Выбрать главу

— Дырэктар адзін?

— Здаецца, адзін...

Драгун адчыніў дзверы.

Дырэктар хадзіў па сваім прасторным кабінеце.

— Павел Іванавіч, я яшчэ да вас з гэтым Маркавым,— і Драгун працягнуў яму рапарцічку.

— Дваццаць пяць працэнтаў?

— Ага... Я паабяцаў старому, не ведаў, што так выйдзе.

— Менш абяцайце,— сказаў дырэктар і падышоў да свайго стала. Сеў у крэсла, уздзеў акуляры, узяў ручку, глянуў на пяро, падпісаў «Аплаціць» і распісаўся выкрутасіста, па-пісарску — «П. Важнік».

— Шчыра вам дзякую,— сказаў з палёгкай Драгун. У яго на вочы раптоўна набеглі слёзы, што з ім рэдка здаралася.

Затуманенымі вачыма ён яшчэ раз глянуў на подпіс і выйшаў з кабінета. Цяпер на яго пазірала другая таблічка — «Галоўны рэдактар», але ён глянуў на яе з непрыяззю.

— Ну, што? — спытаў у Драгуна Гушчынскі.

— Дырэктар падпісаў. Вось палюбуйцеся.

— Маладзец! — пахваліў яго Гушчынскі.— А галоўны?

— Катэгарычна адмовіўся.

— Гэта ў яго стылі. Але нічога, раз падпісаў дырэктар, то і галоўны нідзе не дзенецца.

Драгун ішоў з работы не такі змрочны, свет неяк пасвятлеў. На дварэ перад домам спаткаў гаспадара — той ішоў па ваду.

— Нічога, што з пустымі, зайдзі да мяне.

І яны размінуліся. Драгун адамкнуў свой пакой, распрануўся. Глянуў на градуснік, і адразу стала холадна: было ўсяго дзесяць градусаў цяпла. Холад валіў з-пад падлогі, са склепа, з неагледжаных вокан.

Праз хвіліну Драгун пачуў, як у сенцах забразгаў вёдрамі гаспадар, выйшаў.

— Адчыні, рукі заняты.

Драгун адчыніў яму дзверы, потым увайшоў услед за гаспадаром. У нос ударыла спёртае паветра памяшкання, у якім ляжаў хворы чалавек.

— Сядай,— сказаў яму гаспадар, а сам паставіў ваду двума паверхамі: вядро — драўляны кружок — вядро, распрануў паліто, скінуў растаптаныя валёнкі. І ўсё гэта рабіў з крэктам, як стары дзед.— Ведаеш, радыкуліт. Паясніцу ломіць — ні сагнуцца, ні разагнуцца...

Драгун маўчаў, чакаў, калі гаспадар пяройдзе да галоўнага.

— Як у цябе, цёпла? — гаспадар ужо тупаў ля печкі, шчапаў на распалку смаляк.

— Калі верыць градусніку, то дзесяць градусаў.

— Малавата... Адзін змерзнеш, трэба або два разы паліць, або каго браць, каб ля боку грэла.— Ён усміхнуўся, падміргнуў.

— Ды я і сам думаю,— пачаў Драгун. Усё роўна яны ведалі, што ў яго нядаўна начавала госця.

— Ты думай, ды не будзь куццёю, а то падвядзе пад дурнога хату. Ты ведаеш, з кім звязваешся?

— Трохі ведаю...

— Трохі — гэта мала. А хочаш болей — спытай у мяне. Калі яна тут жыла, я не ведаў, як яе выбавіць адгэтуль. Тут дзень і ноч стаяла чарга...

— Ого!

— Спытай у каго хочаш! Нашы суседзі ведаюць. Для яе пераспаць з мужчынам — раз плюнуць. А распісаць яна табе можа. І цаліну, і тую марфіністку, у якой на кватэры жыла. Я тады пашкадаваў дзяўчыну, думаю, сапсуецца ў тае шлюхі.

— У якой?

— Яна жыла ў адной на кватэры. Тая кожны вечар прыводзіла сабе студэнта. Бралі паўлітры, а потым клаліся ў пасцель. А за шырмай спала гэтая самая Лідка... Хата без перагародак, як у вёсцы... Ну, сам ведаеш, як гэта прыемна, калі аднаму рай, то другому пекла...

Калі гаспадар назваў вуліцу, на якой жыла Ліда, Драгун успомніў той раён: скасабочаныя хаткі, садкі, хлеўчукі, гнілыя шэрыя платы. Аднойчы яму давялося бачыць — мо якраз перад тым домам, дзе жыла Лідзіна гаспадыня — п’янага мужчыну з падрапаным да крыві тварам. Ён хістаўся, адной рукою трымаючыся за плот, а другой прымочваў бруднаю хусцінкай драпіны на шчоках, з якіх сачылася кроў. Тады Драгуну міжволі стала шкада незнаёмага мужчыну — на яго твары не засталося жывога месца. «Сцеражыся празмернай ласкі,— сказаў тады сабе Драгун,— бо яна можа перарасці пры выпадку ў такі ж празмерны гнеў».

8

Адчуванне адзіноты спачатку супакойвала, потым стала раздражняць. Адзіноту ён стаў адчуваць адразу пасля вучобы, калі застаўся ў горадзе на незнаёмай рабоце сярод незнаёмых людзей. Ён думаў, што хоць можна будзе часам адвясці душу са сваімі былымі аднакурснікамі, што засталіся ў Мінску, але тыя былі заняты сваімі клопатамі: хто здаваў кандыдацкі мінімум, хто ўжо засеў пісаць дысертацыю, хто ажаніўся і песціў дзяцей і жонку. Драгун адчуваў, што ён тут лішні, непатрэбны — і больш не стаў заходзіць да знаёмых.

Ён каяўся цяпер, што не падумаў пра адзіноту раней, калі навокал было гэтулькі дзяўчат з усіх курсаў і факультэтаў, ды... тыя, што заглядвалі на яго, здаваліся яму нецікавыя, а да тых, што яму падабаліся, ён баяўся падысці.