Бацькоў тут не было, і мо кепска зрабілі маладыя, што не запрасілі іх разам з усімі адзначыць гэтую дату...
Перашкодзіла цесната, перашкодзіла і тое, што не было як вельмі на многае размахнуцца. Добра і так, што сястра прыслала з Казахстана тысячу рублёў, каб тут Драгун купіў яе мужу касцюм і боты. З пакупкамі можна і пачакаць, а вось грошы ім прыйшліся дарэчы, бо Драгун не вельмі думаў, што ў яго жыцці можа надарыцца такая падзея, як вяселле. Ён жыў сённяшнім днём і, акрамя даўгоў, нічога не меў. Нават перад самым вяселлем пазычыў у Веры сто рублёў і потым жартаваў: «Каб не аддаваць доўгу, вымушаны жаніцца».
Сам Драгун не хацеў рабіць нават такога імправізаванага вяселля, усякіх абрадаў і ўмоўнасцей ён не прызнаваў. Яшчэ нічога, калі глядзець на ўсё збоку, а быць самому «аб’ектам» — не давядзі бог! Часам ён прызнаваўся сам сабе, што, каб цяпер жылі ўсе тыя ранейшыя абрады і цырымоніі, ён ніколі не ажаніўся б. А цяпер проста: прыйшлі, запісаліся. Не спадабалася — забралі заяву...
Голас тамады Крынчыка вяртаў Драгуна да таго, што рабілася за сталом. Цяпер менш закусвалі, больш гаманілі, разбіўшыся на групы і групкі.
Сярод гасцей сядзела і іх гаспадыня. Яна прыйшла адна, муж якраз паехаў у камандзіроўку. Сёння яна была вясёлая, гаваркая, разам спявала, смяялася.
— Не бядуйце,— казала яна Веры, з якою побач сядзела,— усё набудзецца, абы дружна жылі... Нічога, што ў чужой хаце, цяпер паўсвету людзей жывуць у чужых... Я выходзіла замуж як стаю, можна сказаць, голая-босая, а патрохі абжылася. Ды і без дыпломаў, не тое што вы цяпер... О, каб мне вашу маладосць, чаго б я болей хацела!
Далей-болей — і жанчына пачала растраўляць сябе, скардзіцца на лёс, успамінаць мінулае, і маладым давялося доўга яе супакойваць. А пачынала супакойваць яна сама...
— Завядзіце мяне дадому, дарагія мае! — папрасіла яна Драгуноў.— Гледзячы на вас, успамінала сваю маладосць... І ў душы плакала.
Вера шапнула Драгуну на вуха:
— Вазьмі шампанскага, пачастуем бабку.
Драгун узяў. Яны зайшлі да Каранеўскіх. Гаспадыня адразу лягла на канапу. Дзеці ўжо спалі, адна бабка яшчэ сядзела, падклаўшы пад плечы падушкі. Яна павіншавала маладых, пажадала ім шчаслівага і дружнага жыцця. Потым звязала чырвонаю стужкай ім рукі, прачытала сама сабе нейкую малітву.
Драгун пазіраў на яе тонкія, бяскроўныя вусны, якія варушыліся, чытаючы малітву, на нерухомы, як застыглы, сухі твар, на якім жылі яшчэ толькі адны вочы — і яго працінаў нейкі незнаёмы, нечалавечы страх. Нейкая як бы нябачная сіла ці цяжар апускаўся на яго плечы. Дагэтуль ён быў лёгкі, як бесклапотная птушка, жыў адным сабою, жыў сённяшнім днём. А вось цяпер, з гэтай хвіліны, ён зусім другі чалавек. Той, што жыў у ім дагэтуль, скончыўся назаўсёды. І мо каб не гэтая бабка, нічога падобнага не адчуў бы Драгун у сваёй душы, не заўважыў бы перамены, таго непрыкметнага пераходу з аднаго звыклага стану ў яшчэ нязвыклы другі, але які стане такім жа звыклым, як ён цяпер нязвыклы. Толькі тут, стоячы перад старою бабкай, звязаны чырвонаю стужкаю са сваёй «палавінай», Драгун адчуў адказнасць таго моманту, які крута мяняе яго жыццё. Нешта падобнае на заклінанне чулася Драгуну ў невыразным шэпце бабчыных вуснаў, заклінанне духаў і звышнатуральных сіл, пра якіх ніхто ніколі не ўспомніць і якіх — усе лічаць — няма. Але ў такія хвіліны можна паверыць ва ўсё. Драгун зірнуў на Веру. Яна стаяла наструненая, бледная, вялікія вочы яе пазіралі на бабку як на прарока, які вось зараз скажа ўсё пра яе далейшы лёс. Ён адчуў, што яе рука, звязаная з яго рукою, лёгка трымціць.
— Амін,— сказала бабка ўголас і развязала ім рукі.— Жывіце ў згодзе і шчасці.
Яны пацалавалі яе сухую бязважкую руку і пайшлі, усё яшчэ адчуваючы на сабе магічную сілу гэтага простага і няхітрага рытуалу, які даў ім адчуць незвычайнасць той хвіліны, якую яны лічылі будзённай.
Вера затрымала яго ў калідорчыку.
— Ты будзеш мне верны?
— Буду,— не задумваючыся, адказаў Драгун.
— Глядзі...
Драгун адчыніў дзверы, прапусціў Веру першую.
Тамада Крынчык накінуўся на іх ледзь не з кулакамі:
— Што гэта такое? Мы пратэстуем! Дзе вы падзеліся?
— Хіба вам тут сумна? — спытаўся Драгун разгублена.
— Мы вянчаліся,— таямніча сказала Вера.
— Няўжо яны паспелі збегаць у цэркаў?
— На іх святы дух сышоў і тут...
— Хопіць блазнаваць, а то я буду плакаць,— папрасілася Вера.
— Калі так, прашу супакоіцца,— прабасіў Крынчык.— Даём слова маладой!
— Просім, просім! — зашумелі навокал.
Вера ўстала. Рука яе з поўнаю чаркай дробна трымцела.