яна села на край.— Гэта я цябе зараз вытуру з хаты, каб твайго і духу тут не было.

— Не выводзь мяне з цярпення! — закрычаў Драгун.— Дай мне заснуць.

— Ах, табе хочацца спаць? Прабач, дарагі, я і забыла, што ты любіш спакой, цішыню... Даруй мне, грубай, нявыхаванай, цёмнай!.. Ах ты! Спі! Хай ты не прачніся!

Яна плюнула і пайшла на кухню курыць. І ўсё нешта доўга гаварыла сама сабе, нешта бурчала пад нос, потым падалася ў спальню.

А Драгун таксама доўга варочаўся на канапе і не мог заснуць.

51

Без ніякай ахвоты і надзеі ішоў Драгун у літаратурны музей. Яму сказалі, што там патрэбен навуковы супрацоўнік.

Музей хоць і быў у цэнтры горада, але размяшчаўся неяк трошкі ў зацішку, у вялікім скверы, схаваны сярод дрэў, пры самай рэчцы. Новы двухпавярховы будынак, чысціня, цішыня. Гэта не тое, што ў якой-небудзь газеце ці ў выдавецтве.

Драгун зайшоў адразу да дырэктара, бо дырэктар быў яму знаёмы: колішні галоўны рэдактар з выдавецтва. Якраз тады, калі Драгун прыйшоў у выдавецтва, галоўны рэдактар Шахоўскі пайшоў на павышэнне ў міністэрства. І вось ён зрабіў ганаровы круг і апынуўся ў музеі...

— Добры дзень, Іван Сцяпанавіч!

— Добры дзень, Драгун. Сядай, пагаворым.

Драгун сеў у мяккае крэсла з боку ад масіўнага дырэктарскага стала.

— То што ты нам хочаш сказаць? — вялікі вастраносы твар яго з голенай галавою, здаецца, свяціўся, як вялізны круглы ліхтар, і ад гэтага святла святлела ўсё, што было блізка вакол яго. Нешта падобнае ўжо недзе чуў ці бачыў Драгун, але не паспеў прыгадаць.

— Відаць, вы здагадваецеся... Якраз гадоў сем назад я прыходзіў да вас у выдавецтва... З тым жа, што і цяпер.

— Работа?..— ён скупа, аднымі вуснамі ўсміхнуўся, паказаўшы белыя здаровыя зубы.— Памятаю, а як жа! І ўвесь гэты час там і працаваў?

— Там... І вось скарацілі...

— Гм... Тут яшчэ не ўсё выспела. Нам збіраюцца якраз даць новую адзінку — загадчыка экспазіцыі. Аклад сто трыццаць... Колькі ты меў у выдавецтве?

— Сто дзесяць.

— Вось бачыш... Ну, я цябе трохі ведаю. Думаю, што з гэтай работай справішся. Мо спачатку і будзе нязвыкла, а потым захочаш цягнуць — то пацягнеш... Ну, сам разумееш, нам неабыякава, што ты пісьменнік, мо што калі напішаш і пра нашага шаноўнага Янку. Гэтай тэмы хопіць многім на многія гады. Дарэчы, я сам, грэшны, напісаў манаграфію, збіраюся здаваць у выдавецтва.— Ён паляпаў рукою па тоўстай чырвонай папцы, якая ляжала ў яго на стале, злева ад пісьмовага прыбора.— Некалі, пры выпадку, як рэдактар кінеш вокам. Але гэта між іншым... Галоўнае, будзеш мець ціхую работу, сёе-тое зробіш і для сябе, бо ў выдавецтве не вельмі разгонішся. Калі што і дасі, то за кошт адпачынку, за кошт здароўя.