Выбрать главу

Апынуўшыся ў новым калектыве, ён спадзяваўся, што сяброў, але гэта аказалася не так проста, як некалі ў маленстве ці нават у маладосці. Чалавек у гадах адгароджваецца ад свету частаколам недаверу, ён не раз пераканаўся, што бескарыслівай дружбы няма. Дружба за мужчынскай чаркай таксама здавалася яму нетрывалай. Бо як канчалася чарка, то канчалася і дружба... А дружба з жаночым полам была таксама ілюзіяй, ён ведаў гэта па сабе. Не раз здаралася з ім такое: з дзяўчынай цікава пагаварыць, правясці час, хоць яна як жанчына яго не вабіць. Кахання — сапраўднага, шчырага — тут не можа быць... Аднак дзяўчына думае зусім іначай. Калі-небудзь пры выпадку, калі ты нават нічога не чакаеш і не падазраеш, адчуеш раптам на сваёй шыі яе гарачыя рукі. І што тады ёй сказаць? Другі раз не захочаш заводзіць такое дружбы... Паступова чалавек застаецца адзін, кола адзіноты сціскаецца ля яго ўсё больш і больш, і аднойчы ён адчуе яго каля самага свайго горла, пачне задыхацца.

Гэтае кола, звужанае да крайнасці, як здалося Драгуну, ён адчуў цяпер сам. Нейкі пробліск радасці прамільгнуў у яго душы, калі ён зблізіўся з Лідай Чалевіч, але гаспадар жорстка і даволі бесцырымонна разбурыў усе яго ілюзіі. Мо гэта добра, што цяпер, мо потым Драгуну ў сто разоў болей давялося б патраціць душэўных сіл, каб дайсці да ўсяго самому і рваць ці перарабляць тое, што зрабілася не сёння і не ўчора. О не, перарабляць цяжка, правіць яшчэ цяжэй, затое разбурыць — адзін мах — і ўсё ў руінах.

Так думаў Драгун, лежачы ранкам пад коўдрай. Вылазіць з пасцелі не хацелася, у пакоі стаяла халадэча, ён накрыўся па коўдры яшчэ і шынялём.

У нядзелю можна было адаспацца, зрабіць сёе-тое для сябе: занесці бялізну да цёткі Стэфкі, схадзіць у магазін ці на рынак, каб купіць што-небудзь з яды, бо апошні час ён зусім закінуў сваю сталовую гаспадарку. Бытавыя, кухонныя дробязі з’ядалі ўвесь яго добры гумар, атручвалі жыццё.

Яго леныя думкі перарваў раптоўны стук у дзверы. Драгун выскачыў з-пад коўдры, адкінуў зашчапку на дзвярах і адчыніў. У калідорчыку стаяў Місюк і ўсміхаўся, паказваючы цэлы рад сваіх сталёвых зубоў.

Яны павіталіся. Драгун запрасіў госця заходзіць, стаў апранацца, заслаў пасцель.

— Якія ў цябе сёння планы? — спытаў у яго Місюк.

— Ніякіх. А што ты спланаваў?

— Іду ў бібліятэку... А ты дровы пакалоў?

— Пытаеш! Я іх хутка спалю! Ты ведаеш, колькі сырых дроў трэба, каб напаліць у хаце? Удвая болей, чым сухіх... Але глупства дровы! Давай паснедаем, ды я таксама схаджу ў бібліятэку. Даўно не быў, хоць усё збіраюся. Тут я нічога не магу рабіць, размагнічваюся, не магу сябе прыціснуць.

Місюк снедаць не захацеў, а Драгун з’еў кавалак хлеба з кілбасою, запіў кавай, і яны пайшлі.

У бібліятэцы Драгун узяў свежы часопіс, прагледзеў, што цікавага, але адклаў на потым. Цяпер на свежую галаву трэба паспрабаваць пісаць. У яго ў галаве ўжо даўно сядзела некалькі сюжэтаў, за іх даўно трэба было ўзяцца. Але за тры гады, якія ён пражыў у Фінкельштэйнаў, ён так і не сабраўся што-небудзь зрабіць. Калісьці яшчэ студэнтам ён пачынаў пісаць пра адну падзею, якая яго моцна ўразіла. Гэта было ў іх вёсцы ў час нямецкай акупацыі. У сорак першым годзе немцы расстрэльвалі трох родных братоў. Браты ўцякалі з-пад кулі, і аднаму ўсё ж удалося ўцячы. Толькі выпадак сам па сабе быў «безыдэйны», хлопцаў узялі за нейкае глупства, трэба было нешта прыдумваць, даваць кожнаму нейкую біяграфію, ажыўляць дзеянне.

І вось цяпер ён падыходзіў да гэтай тэмы і так і гэтак, але нічога ў яго не вытанцоўвалася. Кідаў, выходзіў «курыць». Нечакана на калідоры спаткаў Веру Выдзерскую, пра якую ўжо пачаў забывацца.

Яна спачатку пачырванела, разгубілася, ён, здаецца, таксама не знаходзіў слоў, каб пачаць размову.

— Нешта вас не відаць,— сказала яна першая.

— Што вы! Мяне скрозь поўна. Гэта вас я даўно не бачыў.

— Я ўсё езджу ў камандзіроўкі. На Палессе. Там у мяне доследы... Агоркла ўсё, як палын... Учора прыехала, адаспалася — і сюды. Хоць на людзей паглядзець.

Была яна бледная, з гарачымі запалымі вачыма, сутулілася і пакашлівала.

— Вы што, прастудзіліся?

— Нічога, гэта не першы раз. Пройдзе.

Яму стала яе шкада. Нешта ў ёй было такое, што настройвала яго на спачуванне. Але ён сказаў зусім другое, нават нечаканае для самога сябе:

— Вы ведаеце, што я перасяліўся?

— Мо далі кватэру? — яна ўзняла на яго свае ўважлівыя цёмна-шэрыя вочы.

— Не, проста памяняў месца.