Выбрать главу

— Я іду ў бібліятэку...

Вера як быццам не чула яго слоў, хоць Драгун ведаў: яна чула, і гэтыя словы, больш чым што, выклікаюць у яе злосць, яна не можа іх спакойна пераносіць. Ён адчуваў, што ў яе душы бушуе бура. І ён знарок выклікаў яе: хай будзе тое, што павінна быць. Ён чакаў яе адказу.

— Ты яшчэ не нахадзіўся? Табе яшчэ мала?

— Мне трэба скончыць адну рэч...

— Канчай дома.

— Я прывык да бібліятэкі...

— Адвыкай! Калі хочаш мець сям’ю — адвыкай!

— На гэта патрэбен час...

Яна выйшла з кухні ў пакой, выціраючы закасаныя да локцяў рукі.

— Не, ты нікуды не будзеш цяпер хадзіць! — сказала яна цвёрда і зірнула яму ў вочы.

— Ты страшыш мяне? — спакойна, нават надзіва спакойна спытаўся Драгун.

— А калі хочаш быць вольным, то ідзі — на ўсе чатыры вятры.

— Я быў вольны і буду...

— Не, не будзеш! Я праклінаю сябе, што дала табе волю.

— Ведай, што мяне не прывяжаш!

— Прывяжу! — яна падышла да яго ўпрытык.— Ты будзеш як на прывязі!

— Ніколі не буду!

Яна адвяла руку і стукнула яму па твары.

У Драгуна закіпела ў грудзях. Ён хацеў схапіць яе за руку, але яна выкруцілася і ўдарыла яго яшчэ раз. Тады ён штурхануў яе ад сябе, і так моцна, з такою злосцю, што яна не ўтрымалася на нагах і грымнулася на падлогу. Па твары яе прабегла грымаса болю. Яна ўставала, скрыўленая, а ён глядзеў і не зрабіў і кроку, каб памагчы ёй падняцца. Але як толькі яна ўстала, выраз болю раптоўна змяніўся на гнеў, яна, як дзікая кошка, кінулася да яго з пазногцямі. Але цяпер ён ужо быў гатовы да любое нечаканасці — і лёгка адкінуў яе ад сябе. Яна зноў упала, але якраз на канапу. Закрыла твар рукамі і заплакала ад бяссільнай злосці.

І раптам усхапілася з канапы: твар яе быў страшны, вочы расшырыліся і блішчалі бялкамі.

— Вон адгэтуль, каб і духу твайго тут не было!

Драгун стаяў як укопаны.

Тады яна сарвалася з месца і кінулася ў спальню. Бразнулі дзверцы ў шафе.

— Вымятайся адгэтуль, падлюга, каб не смярдзеў!

Яна выкінула яму пад ногі ахапак яго вопраткі: паліто, кашулі, касцюм, бялізну. Потым шпурнула з прамуды вялікі чорны чамадан. Драгун пастаяў яшчэ трохі, раздумваючы, а потым адчыніў чамадан і стаў складваць тое, што яму здалося болей патрэбным: новы касцюм, лішнія штаны, бялізну, некалькі кашуляў і асенняе паліто. А Вера хадзіла па пакоі і шпурляла на падлогу ўсё, што хоць трохі мела да яго дачыненне. Апошнімі былі яго кніжкі. Ён узяў з падлогі штук пяць, паклаў у чамадан і зачыніў. Астатняе ўсё — рукапісы, вопратку — ссунуў нагою да кніжнай паліцы. Потым дастаў з задняй кішэні штаноў грошы, падзяліў на дзве роўныя часткі і адну кінуў на стол.

— Бывай! — сказаў глуха і ўзяў чамадан.

Вера нічога не адказала.

Ён ступіў за парог, нібы ў нейкі новы, нязведаны, невядомы, поўны нечаканасці свет — халодны, няўтульны, чужы. Тыя ж дрэвы, людзі былі на дварэ, а для яго яны сталі раптам чужыя, незнаёмыя і непрыветлівыя. І мо каб спаткаў ён сваіх дзяцей на дварэ, то сэрца яго не здрыганулася б, а засталося б спакойнае, халоднае і роўнае. Быў дагэтуль адзін Драгун, цяпер ён памёр назаўсёды. Гэты, што ідзе цяпер з чамаданам у руцэ, ужо зусім другі чалавек...

Трамвай прывёз яго на вакзал. Там ён здаў чамадан у багажню і, не ведаючы, куды цяпер падзецца, стаў снаваць сярод натоўпу пасажыраў, які віраваў, як вада ў паводку, і яму захацелася ўцячы недзе ад людзей, пабыць аднаму, падумаць над усім яшчэ раз, ацаніць і ўзважыць усё нанава.

Ён сеў на жодзінскі аўтобус, але злез каля Калодзішчаў і пайшоў налева, у лес, у той самы лес, куды яны не раз усёй сям’ёю прыязджалі адпачываць вясною ці летам, а восенню часам збіралі грыбы.

Лес атуліў яго зразу, сваім вечным шумам і птушыным звонам асвяжыў яго гарачую галаву, разагнаў цяжкія думкі. Драгун зайшоў у бярозавы гушчар і ўпаў на мох. Ляжаў доўга, не варушыўся, нічога не чуючы і не бачачы. І дзіўна — першы раз за ўсё сваё жыццё пачуў, што ў яго ёсць сэрца. Раней ён яго ніколі не адчуваў — яно білася так роўна і спакойна, без перабояў і парушэння рытму, што здавалася — яго і зусім няма. А цяпер яно адазвалася... Толькі не само сэрца, а нейкі тугі, як жалезны, абруч вакол яго, які то сціскаўся, то паслабляўся. Жалезны тугі абруч ціснуў на яго сэрца, не даваў моцна дыхнуць. А што, калі вось тут, у лесе, яго схопіць інфаркт? Але наўрад... У яго сэрца такое, як у яго бацькі, яно з вялікім запасам трываласці, вынесе ўсё. Мо яшчэ тужэй давядзецца, чым сёння... Сёння... Сёння высокі перавал удалося адолець яму. І Вера рабіла ўсё так, нібы яна ведала, што так трэба... Аднак абруч вакол сэрца сціскаецца яшчэ мацней... Мо ад таго, што Драгун ляжыць? Ён устаў, пахадзіў, памахаў рукамі — зрабіў размінку. Стала як бы лягчэй, але абруч не прапаў.