Выбрать главу

— Гэта нічога не мяняе...

Драгун, адсунуўшы крэсла, рэзка ўстаў. Хваля злосці заліла яго свядомасць, ён адчуў сябе як між зямлёю і небам.

— А ты разумны, сабака? — сутаргава крывячы губы, прашыпеў Драгун.— Ты ўсіх прадаваў, абы толькі застацца самому?

Рымар таксама ўзняўся. Твар яго пабялеў, губы дрыжалі, заскакала вялікае падбароддзе.

— Ты што, звар’яцеў? Ты што? Што ты хочаш?

— Я хачу...— Драгун абмінуў стол і паволі стаў набліжацца да Рымара, трымаючы рукі напагатове. Той пачаў адступаць у кут.

— Не падыходзь! — дзіка закрычаў Рымар.

Але Драгун у два крокі апынуўся побач і схапіў яго за горла — мяккае, падатлівае, тлустае. Ён прыціснуў Рымара да сцяны і стараўся падняць яго ўверх, а той з усёй сілы ўчапіўся ў яго рукі і, канвульсіўна тузаючыся ўсім целам, цягнуўся уніз. Драгун бачыў ашчэраны ў смяротнай сутарзе Рымараў рот, увесь запоўнены мокрым языком, налітыя крывёю вырачаныя шалёныя вочы — і адчуваў ледзяны холад у сябе за спіною, але ўсё ж мёртвай хваткай сціскаў свае пальцы на Рымаравым горле і не пускаў яго падаць. Яшчэ хвіліна — і ад натугі ў яго трэсне хрыбет. Але Рымар здрыгануўся ўсім целам і адпусціў Драгуновы рукі. Галава яго схілілася набок, язык пасінеў і апаў.

Драгун адступіў крок назад, і Рымарава цела па сцяне паволі спаўзло на падлогу.

Што цяпер: адпусціць яго і замкнуць дзверы ці патрымаць яшчэ? А што, калі ён ажыве?

Драгуна скаланула ад страху. Ён разняў здранцвелыя пальцы і кінуўся да дзвярэй, рэзка павярнуў ключ, пацягнуў на сябе дзверы.

Усё! Усё! Канец!

Рымар ляжаў на падлозе ціха, нібы спаў. Толькі галава была ненатуральна заломлена.

Драгуна апанавала слабасць. Пот градам каціўся у яго па твары, усё цела было таксама мокрае. Ён сеў да стала, бо ногі ў каленях дрыжалі, наліў у фужэр шампанскага і выпіў. У бутэльцы засталося яшчэ мо з паўшклянкі, ён выпіў і тое. Потым устаў і з бутэлькай у руках падышоў да Рымара, пастаяў, таўхануў нагою пад бок. Яму здалося, што Рымар падаўся да сцяны. Тады Драгун, ашчэрыўшыся, з усёй сілы стукнуў Рымара кантам бутэлькі па скроні. Галава матлянулася ўлева і застыла. З правага вуха на тоўстую пасінелую шыю паволі спаўзаў струменьчык чорнай крыві. Але ніякіх перамен і ценяў на Рымаравым твары не было відаць.

Ён паволі адплываў у Лету.

Мінск, 1968—1969