Выбрать главу

А ты рабіў усё наадварот. Усё, што я з такім цярпеннем збірала, складала, мацавала з году ў год, ты разбіваў адным махам. А цяпер ты разнёс ушчэнт увесь наш сямейны лад, не пакінуўшы нават і падвалін. Аднавіць, адбудаваць усё зноў у нас ужо не будзе ні сіл, ні жадання... Ты будзеш жыць сабе, мы сабе.. Толькі я не ведаю, як ты так доўга працягнеш. Ганарар за кніжку ўжо разышоўся. Яшчэ пару месяцаў — і ўсё. Што тады? Ты цешыш сябе, што знойдзеш работу. Дзе цябе абяцалі ўзяць і не ўзялі? Падлічы! Газета, кінастудыя, краязнаўчы музей, Дом народнай творчасці ў оперным тэатры, рэпертуарны аддзел, радыё, нарэшце, літаратурны музей. Не стаў ты ні музейнай рэдкасцю, ні салістам балета, як ты жартаваў, ні радыстам, ні журналістам-нарысістам. Твая слава ходзіць следам за табою... Цябе баяцца браць, бо ты ўпарты, непадатлівы, не любіш прызнаць, што памыліўся, стаіш на сваім, як асёл. І часам выказваеш такія думкі, ад якіх робіцца страшна. Можна падумаць, што мы раслі не пад адным небам... Ты нямала насаліў Важніку, але ён табе верне ў дзесяць столак. Ты думаў, што ён дасць табе літапрацоўку Шахрая? Няма дурных! Ён дасць каму хочаш, толькі не табе... Ты ў яго нічога не заслужыў, нават кватэры! Так што ўлічы ўсё гэта і змяні свой характар, калі можаш, свае погляды на сякія-такія рэчы, тады будзеш жыць... А так — прападзеш!

53

Калі камень коціцца з гары, не старайся затрымаць яго на паўдарозе, дай дакаціцца яму да самага нізу.

Калі муж і жонка пасварыліся і не дойдуць да ладу, грызуцца, як звяры, дай ім зрабіць усё, што яны самі хочуць, не міры, бо яшчэ невядома, што ты робіш — тушыш пажар ці заганяеш яго ўглыб. Толькі самі яны могуць разабрацца ў сваёй гісторыі і зрабіць так, як падказвае ім іх разуменне і вопыт, мо нават выберуць трагічную развязку. Але гэта лепей, чым навязаць ім нешта чужое. Бо пройдзе час, і яны зноў захочуць перагледзець навязаны ім мір, чужое рашэнне іх лёсу, і пачнецца ўсё зноў нанава, покуль яны не дойдуць да свайго. Бо чужы вопыт — не вопыт.

Праўду гэтых слоў Драгун адчуў недзе праз месяц пасля іх першай сваркі. Здавалася, што пасля першых бурных сутычак, калі ўсё выходзіла наверх, калі яны гаварылі адно аднаму ўсе непрыемныя рэчы, усё тое, што збіралася гадамі і, здавалася, не будзе ніколі патрэбна,— цяпер гэта стала такою важкаю і пераканальнаю зброяй, што можа зваліць з ног насарога, а не толькі чалавека. Драгун не пазнаваў сябе: ён вырастаў са слоў Веры страшэннай пачварай, без сораму і сумлення, якая ніколі не была і не будзе чалавекам. Яго здзіўляла, як шмат яна сабрала і як доўга маўчала, насіла ўсё гэта ў памяці і ў сэрцы і, няйначай, выбірала момант. Цяпер ён зразумеў, што ёй было нялёгка, што тая халоднасць, якая ўзнікала між імі ні з таго ні з сяго, нараджалася менавіта гэтым.