Выбрать главу

І цяпер, на вяселлі, ён быў разам з імі — ужо стараватаю, непрыкметнаю кабетаю і маладым дужым сынам, такім, як бацька, рыжаватым. Сын сядзеў побач з жонкаю, вясёлаю, з буйным прыгожым тварам кабетай. І меў стары Храбры нават унукаў. Ужо недзе ў канцы, нібы між іншым, дзядзька Храбры сказаў, што гэта Вера ўцягнула яго ў партызанства, але што ён не крыўдуе на яе за гэта, бо тады рэдка хто мог застацца ў баку ад таго, што рабілася. Тое, што ён гаварыў, было не скаргай на жыццё, на лёс, а простым жаданнем расказаць новаму чалавеку, як яны тут жылі, што рабілі і чаго вартыя. Але і пахвальбы таксама не ўлавіў Драгун у дзядзькавых словах. Проста ён раскрываўся Драгуну як свайму чалавеку. Няйначай, што так, бо цяжкія ўспаміны растрывожылі яго душу, некалькі разоў ён пусціў слязу — у тым месцы, дзе ён расказваў, як пакутавалі яго жонка і сын.

А ўвогуле ўсе Драгуновы страхі памалу рассеяліся. Верыны бацькі аказаліся простымі, прыветлівымі людзьмі, шчырымі і сціплымі. Усе іх чацвёра дзяцей выйшлі ўжо ў людзі, двое скончылі інстытуты, двое — дзесяцігодку. Відаць, бацькам гэта далося нялёгка. Жылі яны сярэдне: мелі прасторную хату, хлеў, карову і пару падсвінкаў. Да таго ж быў яшчэ невялікі сад.

У Веры цяпер Драгун шукаў і знаходзіў рысы яе бацькоў. Яна была светлавалосая, як бацька, а нос і авал твару мела матчыны. Характарам яна хутчэй нагадвала бацьку: гаваркая і рухавая, са скрытым тэмпераментам. Маці здавалася больш засяроджанай, спакойнай, свае пачуцці і думкі трымала пры сабе, у яе не адчувалася той рэзкай перамены ў настроі, які прыкмячаўся ў Веры: бурнай весялосці да паныласці і наадварот. Ці мо тут рабіў сваё ўзрост? Як бы там ні было, Вера заставалася дачкою сваіх бацькоў, і, пабачыўшы іх, ён болей зразумеў яе самую. І яшчэ больш упэўніўся, што зрабіў неблагі выбар, бо, сыходзячыся з чалавекам, якога мала ведаеш, можна спадзявацца на ўсякае.

У Мінск яны ехалі нагружаныя ўсякімі падарункамі, прадуктамі, сумкамі і клункамі.

У аўторак Драгун купіў на Камароўскім рынку шпалераў. І адразу ж, прыйшоўшы з работы, узяліся за абклейку пакоя. Вера зварыла добрага клею з крухмалу, Драгун абдзіраў старыя шпалеры ў тых мясцінах, дзе яны адсталі. «Слаба прыклеіла Ліда»,— падумаў ён і ўсміхнуўся. Узяліся за работу дружна: што ні кажы, рабілі для сябе. Спачатку абклеілі паперай столь, доўга важдаліся, бо не давалі разгону бэлькі. Потым пачалі клеіць сцены.

— Ты купіў добрых шпалераў,— пахваліла Вера мужа.— У цябе цудоўны густ!

— Дзівачка! Я купляў тое, што засталося. Падзякуй выпадку.

— Усё ж такі тваіх заслуг тут болей, чым маіх.

— Нічога. Вось як паклеім сёння да паўночы, то будуць і твае.

— Да паўночы? Ды мы тут за пару гадзін скончым.

— Якая ты прэндкая, як у нас кажуць... Глядзі, твой цень заклею! Бач, вылазіць! Дай яшчэ адну стужку. Мо з-пад другое не вылезе. Хутчэй!

— Не дзяціней! — сказала Вера і ляпнула яму рукою па плячах.

Недзе ў гадзін дванаццаць яны яшчэ раз заварвалі клей, бо таго не хапіла, а засталася неабклееная цэлая сцяна. Абое стаміліся, але рашылі кончыць за адзін раз.

— А чаму гэта ты прыняў ад гаспадыні такі пакой?

— Які? — не зразумеў Драгун.

— Неабгледжаны, неаклеены...

— Ведаеш, лепей самому два разы зрабіць, чым ім раз казаць. Яна сама гаварыла пра гэта разоў пяць, але тым і скончыла. За гэта пакінула мне стол...

— Ох і стол!..

— Лепей, чым дзядзькаў... Асцярожна, загнеш бераг... Так, малайчына... Намазвай гэты кавалак,— камандаваў Драгун.— Бач, як дваім добра. А што я тут адзін зрабіў бы?

— А хіба да мяне сюды ніхто не заглядваў?

Драгун з падазронасцю зірнуў на Веру: няўжо яна што ведае? Але яму здалося, што яна закідвае вудачку наўгад. Таму ён гаварыў спакойна, схіляючы ўсё на жарт:

— Чаму не? Але яны доўга не хацелі тут быць, а тым болей — займацца такою прозай.

— А чым вы займаліся? Толькі паэзіяй?

— Паэзія заўсёды канчаецца прозай.

— Як гэта разумець?

— Усё, што мае пачатак, мае і канец.

— Кітайская прамудрасць...

Драгун маўчаў. Ён якраз прыклаў палосу паперы ад столі да падлогі, асцярожна стаў пагладжваць чыстаю анучкай, кабе лепей прыставала, каб не засталося зморшчак, каб адна палоса па малюнку прадаўжала другую.

— Цік-так, цік-так! Аднак ты дапытлівы чалавек. Я думаў, што цябе гэта турбуе менш за ўсё. Ажно не. Табе нагаварыў хто?

— Чаму ты думаеш, што нагаварыў?

— Бо там, дзе людзі не ведаюць, яны робяць здагадкі, пачынаюць фантазіраваць і, як правіла, даложаць.