Выбрать главу

— Дарагія нашы госці! Я хацела б, каб вас было тут у пяць разоў болей... Ды не адна цесната вінавата. Мо яшчэ і пустата... Я хацела б... Я жадаю ўсім вам — сямейным — добрага, ціхага, трывалага шчасця, бо я лічу, што толькі ў дружнай сям’і чалавек можа знайсці сваё шчасце. Калі яму не пашанцуе ў грамадскай рабоце ці яшчэ дзе — гэта паўбяды. А вось калі не пашанцуе ў сямейным жыцці — гэта ўжо драма. Так што цаніце сваё сямейнае шчасце, мацуйце яго, даражыце ім...

— Як старая! — не ўтрымаўся нехта.

— І яшчэ,— канчала Вера,— жадаю мець дружную моцную сям’ю кожнаму, хто сёння прыйшоў да нас не ў пары.

Выпілі, зашумелі, загаварылі ўсе разам.

— Каб гэта так проста, як сказаць, усе былі б шчаслівыя.

— А што тут складанага? Як у Казьмы Пруткова: хочаш быць шчаслівы — будзь ім.

— А гэта мудра! Многія людзі маглі б жыць шчасліва, ды самі сабе шкодзяць...

— Не трэба ўсё зварочваць на людзей...

— Але жаніцьба — гэта ўсё ж латарэя.

— Як і замужжа...

— Што вы! У гэтай латарэі адны бяспройгрышныя білеты.

А потым размова ўсё далей і далей адыходзіла ад таго прадмета, з-за якога пачалася.

Яшчэ выходзілі на двор, яшчэ пілі, яшчэ спявалі і нават танцавалі, ссунуўшы сталы ў адзін кут і паставіўшы іх адзін на другі.

Драгун быў п’яны, многія госці таксама. Недзе ў гадзіны дзве ночы сталі разыходзіцца. Гаварылі кампліменты Веры і Драгуну, казалі, што ідэальная пара,— словам, нагаварылі ўсяго, што ў такім разе гавораць. Драгун дзякаваў за дваіх і толькі пасміхаўся: людзей слухай, а свой розум май. Урэшце, Драгун жэніцца для сябе. Вера яму падабаецца такой, як яна ёсць. Неяк перад вяселлем яна сказала яму: «Калі хочаш жаніцца, то вельмі не кажы нікому. А то можа нічога не выйсці». Драгун яе добра разумеў, бо ведаў гэтую ісціну сам. Людзям ніколі не дагодзіш.

У пакоі стала нязвыкла ціха. Вера была стомленая, але не паказвала віду.

— Ну, Косця, давай заплюшчым вочы на ўвесь гэты гармідар. Уладжваць быт пачнём заўтра, а сёння — наша свята. Давай танцаваць!

Яна выводзіла голасам мелодыю «Дунайскіх хваляў», і яны танцавалі ўдваіх.

— Танцуеш ты слаба, але я цябе навучу,— абяцала Вера.

Драгун смяяўся.

— Танцы — глупства. Жыў я без іх — і далей пражыву.

— У жыцці трэба быць трохі рамантыкам, тады лягчэй.

— Сябе не пераробіш...

— Шліфуй сябе, змагайся з кепскімі звычкамі.

— Будзем разам. Адзін я не даў рады, яны мяне адольвалі... Хопіць, у мяне круціць у галаве.— Ён спыніў Веру, яны селі на ложак.

— Хацелася б ведаць, ці будзем мы шчаслівыя,— летуценна сказала Вера.— Як ты думаеш?

— Калі не будзем дурныя, то будзем шчаслівыя.

— А ўсё-такі страшна... Хоць мне цябе і хвалілі...

— Ці толькі хвалілі?

— Як добра, тады толькі хваляць. А як бяда, тады кажуць: а што, ці я табе не казала?

— Людзей слухай, ды свой розум май...

— Цяжка нам будзе. Я не прынясла табе нічога, апроч сябе: свайго сэрца, сваіх рук. Вунь мой пасаг,— яна паказала пад ложак, дзе ляжаў яе сярэдняй велічыні чамадан.— І ўсё нам трэба будзе набываць уласным гарбом.

— Ну і што ж? Мы — сялянскія дзеці. Работай нас не спалохаеш.

— Які ты, аднак, правільны. Няўжо ты і заўсёды такі будзеш?

— Пажывём — пабачым.

12

Праз тыдзень пасля іх імправізаванага вяселля яны адправіліся да Верыных бацькоў. Чаго-чаго, а гэтага ніяк не абмінеш. Ды бацькі падрыхтавалі ім сустрэчу — фактычна, гэта быў працяг іхняга вяселля, пачатага тыдзень назад.

Сабраліся пераважна сваякі па абедзвюх лініях — бацькавай і матчынай. Драгун знаходзіў нешта ў іх тварах то ад Веры, то ад яе маці, то ад бацькі. А ўвогуле, як добра прыгледзішся, то людзі вельмі падобныя адно да другога, асабліва муж і жонка. І Драгуну адразу сказалі, што ён выбраў жонку, падобную да сябе. Яму найболей запомніўся дзядзька Храбры, з якім давялося сядзець за сталом ужо на другі дзень. Па прозвішчы можна было падумаць, што гэта які велікан-асілак, а дзядзька Храбры не меў нічога гераічнага: нізкаваты ростам, шчуплы, толькі ў плячах камлюкаваты, а з твару дробны, хударлявы, аброслы рыжаватым шчаціннем і такога ж колеру радкаватымі валасамі, зачэсанымі на прабор. Ужо захмялеўшы, дзядзька расказаў Драгуну гісторыю свайго жыцця. Нацярпеліся яны ў акупацыю, бо тут быў партызанскі край, аднак немцы пільна ахоўвалі чыгунку, па якой дзень і ноч ішлі эшалоны на ўсход. Нешта падобнае да двоеўладдзя адчувалі на сабе людзі ўсе тыя гады: днём немцы і паліцаі, ноччу — партызаны. Дзядзьку за сувязь з партызанамі ўзялі ў гестапа. А праз які час забралі жонку і падлетка-сына. Ён сам сядзеў у турме, а сын і жонка трапілі за калючы дрот канцлагера ля Барысава. Колькі яны выцерпелі, таго і жывёла не вытрымала б. Аднак пасля бясконцых пакут і страху смерці ім, яму асобна, а жонцы і сыну асобна, удалося ўцячы з гэтага пекла і застацца жыць.