Выбрать главу

— Паслухай, Вера,— сказаў ён,— нас блаславіла маці на сумеснае жыццё! З сённяшняга вечара — мы муж і жонка. Ідзі да мяне.

Спачатку Драгуну здалося, што Вера яго не чуе. Маўчаў Драгун, маўчала яна. А потым яна ўстала з ложка і прыйшла да яго. Ён пасунуўся да сцяны. Усё цела яе было гарачае, толькі ступакі ног яшчэ не нагрэліся. «Трэба будзе купіць ёй цёплы абутак»,— чамусьці падумаў Драгун.

Ён адчуваў, што Веру нешта скоўвае, нешта турбуе, што яна хоча нешта сказаць яму, у той час як для яго словы не мелі ўжо ніякай цаны. Надышла хвіліна, якую чалавек чакае, як глыток вады ў спёку, як лусту хлеба ў голад. Яны цалаваліся, хоць ніхто не гаварыў «горка», і абое п’янелі ад гэтых пацалункаў, ад гарачых абдымкаў. «Пачакай,— прашаптала Вера,— я хачу табе сказаць...» — «Не гавары нічога»,— адказаў Драгун. «Не, я павінна табе сказаць... Я была замужам...»

Нібы кавалак лёду кінуў хто раптам у грудзі Драгуну. Хто што пераможа? Сэрца астыне ці?.. Не, лёд растаў імгненна. «Мне гэта зусім няважна»,— прамовіў Драгун, хоць яшчэ не паспеў асэнсаваць яе слоў. У той момант ён адчуваў і думаў менавіта так.

Яна і яшчэ нешта хацела яму сказаць, але ён заціскаў ёй рот сваімі вуснамі і цалаваў без канца... Потым былі хвілі найвышэйшага шчасця, калі два целы зліваюцца ў адно, калі зямля і неба перастаюць існаваць, а ёсць толькі шалёнае біццё сэрцаў, толькі адвечная прага чалавека высеяць семя на ўрадлівую глебу, каб прадоўжыць свой род... Потым наступіла ціхая пяшчота: нібы сонца выбліснула з-за хмары пасля бурнай навальніцы. Драгун гладзіў яе гарачае цела, цалаваў у шчаку, гаварыў на вуха што-небудзь прыемнае, а яна ляжала нерухомая, як бы прыслухоўваючыся да нечага, і не адказвала яму ні словам, ні рухам.

Але паступова яна зноў стала сама сабой — і расказала яму невясёлую гісторыю свайго замуства...

Пасля інстытута яе накіравалі на працу ў адзін з глухіх раёнаў на мяжы паміж Беларуссю і Расіяй. Раён глухі, бедны, увесь дашчэнту разбураны ў вайну — ледзь толькі станавіўся на ногі. Было цяжка, хацелася часам выць воўкам, думалася некуды ўцячы. Але што! Спецыялістаў з дыпломамі — лічаныя людзі, ніхто не збіраўся адпускаць. Гэта цяпер адрабіў два гады пасля інстытута — і ты вольная птушка. А тады цябе як прывязвалі: без згоды начальства ні кроку... Цягнула, як і ўсе... Былі сябры, але ненадзейныя, былі рэдкія хвіліны шчасця, радасці перамогі, але ўсё гэта патанала бясследна ў чадзе пасяджэнняў, бюро, разносаў, наганяяў, актаў, інструкцый, пратаколаў, калі чалавек перастае быць самым сабою, а робіцца вінцікам у бюракратычнай машыне. Нервы пачыналі падводзіць... І тут яе пазнаёміў адзін пажылы заатэхнік са сваім братам, афіцэрам. Па гадах яму было пад трыццаць, ён быў лысаваты, насуплены і маўклівы. Аднойчы позна ноччу Вера разам з пажылым заатэхнікам вярталіся з аднаго калгаса — ездзілі складаць акт на старшыню за падзеж жывёлы. Стаяў люты мароз, бушавала завея, і заатэхнік запрасіў Веру да сябе. Вера змерзла за дзень, знервавалася і проста была рада, што падарожжа канчаецца. Яна згадзілася зайсці да свайго калегі. У хаце павячэралі, адагрэліся чаем. Быў тут якраз і той лейтэнант, ён дачасу жыў у свайго брата. Ці мо так зрабілі знарок? Паляглі спаць. Веры далі месца на ложку, хоць яна прасілася на печ. На печы лёг лейтэнант... Яна праз сон пачула, што яе нехта будзіць. Яна хацела закрычаць, але нечая рука лягла ёй на вусны. Толькі тады яна зразумела, што гэта ён. Ён лёг ля яе і пачаў упрошваць, каб яна выйшла за яго замуж, кляўся, што кахае яе і будзе ёй верным мужам, толькі хай яна... Яна не здавалася, і ён узяў яе за горла...

«Хай будзе што будзе»,— сказала яна сабе...

Потым яны перайшлі жыць да яе, на прыватную кватэру, але разам пажылі нядоўга. Яна стала яго баяцца. То ён станавіўся ненатуральна вясёлы, спяваў, не хадзіў, а прытанцоўваў, лез да яе з усякімі дзівацтвамі, быў пяшчотны, то ні з таго ні з сяго пачынаў грубіяніць, рабіўся да агіды цынічны, то надзімаўся і па тыдню не гаварыў з ёю, хадзіў змрочны, як хмара. Ноччу неспакойна спаў, ускрыкваў, часам плакаў, іншы раз зрываўся з ложка, бегаў па пакоі, нечага шукаючы. Часта позна прыходзіў з работы п’яны, будзіў яе і патрабаваў, каб яна забаўляла яго ўсю ноч... Хутка яна даведалася, што ён прыстае да яе гаспадыні. Гэта была тая кропля, якая перапоўніла чашу цярпення. Вера прагнала яго, тым болей што яны жылі не распісаўшыся... А праз нейкі час яна дачулася, што ў яго ёсць жонка і дзіця, але не тут, а недзе далёка, дзе ён служыў раней... Пасля такога няўдалага замужжа ёй стала яшчэ цяжэй... І вось адзін добры чалавек — старшыня райсавета — параіў ёй, як вырвацца. Трэба паступаць у аспірантуру. Ён адпусціў яе на экзамены, а калі прыйшоў выклік на заняткі, яе не маглі затрымаць па закону... Так яна апынулася ў Мінску, ужо трэці год вучыцца. Канчаецца тэрмін яе аспірантуры, а дысертацыі ў яе ўсё няма і невядома калі будзе. Бо яе тэма залежыць болей ад бога, чым ад людзей: «Забойныя якасці палескай буйной рагатай жывёлы». Тут патрэбны кармы, а старшыня калгаса, у якім яна праводзіла доследы на гурце бычкоў, вясной забіраў апошні корм у яе статка і аддаваў каровам, якія галадалі. Бычкі ледзь трымаліся на нагах. Пра якія якасці можна было гаварыць? Праўда, старшыня намякаў, што каб яна не была такой ганарыстай, то кармы знайшліся б. Няйначай, намякаў на той выпадак, калі ён зайшоў да яе на кватэру з паўлітрам. Яна тады выставіла яго за дзверы... Вось кончыцца яе тэрмін аспірантуры, пашлюць яе зноў на раён, бо пры інстытуце застацца ў яе няма ніякіх шанцаў. І зноў меціме яна тое, ад чаго ўцякала...