Выбрать главу

— Мо і я з вамі, там гэтулькі клункаў...

— Перастань, справімся.— Драгун памог апрануцца Веры, потым апрануўся сам. Акінуў вокам застаўлены стол і праглынуў сліну.— Калі галодная, дык перакусі што-небудзь, не саромейся, мы зараз.

Пачынала вечарэць, на дварэ была адліга — у дрэвах па-вясенняму шумеў вецер. Снег раз’язджаўся пад нагамі, і яны ішлі, як п’яныя. Драгун трымаў Веру пад руку, і яна часам моцна апіралася на яго.

Драгун думаў, што не шкодзіла б захапіць па дарозе таксі, хоць, прызнацца, гэты від транспарту ў яго быў неаб’езджаны. Нават які-небудзь тралейбус ці трамвай тут, у горадзе, ён лічыў раскошай, бо ўсё сваё жыццё, як навучыўся хадзіць, быў на нагах — і яны, можна сказаць, вывелі яго ў людзі. Справа тут была не ў грашах, а ў звычцы.

Яны селі і тралейбусам прыехалі на вакзал.

Сярод мноства пасажыраў, якія сядзелі на лаўках і проста на падлозе на сваіх чамаданах ці клунках, Драгун усё ж вельмі хутка знайшоў сваю маці — ён пазнаў бы яе ў тысячным натоўпе. Яна сядзела на клунку, апранутая ў паўшубак, вялікі на яе, няйначай, бацькаў, на галаве была вялікая, у клетку, мультановая хустка, на нагах — растаптаныя старыя валёнкі: зімовы сялянскі ўбор. Вельмі часта, жывучы ў горадзе, Драгун, калі бачыў вось так апранутую цётку невысокага росту, заўсёды азіраўся і заглядваў жанчыне ў твар: яму здавалася, што гэта яго маці.

— Мама! — Драгун злёгку дакрануўся да яе пляча.

Маці ўздрыгнула, узняла галаву — і твар яе раптоўна прасвятлеў. Усхапілася з клунка, абняла сына і пацалавала.

— А хто ж гэта з табою?

— Як вам сказаць...— Драгун замяўся: казаць, што знаёмая — мо пакрыўдзіцца Вера, а сказаць што большае — будзе няпраўда.

— Мо мая нявестка? — апярэдзіла яго маці.

Драгун глянуў на Веру і засмяяўся:

— А што, чым кепская нявестка?

— Ты праўду кажаш ці смяешся? — перапытала маці.

Адступаць ужо не было куды, і ён сказаў так, як кажуць пра нешта звычайнае і даўно вырашанае:

— Пэўна ж, праўду. Вы даўно хацелі мець нявестку.

Цяжка было ўявіць, што думала ў гэты час Вера: яе тут запісваюць у чужую сям’ю, запісваюць у жонкі і ў нявесткі, нават не спытаўшыся ў яе згоды. Аднак яна прамаўчала. І калі Драгунова маці падышла да яе, яны абняліся і пацалаваліся, як родныя.

— Ах, дачушка мая...— сказала маці, выціраючы слёзы.— Хай вам бог дае шчасця...

Драгуну здалося, што Вера з папрокам зірнула на яго. Але ён па-ранейшаму заставаўся ўзбуджана-вясёлым, і гэты жарт, які яны разыгралі тут з маткаю, здаваўся яму не так забаўны, як прарочы.

Забралі ўсе мяшкі і клункі і пайшлі на тралейбус. На сваім прыпынку ледзьве паспелі ўсё вымчаць. Драгун вырываў апошні мяшок з зачыненых дзвярэй, як у воўка з зубоў. Сталі размяркоўваць, каму што несці. Сам Драгун узяў два найбольшыя клункі — адзін перавязаны дзяружкаю, не вельмі цяжкі, але вялізны — няйначай, падушкі і коўдры.

Веры дастаўся хоць невялікі, але цяжкі мяшок — мусіць, сала ці мяса, а маці ўзяла тое, што засталося — невялікі клуначак і гаспадарчую сумку. Ісці ім трэба было з кіламетр да свае кватэры, і Драгун недзе на сярэдзіне дарогі адчуў, што пачынае слабець: галоўнае, разгіналіся пальцы на руках, і клункі гатовы былі ўпасці. Маці ледзь паспявала ззаду са сваімі пакункамі, а Вера нясла свой мяшок надзіва лёгка. Глянуўшы на яе танклявую фігуру, ніколі не падумаў бы, што яна дужая ці больш таго — цягавітая. І гэта скрытая ад яго дагэтуль Верына якасць міжволі ўмацавала ў яго сэрцы сімпатыю. Драгун, як памятае сябе, не любіў беларучак і распешчаных. Яму падабаліся людзі такога складу, як ён сам: каб умелі ўсё рабіць, каб не баяліся мазаля, умелі і маглі вынесці на плячах любы груз: ці мяшок з бульбай, ці вялікае гора — і не сагнуцца, не ўпасці пасярод дарогі.

Некалькі разоў спыняліся перадыхнуць, Вера ўвесь час хацела забраць ад маці яшчэ сумку ці пакунак, але тая не аддавала.

— Што ты, дачушка! Мне і самой не цяжка, толькі ногі так хутка ўжо не могуць хадзіць, як вашы. Адхадзілі сваё. А некалі і я магла, так, як цяпер вы — з клункам пяцьдзесят вёрст у дзень зрабіць: з дому да маткі і назад. Ногі былі ўвішныя, ды цяпер ужо ледзь трымаюць... Ну, то пойдзем, бо там Каця недзе прачакалася.

І яна зноў брала сваю ношу.

Калі дабраліся дадому, было ўжо каля дзесяці гадзін. Драгун, глянуўшы на стол, успомніў, што ён цэлы дзень не еў.

— Давайце за стол, бо і мяне ўжо ногі не трымаюць,— сказаў ён, выціраючы рукі.— Каця, Вера, мама! Во колькі ў мяне сёння жаночага люду. За стол!

Чацвёртаму, самому Драгуну, не хапіла крэсла, і ён сеў на чамадан, як на вакзале.

— Нічога, не ўпаду, напівацца не будзем,— супакоіў ён матку, якая аддавала яму сваё крэсла.