Чаму ж пацягнула яго ў лес, а не куды-небудзь туды, да знаёмых, да сяброў? Мусіць, таму, што тут не паможа ніхто, калі не паможаш сабе сам. Наадварот, людзі могуць толькі сапсаваць. Трэба самому, аднаму.
54
Гэта тое, што Драгун насіў у сабе некалькі год, тое, што ніколі не сказаў бы нават у лапах ката, тое, чаго не ведаў ніхто, апроч яго самога.
І пачалося ўсё, здаецца, з дробязі.
Неяк хутка пасля таго, як Драгун перайшоў у выдавецтва да Важніка, рэдактар Пракурат ездзіў дадому. Прыехаўшы, дзяліўся вясковымі навінамі, даў кожнаму па яблыку з бацькоўскага саду, а калі хлопцы выйшлі на перакур у адзінаццаць гадзін, тады, як добрыя людзі робяць фізкультуру, ён, нібы між іншым, сказаў пра гутарку з маткаю. Яна, як і кожная маці, распытвала ў яго пра работу, пра людзей. І калі ён расказаў пра Рымара — хто гэта такі і што ён зрабіў, колькі людзей заплакала ад яго крывавымі слязьмі, а колькі разлічылася з жыццём, жанчына ўспляснула рукамі і сказала з сэрцам: «І няўжо не знойдзецца смелага чалавека, каб яго забіў, як шалёнага сабаку?» Пракурат уздыхнуў і гаварыў далей: «Вясковыя бабы разумеюць, што трэба рабіць з такімі нелюдзямі, як Рымар, а мы, няшчасныя гарадскія інтэлігенты, падаём яму руку. Як нізка ўпала ў наш час паняцце чэсці! Раней забойца, калі ў яго была кропля сумлення, або сыходзіў куды, або вешаўся: яму не было ратунку ад людскіх вачэй, ад людской пагарды. А цяпер мы робім выгляд, што нічога не здарылася. Праўда, Рымар сваімі далікатнымі рукамі нікога не душыў, нікога не катаваў, але якая розніца? Ён пісаў даносы, па якіх бралі людзей і ставілі да сценкі. Данос — самая чорная форма чалавечага злачынства. Нездарма раней пры цару Гароху першы бізун быў даносчыку. Нават гаспадар ненавідзеў даносчыкаў, глядзеў на іх як на людзей ніжэйшай катэгорыі. А потым стала: даносчык — правая рука гаспадара. Нават болей: гаспадары мяняюцца, а даносчыкі застаюцца. Даносчык служыць усім, гэта стала яго прафесіяй: ён служыць усім, усе яму плацяць. Бо даносчык — патрэбная фігура. Ён нават данясе на таго, на каго пакажа гаспадар. Вось у чым яго вартасць. Вось чаму ён не падае ў цане... І ўся трагедыя таго, трыццаць сёмага года, была ў тым, што ворагі-то былі ўяўныя, што ахвяры былі дарэмныя, а даносчыкі проста лгалі, узводзілі на людзей паклёп, не маючы для гэтага ніякіх ні доказаў, ні фактаў. І калі даносчыкі ў той час мо і не ведалі, што яны рабілі, то, па крайняй меры, цяпер яны ведаюць: яны рабілі самую чорную і подлую справу».
Увесь гэты маналог Пракурата быў вялікай нечаканасцю для Драгуна, бо яны ў той час яшчэ не паспелі як след пазнаёміцца, і Пракуратаву шчырасць Драгун зразумеў як смеласць. Душою ён адчуваў вялікую праўду сказанага. Але ва ўсім гэтым яго, Драгуна, уразіла адно, і мо якраз тое, што Пракурат сказаў як бы між іншым: гэта словы яго маці. «І няўжо не знойдзецца смелага чалавека, каб яго забіў, як шалёнага сабаку?..» Драгуна нібы ўдарыла громам: вось тое, што трэба! Вось ён, яго сэнс жыцця! Рымар, чорная, злавесная фігура, Булгарын і Грэч у адной асобе. «Кароткі, тоўсты, як кабан, плюгавы, дужа некрасівы» — які, аднак, прарочы партрэт даў наш невядомы паэт гэтай злавеснай фігуры!.. Яшчэ студэнтам чуў Драгун гэта прозвішча побач з прозвішчамі да яго падобных, якія разам рабілі сабе палітычную кар’еру на крыві і слязах сваіх былых сяброў і таварышаў: пісалі і друкавалі так званыя крытычныя артыкулы, у якіх называлі ворагамі народа самых сумленных і лепшых людзей нацыі.
Слугі культу, яны павінны былі зляцець у бездань гісторыі разам з галоўнай фігурай, якая за адну ноч сышла з усіх п’едэсталаў, што па праву належалі другім. Але галоўны зляцеў, а яны засталіся. У іх, што стаялі бліжэй да зямлі, аказваецца, былі мацнейшыя карані, чым у іхняга бога. Яны ўцалелі, толькі перапалохаліся. Многім, праўда, давялося заўчасна пайсці на пенсію, іншыя паплаціліся жыццём. Але гэта было недзе там, у вышэйшых сферах, якія простым людзям недаступныя. На месцах, у правінцыі, усё было ціха і гладка. Пракурор Карпік, праз якога рукі прайшлі многія беларускія пісьменнікі, спакойна адправіўся на пенсію. А такія, як Рымар, як Фальскі-старэйшы, як Бэнда, Моталь і іншыя,— жылі сабе спакойна і ў меру сваіх сіл пісалі і друкаваліся. Рымар перайшоў у драматургію, але сцэна не прынясла яму ні вялікага поспеху, ні славы, ні грошай. Ён перакінуўся на кіно, стаў пісаць сцэнарыі, а ад крытыкі зусім адышоў. Сваю крытычную аглоблю, трохі абчасаўшы, паменшыўшы і ўкараціўшы, ён аддаў другім, болей маладзейшым, што знаёмы з сучаснай тэрміналогіяй. Кіно падабалася яму найбольш — там быў найдаўжэйшы рубель. А як Рымар любіў рублі, Драгун трохі ведаў, бо яшчэ ў школьным выдавецтве яму давялося быць рэдактарам хрэстаматыі, якую складаў Рымар, перавыдаваў яе з году ў год і браў дармовыя грошы, а праўкі ўсякі раз уносілі рэдактары, якім ён кожны раз абяцаў цукеркі, ды так ні разу не прынёс. А выкрасленыя радкі ён падлічваў, як п’яніца капейкі, і сварыўся з рэдактарам, даказваў, што так нельга абіраць аўтара. У яго хапала нахабства называць сябе аўтарам!.. Гэта быў чалавек, які рваўся да ўлады, але вайна перашкодзіла яму гэтага дабіцца, і цяпер адзінае, што яму заставалася — грошы. Ён разумеў, што праз грошы можна быць блізка да ўлады і, ва ўсякім разе, мець на яе ўплыў...