Усе яе довады і закіды ён лёгка адмятаў, але яна не верыла цяпер ні аднаму яго слову. І горай за ўсё, што сваіх слоў ён не мог пацвердзіць. А яшчэ горай — ён раптам спалохаўся таго, што яго чакала. Як і большасць людзей, ён быў кансерватар, вельмі цяжкі быў на пад’ём, марудна прывыкаў да нечага новага, але, прывыкшы, гэтак жа цяжка не мог ад яго адрачыся, не мог адкаснуцца і выцерці рукі. А цяпер душа яго, уся натура яго пратэставала супроць гэтай штучнай непрыемнай катавасіі, у якой ён апынуўся, хоць розумам ён прызнаваў, што гэтага ніяк не абысці, што гэта непазбежна і нават патрэбна. Першы раз ён пагаджаўся з Верыным тэзісам, які яна любіла паўтараць жартам і сур’ёзна: усё, што ні робіцца — к лепшаму. Толькі да гэтага «лепшага» дарога вяла цераз такое балота, цераз такія горы, цераз такое гора! Мо першы раз ён амаль што фізічна адчуў, як яму шкода дзяцей, асабліва меншай. Са старэйшай апошні час ён не ладзіў, яна была падобная да яго характарам, і чуць што — сварыліся, хоць, праўда, потым маглі памірыцца тут жа, варта было катораму з іх усміхнуцца ці сказаць які жарт. А малодшая сумавала без яго. Вера кажа, што першае слова, якое яна сказала, было «тата». Потым яна не злазіла ў яго з рук, ён яе выкарміў, лічы, малаком, якое браў у донараў-жанчын, бо ў Веры не было, ссаджваў потым па начах на гаршчок. Першыя словы, калі яна прачыналася, былі: «Дзе тата?» А калі яна раздурэецца і закапрызіць, то каб супакоіць яе, Драгуну варта было сказаць: «Перастань, а то я пайду ў бібліятэку», як яна адразу сціхала і казала: «Я болей не буду, толькі не ідзі». Цяпер без яе Драгун не мог ступіць і кроку: у магазін, да суседзяў ці куды — толькі з ёю. Расказвала Вера, што, калі ён служыў на Далёкім Усходзе, дзіця першы месяц кожны вечар перад сном плакала і ўсё пытала, дзе тата. А колькі ён панасіў яе на руках, калі дзіця хварэла на запаленне лёгкіх — раз і другі! І вось гэтае дзіця, якое так нялёгка табе прыйшлося, у якое так многа ўкладзена сіл і бяссонных начэй, і нерваў, гэтае яшчэ слабае і жаўтаротае птушаня давядзецца кінуць...
Праўда, нешта з год назад, калі ў яго ўжо зусім выспела думка пакінуць сям’ю, ён пачаў без прычыны і па прычыне крычаць на дзяцей, прыставаў да іх з-за глупства і часам біў, хоць яму самому балела болей, чым таму дзіцяці. Ён хацеў, каб дзеці яго ўзненавідзелі, каб не шкадавалі яго і не плакалі, бо тады, у адказную хвіліну, ён не знойдзе ў сабе сіл уцячы ад іх, бязжаласна адарваць іх цёплыя ручкі ад свае шыі. Аднак, здаецца, гэта нічога не давала: дзеці толькі пацішэлі, менш турбавалі яго сваімі дзіцячымі клопатамі, але па-ранейшаму гарнуліся да яго.
Ды што казаць! Хто гэта з бацькоў лічыцца з тым, што хочацца дзецям? У іх не пытаюць, іх ставяць перад фактам — няўмольным і жорсткім, як лёс.
Так было і ў гісторыі з Драгунамі. Усё, што мела пачатак, мае канец...
На Веру адчай і злосць находзілі хвалямі. Яна ніяк не магла змірыцца з тым, што яе муж так бязлітасна насмяяўся з яе, так жорстка і дашчэнту разбурыў усе яе планы і мары.
Была майская сонечная раніца ў нядзелю. Сонца яшчэ кідала свае чыстыя промні ў кватэру Драгуноў, але не пройдзе і гадзіны, як яно развітаецца з імі, будзе свяціць тым, у каго вокны пазіраюць на ўсход і на поўдзень. Але хоць сонца яшчэ свяціла, у Драгуноў панаваў холад. Яны моўчкі паснедалі, дзеці адразу пабеглі на двор, а Вера пачала збіраць са стала. Драгун галіўся. Разоў колькі яны сутыкнуліся ў ваннай, на кухні, але нават не глянулі адно аднаму ў вочы. Кожны нешта думаў, нешта таіў, але маўчаў. Нават Вера маўчала, а яна цяпер гаварыла столькі, што ў яго пачынала балець галава. Былі такія ночы, што яны не зводзілі вокам. Драгун, сцяўшы зубы, маўчаў. Ён яшчэ мог цярпець, калі яна гаварыла больш-менш тое, што было блізка да праўды. Калі ж яна пачынала плясці ўсякае глупства, якое і можа толькі прыйсці ў галаву ашуканай жонцы, Драгун кіпяціўся, і, здаецца, каб не тое галоўнае, для чаго ён цяпер жыў, ён даў бы волю свайму дзікаму шаленству, і ўсё скончылася б чорт ведае чым.
Цяпер ён збіраўся ў бібліятэку, а мо нават і не, гледзячы, як стукне яму ў галаву ў апошнюю хвіліну. Але перад адыходам сказаў — нібы сам сабе, але даволі гучна, каб пачула Вера: