І вось у выдавецтве ў Важніка Драгун пазнаў Рымара яшчэ бліжэй. Вечны надомнік, Рымар прыходзіў толькі ў дні зарплаты або калі браў новы рукапіс. У рэдакцыі ён мала быў, а калі заходзіў у выдавецтва, то ішоў да дырэктара. На многія рэчы, як потым высвятлялася, Важнік пачынаў глядзець Рымаравымі вачыма, чуйна прыслухоўваўся да яго думкі — Важнік разумеў, што лепшага флюгера, чым Рымар, не знойдзеш, ён ведае, куды трэба павярнуць і каму пакланіцца, на каго можна крычаць смела, не баючыся адплаты.
Кожны раз, калі Драгуну даводзілася бачыць Рымара, ён адчуваў у сябе на спіне пад левай лапаткай нязвыклы халадок. Гэты чалавек выклікаў у ім агіду. Яго ажно, здаецца, калаціла, калі ён пазіраў на яго тлустую кароткую фігуру, якую як бы заціснулі знізу і зверху, ад чаго яна пачала раздавацца ўшыркі. Вялікія вырачаныя халодныя вочы, тонкія вусны з характэрнай канфігурацыяй гаварылі аб жорсткасці натуры, хоць на твары яго была заўсёды саладжавая ўсмешка, а на языку — гатовы для кожнага, у залежнасці ад рангу, камплімент. О, як мякка слаў! Але каб ён праглынуў тое сам, што думаў пра другога!
Недзе ў той час, а мо трохі пазней, Драгуна зацікавіла, а што ж засталося з крытычных пісанняў Рымара ў газетах і часопісах. Казалі, што ўсе самыя вострыя і правакацыйныя яго выступленні ў друку, тыя, што фігуравалі нароўні з абвінаваўчымі актамі, нехта павырэзваў з усіх падшывак, і не толькі ў Мінску, але нават у Маскве і ў Ленінградзе. Доўгія рукі былі ў Рымара! Засталося толькі самае ліберальнае. Драгун, забраўшыся ў бібліятэку, браў даваенны «ЛіМ», «Полымя рэвалюцыі», чытаў, гартаў, выпісваў.
У адным месцы (1934 год) Рымар пісаў:
«Паэт Андрэй Александровіч сваёй творчасцю адказвае на баявыя, актуальныя задачы сацыялістычнага будаўніцтва і класавага змагання, ён па-партыйнаму ставіць зброю сваю — мастацкую творчасць — на змаганне з класавым ворагам. Александровіч з’яўляецца адной з асноўных вядучых фігур беларускай паэзіі».
А трохі пазней пра таго ж Александровіча:
«Адным з пастаянных рупараў для адкрытых контррэвалюцыйных вылазак з’яўляецца газета «Савецкая Беларусь». ...У «Савецкай Беларусі» друкуецца другое контррэвалюцыйнае дэманстрацыйнае пісьмо Александровіча і інш., якое выклікала ўсеагульнае абурэнне і рашучы адпор з боку партыі і савецкай грамадскасці. У той жа газеце быў змешчаны рад нарысаў, у якіх закляты вораг беларускага народа асмельваўся супрацьставіць капіталістычную Германію Савецкаму Саюзу».
У аглядзе «Беларуская літаратура за 20 год» Рымар на пару з Фальскім бралі шырэй і глыбей:
«Па ініцыятыве аднаго з галоўных ідэолагаў беларускага нацыяналфашызму, шпіёна Ігнатоўскага, было створана ў 1923 годзе літаратурнае аб’яднанне «Маладняк» у мэтах папярэдняй контррэвалюцыйнай апрацоўкі моладзі. На чале гэтай арганізацыі быў пастаўлены былы супрацоўнік «Звона», польскі шпіён, які прабраўся ў камуністычную партыю і замаскаваўся, па ўказанню і пры дапамозе свайго кіраўніка Ігнатоўскага, пад пралетарскага паэта» (чытай — Міхась Чарот).
Узначальваючы «Маладняк», ён сістэматычна праводзіў пры дапамозе Дудара, Зарэцкага, Дубоўкі і іншых выхаванцаў Ігнатоўскага нацыяналістычную апрацоўку маладых літаратараў, вярбуючы сярод іх новыя кадры для контррэвалюцыйнай работы. У мэтах далейшага пашырэння сферы свае дзейнасці ў літаратуры нацыяналісты ствараюць у 1927 годзе, паводле ўказанняў таго ж Ігнатоўскага, новую літаратурную арганізацыю — «Узвышша». Ва «Узвышша» была вылучана група пісьменнікаў, якія прайшлі першапачатковую шавіністычную апрацоўку ў «Маладняку». У процілегласць «Маладняку», які праводзіў нацыяналістычную лінію больш-менш замаскавана, прыкрываючыся «камсамольскай» шыльдай, «Узвышша» ў сваіх дэкларацыях адкрыта заяўляла, што яно будзе праводзіць сваю дзейнасць пад кіраўніцтвам нацыянал-фашысцкай агентуры, якая прабралася ў рады кампартыі. На старонках часопіса «Узвышша» друкаваліся адкрыта контррэвалюцыйныя творы. Сваімі хлуслівымі лозунгамі барацьбы за «сапраўднае мастацтва», за «мастацтва, якое пабачыць вякі і народы», контррэвалюцыйныя кіраўнікі «Узвышша» Дубоўка і інш., непасрэдна звязаныя з падпольнай нацыяналістычнай арганізацыяй, ашуканчым шляхам прыцягвалі ў свае рады асобных здольных, але палітычна недастаткова ўстойлівых, падвержаных нацыяналістычным хістанням, пісьменнікаў.