Выбрать главу

Ён гаварыў мо з паўгадзіны, цытаваў, прыводзіў прыклады Драгуновай неахайнасці і непатрабавальнасці і ўсё вяртаўся, як да самага важнага аргумента, да верша «Гэтым ранкам» — і паўтарыў пра яго мо разоў пяць.

— А што ты скажаш, Гушчынскі? — спытаў дырэктар у загадчыка рэдакцыі, калі галоўны скончыў.

Загадчык паляпаў сабе па калене далонню правай скалечанай рукі.

— Мая віна, што я адразу аддаў рукапіс маладому рэдактару, паверыў у яго сілы. Трэба было спачатку паслаць усё ж на рэцэнзію, бо ў гэтай кучы вершаў — і сырых, і газетных, і ўсякіх — не так лёгка разабрацца. Драгуну таксама трэба было менш спадзявацца на сябе, а папрасіць, каб хто памог: я ці хто-небудзь старэйшы, вопытнейшы. А ён паспадзяваўся на сябе і падвёў рэдакцыю. Вось што я магу сказаць.

Усе чакалі дырэктаравага слова.

— Што не аддалі на рэцэнзію, гэта твой недагляд, Гушчынскі... Цяпер скажы ты, Драгун... Чым ты кіраваўся, калі складаў вось гэты том? Ці ты нічога не думаў?

Драгун смела глянуў у вочы дырэктару.

— Якраз думаў і пра гэта вам зараз скажу...

— Калі ласка, слухаем.

— Па-першае, Маркаў рэпрэсіраваны, яму павінна быць хоць невялікая скідка...

— Не мы вінаваты, што ён быў рэпрэсіраваны! — крыкнуў сярдзіта галоўны.

Драгун зрабіў паўзу, глянуў скоса на галоўнага.

— ...Хоць невялічкая скідка,— упарта паўтарыў Драгун.— Па-другое, ён пісаў у той час, калі наша паэзія толькі набірала сілу. Падыходзіць з сённяшняю меркай да вершаў Маркава я лічу занадта сурова і несправядліва. Будзе добра, калі мы з такой меркай падыдзем да сённяшніх, жывых паэтаў, аднак мы гэтага не робім. Дык навошта мы такія строгія да Маркава? Вы кажаце, Павел Пятровіч, што тут сабрана ў кучу, не адвеена... А заўважалі вы, як адвеена ў двухтомніках нашых жывых класікаў? Я ўпэўнены, што пры строгім адборы не засталося б у іх і паловы таго, што мы пускаем у свет з лёгкім сэрцам. Бяда ўся ў тым, што Маркаў не можа ўжо за сябе пастаяць... Па-трэцяе, мы павінны паказаць чытачу, якой была паэзія таго часу, каб на яе фоне лепш відны былі дасягненні сённяшняга дня...

Драгун змоўк. Дырэктар памаўчаў, паківаў галавою.

— Дык вось чым вы кіраваліся! У вас цэлая сістэма!..— Дырэктар ажывіўся, а потым стаў строгі, перайшоў на афіцыйны тон.— Павінен вам сказаць, што вашы ўсе довады і, больш таго, погляды, я лічу няспелымі, каб не назваць горш. Вы павінны кіравацца адным: каб уся літаратура, якую мы выдаём, была пранізана ідэямі партыі, каб яна служыла нашай справе. Усе астатнія меркаванні вы пакіньце пры сабе.

— Усе мае меркаванні якраз і вынікаюць з таго, пра што вы толькі што сказалі.

— Я не бачу тут нічога агульнага... Дык слухайце... Справа больш сур’ёзная, чым вам здаецца. Вы не можаце даць палітычнай ацэнкі рукапісу — вось што мяне турбуе. Палітычная памылка — самая небяспечная. Гэта не якая там літара. За такія памылкі нас па галоўцы не пагладзяць... Шкада, што вы беспартыйны і мы не можам з усёй строгасцю спытаць з вас па гэтай лініі. Аднак хоць вы і беспартыйны, ды гэта не значыць, што вы павінны кіравацца нейкімі сваімі меркаваннямі, а не палітыкай партыі. Так што майце на ўвазе... Маркава мы выдаваць будзем, але не так, як вы хацелі б.

На гэтым размова скончылася. Драгун пайшоў у рэдакцыю. «Далі зразумець, хто я і што я... А яшчэ кажуць: рэдактар — цэнтральная фігура ў выдавецтве. Не... Цэнтральная — дырэктар. А рэдактар — гэта чорны вол, які цягне туды, куды яму скажуць».

Канец рабочага дня прайшоў сумна, прапаў настрой, нічога не хацелася рабіць. Адна толькі іскра прыўзняла ўпалы Драгуноў дух.

Загадчык Гушчынскі выпісваў за месяц ганарар, і Драгун сказаў, што трэба выпісаць і за Маркава, бо нядаўна сюды прыходзіў яго бацька і ён, Драгун, як рэдактар кнігі яго сына, паабяцаў, што ў гэтым месяцы за сынаву кніжку яму выпішуць ганарар. Ці мог Драгун падумаць, што так сёння выйдзе ў яго з Маркавым?

Загадчык быў вясёлы, нават жартаваў, і Драгуна гэта здзіўляла: як-ніяк, а яму сёння таксама дасталося.

— Я думаю, браце, што пасля гэтай размовы начальства не падпіша.

— Я пайду прасіць сам, вы толькі выпішце рапарцічку.

— Мне не цяжка, але дарэмна стараешся.

— Дык я ж не для сябе,— насядаў Драгун.

Гушчынскі выпісаў, даў Драгуну і той панёс па «інстанцыях» — спачатку да галоўнага.

— Павел Пятровіч, атрымалася няёмка з бацькам Маркава,— сказаў Драгун, стоячы перад сталом галоўнага.

— А што такое? — узняў ён галаву ад рукапісу.

Драгун растлумачыў.

— Сам вінаваты, сам і выкручвайся,— груба адрэзаў галоўны.— Наперад будзь разумнейшы. Не абяцай таго, што не можаш даць.— І ён адсунуў рапарцічку.

У Драгуна кальнула пад левай лапаткай насупраць сэрца — гэта здаралася ў яго заўсёды ў хвіліны вялікага душэўнага напружання. Пацямнела ў вачах. Ён схапіў квіток і выйшаў з кабінета галоўнага. На дзвярах насупраць матавая шыльда са словам «Дырэктар» запрашала зайсці. А ісці ўжо не хацелася. «Здаецца, яны аднолькава думаюць». Драгун хвіліну пастаяў, глянуў на сакратарку.