Выбрать главу

З душнага пакоя прыемна было выйсці на двор, дыхнуць свежым паветрам... Адразу пасвяжэла галава.

— Як добра тут! — Драгун узяў Веру пад руку.— Я мог бы прахадзіць так усю ноч. Ціш якая! Нават наш Лагойскі тракт заснуў. А ён зусім мала спіць...

Вера маўчала, толькі хуталася ў каўнер паліто.

— Табе холадна?

— Не, нічога. Трохі стамілася.

— Пройдзе. Мо што незнаёмыя людзі?

— Чаму незнаёмыя?.. Ты вельмі падобны да маткі. І з твару, і характарам, відаць, таксама. Толькі яна гаваркая.

— А ты спадабалася нашым. А матцы — дык куды там!

— Адкуль ты ведаеш?

— Па іх відаць было.

— Дык гэта добра ці не?

— Яна яшчэ пытае!..

Драгун падхапіў Веру на рукі, закруціўся з ёю па снезе. Яна абхапіла яго за шыю, прытулілася да твару.

— Пусці, яшчэ кінеш...

— Не бойся!

10

Тая ноч назаўсёды запомнілася Драгуну.

Ішлі яны з Верай доўга, недзе на самую ўскраіну горада. Па дарозе Вера расказвала пра сваё жыццё.

Расла яна ў вёсцы, там вучылася, у вайну была сувязной партызанскага атрада, пасля працавала на чыгунцы. Потым скончыла дзесяцігодку, паехала вучыцца ў Маскву. Галодны гэта быў і цяжкі пасляваенны час, тры гады жыла па картках. А скончыла інстытут — работа ў глухім раёне. Потым — вось гэтая аспірантура...

Некалькі разоў Вера прасіла Драгуна вярнуцца, бо было ўжо, мусіць, гадзін дзве ночы, а пакуль ён потым дабярэцца да Місюковага інтэрната... Але ён не хацеў яе слухаць.

Увесь дом ужо спаў, калі яны прыйшлі да Веры. Яны трохі пастаялі ў пад’ездзе, ён абдымаў і туліў Веру да сябе, а яна вырывалася і адпраўляла яго дадому. А яму, чым болей яна пра гэта гаварыла, знарок не хацелася ісці.

Пазней, успамінаючы падзеі таго вечара, Драгун не раз думаў, што ёсць у жыцці чалавека нейкі лёс. Гэты лёс у той вечар звёў так нечакана яго з Верай, скрыжаваў іх дарогі...

Вера прызналася, што сёння яна адна ў сваім пакоі, бо яе сяброўка паехала дадому. Драгун жартам пачаў прасіцца пераначаваць, а Вера сур’ёзна спытала яго, за каго ён яе лічыць. Драгун пакрыўдзіўся. Стаў даказваць, што яны ўрэшце не маленькія, могуць ва ўсякім разе быць гаспадарамі свайго слова і, калі трэба, змогуць стрымаць свае пачуцці. Ва ўсякім разе, Драгун за сябе ручаўся. Тады Вера пусціла яго ў пакой, аддала яму свой ложак. Яна нешта яшчэ рабіла на кухні, а Драгун гэтым часам распранаўся. Ён хваляваўся, хоць у думках лаяў сябе за гэта і супакойваў. Рана ці позна гэтым канчаюцца ўсе раманы, дык лепей рана, чым позна. Ён ужо распрануўся і ляжаў пад коўдрай, калі зайшла Вера. Яна адразу выключыла святло, загадала яму адвярнуцца і сама стала распранацца.

Ложкі стаялі амаль што побач, адзін пры адной сцяне, другі — пры другой, між імі быў зусім вузкі праход. Варта яму было працягнуць руку, як ён мог дакрануцца да яе. Па шорхаце адзення ён здагадваўся, што яна з сябе скідае. Працяглы густы шум — гэта сукенка. Павесіла на спінку крэсла... Нешта адшпільвае, потым чуваць мяккі траскучы гук — панчохі... Характэрны гук, калі нешта туга напятае разлятаецца напал — так расшпільваецца станік, які сціскаў грудную клетку. Потым нешта забразгала — нейкія спражкі ці зашчапкі: няйначай, пояс. І ўсё...

Ён сказаў, што яна паўгадзіны распранаецца, а скінула з сябе толькі палавіну даспехаў. Яна сыкнула на яго і папрасіла замоўкнуць. Ён тут жа пачуў, як яна па чарзе стала то на адной назе, то на другой і хутка павесіла на крэсла яшчэ адну адзежыну. Потым нырнула пад коўдру. Затрашчала пагрозліва драцяная сетка, парыпела і заціхла. Вера пажадала яму спакойнай ночы. Ён адказаў. Яны ляжалі моўчкі, толькі ён павярнуўся тварам у яе бок. Яна ляжала павернутая да сцяны і, здавалася, спала. Драгун ведаў па сабе, што заснуць у такой сітуацыі нялёгка.

Не раз, як здаралася ехаць у цягніку, ён доўга не мог заснуць, калі ў купэ была жанчына. І не таму, што яго так цягнула да жанчын: свой пол кожны ведае, процілеглы пакрыты мноствам таямніц. Цікаўнасць электрызавала яго, прымушала насцярожваць слых, і, наколькі дазваляла прыстойнасць, сягаў тады вокам у той бок, дзе на лаўцы бялеў у прыцемку жаночы твар ці аголеныя рукі, пакладзеныя пад галаву або на грудзі...

Чуваць было толькі, як на пісьмовым стале цікаў будзільнік. А больш нічога, ніякіх гукаў: ад цішыні аж звінела ў вушах. І таму яшчэ выразней, яшчэ назойлівей таўклася-білася ў галаве думка-сумненне. А мо ён можа праспаць тут, на чужой падушцы, лепшыя хвілі свайго жыцця? Мо яму трэба не спаць ці не прыкідвацца, што спіць, а смела браць тое, што пасылае яму лёс? Не многа ў чалавечым жыцці надараецца такіх выпадкаў...

І раптам Драгуна нібы кальнула што ў самае сэрца. Ён сеў на ложку. Узбуджаны яго шэпт запоўніў пакой.