Выбрать главу

І чаго яна плача?

А мо яна так кахае яго, мо рада, мо проста шчаслівая? Мо яна чакала гэтай хвілі як найбольшай узнагароды за свае пакуты, няўдачы, за доўгае спадзяванне, за свой не надта ўдалы і незайздросны лёс? А мо гэта таму, што ён узяў яе цела, а не душу? Глупства! Душа, цела, дух... Містыфікацыя... Проста яна помсціць яму за той вечар, калі яны сядзелі ў бухгалтэрыі на цыратовай канапе, яна абдымала яго за шыю і ніяк не хацела адпускаць. А ён усё-такі ўцёк, разарваў яе абдымкі — і, напэўна, пакрыўдзіў дзяўчыну. Ён проста не ведаў тады, чаго ёй трэба ад яго... А яму ад яе нічога не было патрэбна... Ён лічыў, што, пайшоўшы, зрабіў сумленна, бо не кахаў яе... Але чаму ж сёння ён рашыўся? Мо вінавата гарэлка? Не... Проста ён ужо ведаў сёе-тое пра яе і хацеў пераканацца, ці гэта праўда. Хутчэй за ўсё, што так... Ды ён урэшце мужчына... Чаму ён павінен уцякаць ад таго, што ідзе ў рукі само? Ці тое, што само прыйшло, не цэніцца? Маральны фактар, а як жа!

Не, усё гэта не тое! Ён проста ненавідзеў сябе, што зрабіў несумленна, лёгшы з ёю ў пасцель і не сказаўшы «кахаю». Няўжо яна чакае ад яго гэтага слова і таму плача?

— Косця...

Да яго даляцеў гэты голас як з-пад зямлі — ён уздрыгнуў.

— Даруй, у мяне нервы... Як я рада, што тут, побач, ты...

7

Новага галоўнага рэдактара Драгун ужо трохі ведаў: яны амаль што ў адзін час прыйшлі ў выдавецтва. Шахоўскага, які быў галоўным дагэтуль, забралі ў Міністэрства культуры. А гэты новы... Знешне нішто сабе: сярэдняга росту, зусім лысы, хоць не стары, даволі сімпатычны з твару, толькі па яго ўважлівых позірках на начальства адчувалася, што ў яго надта гнуткі хрыбетнік. І прозвішча ж вельмі выразнае — Быліна. Толькі не казка-быліна, а быліна-былінка.

Яно, як ні дзіўна, адпавядала яму так, як дырэктару — Важнік.

У дырэктарскім кабінеце якраз былі ён, сам дырэктар, загадчык рэдакцыі. На стале перад дырэктарам ляжала добра знаёмая Драгуну папка: пяць аркушаў паэта Маркава, падрыхтаванага і адабранага з таго цэлага абярэмка, які далі Драгуну некалькі тыдняў назад.

Было такое адчуванне, што Драгуна выклікалі на суд: усе, хто тут быў, шматзначна маўчалі, гледзячы ў падлогу ці ў акно. Адным словам, адгароджваліся ад яго сцяной непрыступнасці і афіцыйнасці, нібы ён прыйшоў да іх з іншага свету.

Драгун таксама сцяўся, набычыўся, гатовы да ўсяго.

Дырэктар усеўся зручней на сваім «троне», галоўны сядзеў ля акна за доўгім сталом для нарадаў, загадчык размясціўся насупраць галоўнага, на мяккай бардовай канапе. Драгуну дырэктар паказаў месца ля свайго стала.

— Дык вось,— пачаў дырэктар, круцячы ў руках зялёны пластмасавы футарал ад акуляраў,— мы хочам абмяняцца думкамі наконт гэтага рукапісу.— І ён паклаў сваю вузкую далонь на папку.— Першаму даю слова галоўнаму рэдактару Паўлу Пятровічу.

Галоўны выпрастаў плечы, разгарнуў свае запісы, зазірнуў у іх і пачаў:

— Рэдактар Драгун падрыхтаваў ужо некалькі кніжак і, трэба сказаць, паказаў сябе неблагім работнікам: ведае мову, уважліва ставіцца да справы, можа, як кажуць, навесці стыль.

«Пагладжвае, каб пасля мацней стукнуць»,— падумаў Драгун.

Галоўны яшчэ раз паварушыў свае паперы, глянуў на дырэктара, які трохі паморшчыўся, калі ён пачаў хваліць Драгуна, і перайшоў на рэзкі тон.

— Аднак у дачыненні да рукапісу Маркава ён падышоў зусім безадказна. Яму, відаць, здалося ўсё проста: што тут мудрыць, класіка, узяў усё ў адну кучу і выдаў. Тым болей чалавек пацярпеў, трэба хоць пасля смерці зрабіць яму паблажку. А што на справе? Я вось прачытаў тое, што вы, таварыш Драгун, падпісалі ў набор...

— Дазвольце сказаць, што, калі быць дакладным, то я яшчэ не падпісаў у набор, а толькі падрыхтаваў,— уставіў Драгун рэпліку, аб якую галоўны нібы спатыкнуўся, але не змяніў выразу твару.

Дырэктар глянуў на тытульны ліст: сапраўды, штампа «У набор» яшчэ не было.

— Гэта не так важна. Не будзем фармалістамі.

— Я таксама згодзен з вамі.— Быліна ўсміхнуўся, але тут жа сагнаў з вуснаў сваю саладжавую ўсмешку і стаў зноў суровы, як пракурор.— Паўтараю: Драгун падышоў да справы безадказна, легкадумна. Каб не быць галаслоўным, скажу, што адзін верш... як яго... «Гэтым ранкам» — паўтараецца тры разы.

— Не можа быць! — усклікнуў Драгун і пачырванеў.— Там проста варыяцыі адной тэмы!

— Па-вашаму, гэта варыяцыі, а па-мойму, гэта самая звычайная безадказнасць... Ды каб толькі гэта... Паэма «Муляр», па-вашаму, такая дасканалая, што яе можна выдаваць? Не забывайце, хто такі Маркаў. Гэта быў яшчэ зусім малады паэт, без свайго, можна сказаць, голасу...