Выбрать главу

З таго вечара, праўдзівей, з той ночы Драгун стаў лічыць сябе жанатым.

11

На вяселле сабралася чалавек пад трыццаць, хоць спачатку здавалася, адкуль яны возьмуцца. Вера запрасіла сваіх сябровак па аспірантуры, некаторых ужо з мужамі, у Драгуна засталося ў Мінску некалькі хлопцаў, з якімі вучыўся. Адным словам, сабралася спелая і пераспелая моладзь, са старых — нікога. Напрыносілі Драгунам усякіх падарункаў, што не ўлазяць у пакой: чайны сервіз, сценны гадзіннік, фотаапарат.

Тыдзень назад Драгун і Вера падавалі заяву ў загс, а сёння хадзілі на зацвярджэнне. Вера была нешта сумная, і Драгун спытаў, што з ёю. «Ведаеш, усялякія думкі ў галаве... Перамена жыцця... Мо лепей было б яго не мяняць, хай бы ішло так, як ідзе»,— адказала яна.

А сам Драгун жаніўся з лёгкім сэрцам. Асноўнае, што ён рашыўся. А ўрэшце, падумаеш — важная справа, жаніцьба! Не спадабаецца яму жанатае жыццё — развядзецца. Жаніцьба — латарэя, рызыка. Нават калі ведаеш чалавека, з якім звязваеш лёс. А тут што казаць? За трэцяй сустрэчай пажаніліся...

Вось і вяселле, калі можна назваць вяселлем гэтую сяброўскую бяседу. У пакоі цесната, не павярнуцца. Сталы застаўлены закускай, бутэлькамі. Вакол іх цесным колам, плячо да пляча — госці. У самым цэнтры — Вера і Драгун. Яна ў белай газавай сукенцы, ён у цёмна-сінім гарнітуры, пад гальштукам. Пад усмешкай Вера хавае страх і разгубленасць, Драгун, як заўсёды, сур’ёзны, чуць насуплены. Што ні кажыце, а ў такой нязвыклай ролі ён першы раз.

Рослы лабасты тамада Крынчык, Драгуноў прыяцель (разам паступалі ў аспірантуру), не шкадуе гучных слоў і кампліментаў маладым.

Першую чарку ўзялі, як і належыць, за маладых.

— Каб вам добра жылося, каб усё вялося, каб гэты пакой праз год стаў цесны! — закончыў свой доўгі тост тамада і выпіў адным глытком, а пустою чаркаю з ўсяе сілы ўлупіў у сцяну. Са звонам пасыпалася шкло.— Хай будзе на шчасце!

Студэнты, аспіранты — народ вясёлы, любіць кампанію, ахвочы выпіць і закусіць, умее павесяліцца, паспяваць. Недзе пасля трэцяй чаркі завялі песню. Драгун чуў яе першы раз.

Матулька родненькая,

Куды ж ты ідзеш,

Што кажух надзяеш?

Ці не зяця вітаць?

Матулька родненькая!

І вітай, і пытай:

Ці не п’яніца ён?

Ці не разбойнік ён?

Ці не картыжнік ён?

Вера ўкрадкам змахнула слёзы. Сумна стала на сэрцы і ў Драгуна. Пявучая, працяжная мелодыя песні другі раз мо зусім не закранула б жывой струны, а цяпер Драгун адчуў, як яго ўзяло за душу, як да горла падступае даўкі камяк. Хто ты і што ты? Ці не занадта лёгка звязваеш ты свой лёс з нечыім? Добра адказваць за сябе, можна быць смелым і не баяцца нічога. А цяпер ты звязаў сабе рукі і ёй таксама... Навошта ўсё гэта? І ён сябе зусім яшчэ не ведае: ці можа ён быць галавою сям’і, мужам, бацькам? Усё гэта не так проста, як здаецца спачатку. Мо таму людзі і жэняцца так лёгка, што не ведаюць, што іх чакае...

Усякія такія няпрошаныя думкі лезлі ў Драгунову галаву, пакуль ён слухаў песню, сумна схіліўшыся і сяды-тады азіраючы вясёлыя расчырванелыя твары гасцей.

Толькі скончылі песню, як устаў тамада і сваім грамавым голасам сказаў:

— Нешта ўсе раскіслі, а найбольш нашы маладыя. І ўсё такое горкае, што не праглынуць.

— Горка! Горка! — падхапілі госці.

Драгун як бы ачнуўся. Усмешка ажывіла яго твар, а Вера ўсё ніяк не магла пазбыцца ад таго ўражання, якое зрабіла на яе песня. Яна страсянула галавою, працерла вочы хусцінкай, вінавата ўсміхнулася.

— Даруйце, я заслухалася...

— Горка! Горка! Горка! — пачыналі скандзіраваць госці.

Маладыя ўсталі і пацалаваліся.

— О, цяпер зусім іншая рэч! — крычаў тамада Крынчык.— А гэтую чарку я падымаю за бацькоў нашых маладых. Каб яны радаваліся, гледзячы на сваіх дзетак, каб яны не сумавалі, гадуючы ўнукаў!