Выбрать главу

— А які быў сэнс мяняць?

— Быў... Дарэчы, калі вы збіраецеся дадому?

— У гадзіны тры-чатыры...

— Я таксама... Ведаеце, хто тут са мною? Місюк!

Яна толькі стомлена ўсміхнулася.

— Пойдзем разам дадому, як тады, з возера. Добра?

— Вы не забыліся?

Ён не захацеў яе падтрымаць. Толькі сказаў суха:

— Дык дамовіліся?

— Добра.

Драгун пайшоў у сваю залу, яна ў сваю — навуковую.

І да гэтага пісалася яму не надта, а цяпер і зусім нічога не клеілася. Думкі разрываліся, нельга было спыніцца на чым-небудзь адным. Драгун увесь час паглядваў на гадзіннік — ці хутка тыя тры гадзіны, а пасля трох час пайшоў яшчэ марудней. А палове чацвёртай ён пайшоў да Місюка дамовіцца, каб ісці разам. Місюк здаў свае кніжкі, а Драгун зазірнуў у навуковую залу, каб нагадаць Веры Выдзерскай, што трэба ісці. Яна ўзняла галаву на ціхі скрып дзвярэй і адразу стала складваць свае кніжкі. На лесвічнай пляцоўцы сабраліся ўсе ўтраіх.

— Нікога не забыліся? — сказаў жартам Місюк.— Тады пайшлі.

Смеючыся, рушылі ўніз па лесвіцы.

— Пойдзем ці паедзем? — спытаўся Драгун, калі яны выйшлі з памяшкання. Ён пытаў і ў Місюка, але пазіраў на Веру.

— Як большасць... Я хачу прайсціся,— сказала яна.

— Я таксама,— далучыўся да яе Місюк.

— Аднагалосна. Ну, пойдзем.

— А куды? — спыталася Вера.

— Даверцеся нам,— дыпламатычна адказаў Драгун.

Снег асеў, бралася пад вясну: стаяла сярэдзіна сакавіка. Яны ішлі памалу, расшпіліўшы паліто, смяяліся, біліся ў снежкі, штурхалі адно аднаго ў мяккія рыхлыя гурбы снегу, рагаталі і кіравалі далей. Дарога была далёкая, ісці давялося з гадзіну, калі не больш. Драгун вёў гасцей на сваю кватэру. Але ўжо перад самым парогам Місюк раптам зрабіў нечаканы выбрык: сказаў, што яму трэба зайсці да аднаго чалавека, ён пра гэта проста забыўся. Драгун з ім доўга лаяўся, упрошвала яго і Вера, але ён настаяў на сваім.

— Знай, браце,— сказаў шматзначна Драгун свайму сябру на развітанне,— што, калі ў маім жыцці што зменіцца ў кепскі бок, ты мой вораг да смерці.

— Не страш людзей! — Місюк кіўнуў на Веру.— Пасля такога жэсту з твайго боку... Але я не магу іначай. Даруйце.

— Я так і не зразумела, пра што вы гаварылі,— сказала Вера, калі яны засталіся ўдваіх.— Вы нешта яму пагражалі?

— Ат, нічога я яму не пагражаў. Проста ён вельмі далікатны.— Драгун дастаў з кішэні ключ, адамкнуў свой пакой.— Вось мая рэзідэнцыя... Будзьце хоць госцяй, хоць гаспадыняй...

— І вы тут адзін?

— Быў адзін. А цяпер мы ўдваіх,— сказаў ён жартам.

9

Праз якую гадзіну пакоя нельга было пазнаць: працёртая свежая падлога, стол, засланы свежаю паперай, стаў у новым месцы, зрабілася прастарней; кніжкі і карэктуры складзены парадкам, на пліце гатуецца бульбяны суп; стала цяплей і ўтульней.

— Бачу, чаго цяпер тут не хапала.— Драгун выстаўляў на стол пакункі.— Ну, зараз мы адзначым гэтую падзею.

— Якую падзею?

— Ваш прыход у гэту манашаскую келлю, у якую ніколі не заглядвала сонца.

Раптам у дзверы нехта пастукаў.

— Некага ж нясе нялёгкая,— сказаў сам сабе Драгун і падышоў да дзвярэй.— Зайдзіце!

Ён адчыніў. На парозе стаяла яго сястра, яго родная сястра!

— Каця?! Як ты тут апынулася?

Каця нясмела стала ля парога, паставіла даволі ёмкі чамадан, абвязаны вяроўкай — як у вялікую дарогу.

— Добры дзень вам!.. Добры дзень, браток.

Яны абняліся, пацалаваліся, сястра змахнула слязу.

— Дык ты проста са свайго Казахстана?

— Не з Казахстана, а з дому... Зноў у Казахстан...

— І мне ні слова не напісала! — папракнуў ён сястру, хоць звычайна першы па паўгода не адказваў на яе пісьмы.

— Не хацела турбаваць цябе...

— Ах, якая ты стала далікатная... Ага! То знаёмцеся.— Драгун падвёў сястру да Веры Выдзерскай.— Гэта Вера... мая знаёмая.

Сястра акінула Веру ўважлівым позіркам, ацэньваючы, відаць, чаго яна вартая як жанчына, глянула на накрыты стол і ўсміхнулася:

— Знаёмая, кажаш? А мо... трохі болей?

— Што ты! — збянтэжыўся Драгун.— Мы яшчэ на «вы»...

— Добра, неяк разбяромся.— Было відаць, што яна не паверыла.— Але я не адна. Мяне мама праводзіць. Яна засталася на вакзале, з рэчамі, бо мы ўсяго не забралі б.

Драгун адразу схамянуўся, спахмурнеў. Ён страшэнна не любіў, калі тое, што намячалася, трэба ламаць. Але тут нічога не зробіш — не часта здараецца праводзіць сястру ў Казахстан.

— Дык што ж ты адразу не сказала? Распранайся, сядай за стол, а мы зараз паедзем...

Сястру ён не бачыў гады тры, яна прыкметна пастарэла, распаўнела, стала болей падобная да бацькі. У роце ўжо не хапала зубоў, яна шапялявіла, гаварыла неяк з прысвістам і на такой мешаніне рускіх і беларускіх слоў, што хоць вушы затыкай.