Выбрать главу

Кабінет быў прасторны, як стадола. Да дырэктарскага стала трэба доўга тупаць па мяккім віцебскім дыване. Справа ля вокан стаялі састаўленыя шырокія ненакрытыя сталы, як для добрага банкету на чалавек пяцьдзесят. Ля іх туліліся крэслы.

Дырэктар Важнік устаў з-за свайго стала і, перагнуўшыся, падаў Драгуну доўгую кастлявую руку. Гэта быў высокі хударлявы мужчына з сівою галавою, шырокім носам і поўнымі вуснамі. Калі б не светлыя, прыцярушаныя сівізной валасы і не бледны твар, можна было б сказаць, што ў яго жылах цячэ афрыканская кроў.

У дырэктарскім кабінеце сядзеў ужо загадчык рэдакцыі Гушчынскі і галоўны рэдактар Шахоўскі. Адчувалі яны тут сябе проста і ўпэўнена, як дома.

— Садзіцеся,— сказаў дырэктар па-руску. Ён разглядаў Драгуна без ценю няёмкасці, як чалавек, якому не раз даводзілася падбіраць кадры.— Ну, так... А дзе Чарняковіч? — спытаў сам сябе дырэктар і націснуў кнопку на сцяне ля тэлефонаў. Недзе ў прыёмнай пачуўся прыглушаны званок. Дзверы адчыніліся, выглянула чарнявая, ужо немаладая паўнаватая сакратарка.

— Паклічце Чарняковіча,— гучна сказаў дырэктар.

Хто такі Чарняковіч і навошта ён тут, Драгун не ведаў. Усе маўчалі, чаканне вісела ў паветры, як парнасць перад навальніцай. Хацелася ўцячы адгэтуль, непрыкметна выскачыць праз адчыненае акно. Ранейшая смеласць у Драгуна ўся выветрылася, ледзь толькі ён сутыкнуўся блізка з усёй працэдурай.

Зайшоў Чарняковіч, невысокі плячысты мужчына з лысінаю, з нахабнаватым смелым позіркам. Ён павітаўся і сеў на канапу побач з Гушчынскім.

— Што ж, цяпер можна пачынаць,— загаварыў гучна дырэктар па-беларуску, і Драгун не ўлавіў у яго словах фальшу, ён гаварыў без акцэнту.— Тут вось мы павінны вырашыць такое пытанне...— Ён запнуўся і перайшоў на рускую мову — відаць, так яму было лягчэй гаварыць.— Такое пытанне... Таварыш Драгун, рэдактар са школьнага выдавецтва, просіцца да нас на працу. Я хацеў бы пачуць ад вас,— тут ён скіраваў свае вочы на Драгуна,— таварыш Драгун, што вас прымусіла кідаць там працу і ісці да нас. Мастацкая літаратура — гэта не падручнік. Па-мойму, тут вам будзе цяжэй...

— Я гэта ведаю,— згадзіўся Драгун.— Затое цікавей.

— Гм... Цяжкасці вас не палохаюць... А ці рэдагавалі вы арыгінальныя кнігі?

— Чаму ж не? Вучоныя запіскі, зборнікі практыкаванняў, часам новы падручнік. Хоць у нас пераважна перавыданні з нязначнымі папраўкамі... кожны год.

— У вас свая спецыфіка, у нас — свая. Я баюся, што вы будзеце каяцца. Рэдагаваць мастацкую літаратуру — адказная справа.

«Ну што ж, калі вам так мяне шкада, дык рэдагуйце самі ці шукайце сабе таго, хто справіцца. Драгун не справіцца... Адкуль яму? Скончыў філфак, працаваў тры гады рэдактарам, ніводнай кнігі не сапсаваў, стараўся, а тут табе кажуць, што не дарос». У яго адразу прапала ўсякая ахвота гаварыць з дырэктарам, нешта яму адказваць. Смешнай здалася ўся гэтая афіцыйная працэдура, гэтыя людзі, што сабраліся тут — навошта яны, калі дырэктар усё гаворыць і вырашае сам?

— Цяпер наконт мовы,— гаварыў далей дырэктар.— Якую вы лепш ведаеце: рускую ці беларускую?

«Я ж цябе падчаплю, раз ты пачаў пра мову»,— падумаў Драгун і ажывіўся — што ўжо будзе!

— Я-то канчаў рускую дзесяцігодку, але свае мовы не забыўся. Родная мова мая — беларуская. Магу, калі не верыце, хоць зараз напісаць вам дыктоўку.

Дырэктар нешта запісаў сабе на перакідным календары.

— А жывую мову, народную, вы ведаеце? Я пытаю гэта таму, што канчаюць універсітэт, а ведаюць толькі рускую мову. Беларускую — сяк-так, кніжную, або зусім нічога.

— Гэта гарадскія,— упэўнена адказаў Драгун.

— А вы з вёскі?

— З вёскі... І з Заходняй Беларусі. Хоць нас і прымушалі паны-пілсудчыкі, каб мы выракліся свае мовы, у іх нічога не выйшла,— дадаў ён невядома нашто.

— Што ж, гэта добра... мо ў каго ёсць якія запытанні да таварыша Драгуна?

Нейкая спагада ці павага да дырэктара адразу зацеплілася ў Драгуновым сэрцы пасля гэтых слоў. Значыць, усё ж думае яго браць... Цяпер Драгун пазіраў на дырэктара не як на заўзятага бяздушнага бюракрата, а як на чулага, добрага чалавека, які ўмее цаніць работніка, паверыць у шчырасць яго слоў.

Памаўчалі, а потым спытаўся Чарняковіч:

— А ваша начальства адпусціць?

— Думаю, што адпусціць.— Драгун усміхнуўся. Хацеў яшчэ сказаць: «Нават з радасцю», але змоўчаў.

— Хіба вас не цанілі?