Выбрать главу

— Начальству відней, каго цаніць... Але я не скарджуся... Сваё адпрацаваў, а цяпер магу ісці куды хачу.

Дырэктар крыва ўсміхнуўся. Відаць, яму такія словы не спадабаліся.

— Ці ёсць у вас кватэра? — спытаўся галоўны рэдактар, і гэтае пытанне, як адчуў Драгун, выратавала яго ад непрыемнасці,— ён мог нагаварыць лішняга і ўсё сапсаваць.

— Няма. Жыву на прыватнай. Але стаў на чаргу ў райсавеце. Праз гадоў пяць абяцаюць даць кватэру.

Усе, хто быў у кабінеце, акрамя Драгуна, усміхнуліся.

— Сямейны? — спытаўся яшчэ галоўны.

— Не.

— А ці любіце вы літаратуру? — падаў голас Гушчынскі, які ўвесь час маўчаў.

— Сказаўшы «не люблю», я адрэзваю сабе дарогу да вас... А сказаць «люблю» — надта галаслоўна. Таму я прамаўчу. Скажу толькі па сакрэту, што я сам спрабую пісаць...

— Вершы ці прозу?

— Прозу...— і Драгун заліўся чырванню, як дзяўчына. Каяўся: хто яго пацягнуў за язык? Нібы набівае сабе цану.

— А чаго вы пачырванелі?

— Не ведаю...

Усе засмяяліся.

— Ну, добра,— падвёў вынік размовы дырэктар.— Відаць, мы вас возьмем. Як ты скажаш, Гушчынскі?

Загадчык рэдакцыі паціснуў плячыма.

— Мне чалавек патрэбен. Думаю, што Драгун — неблагая кандыдатура.

— Калі напіша добра дыктоўку — бяром. З месячным выпрабавальным тэрмінам. Вось так! Згодны? — дырэктар абвёў усіх вачыма.

— Згодны, згодны,— падтрымалі дырэктара Чарняковіч і Гушчынскі.

— Мо гэты месячны выпрабавальны тэрмін лішні,— сказаў толькі Шахоўскі памяркоўна.

Дырэктар строга глянуў на яго, пацёр пальцамі сівую скроню.

— Не пашкодзіць! Вы лепей заўтра арганізуйце яму дыктоўку. Скажыце Зарубанавай, хай падбярэ тэкст. А вы, Драгун, зайдзіце днямі ці пазваніце яму,— і дырэктар паказаў вачыма на Гушчынскага.

На гэтым і скончыўся Драгуноў візіт да дырэктара.

2

Збоку можна было падумаць, што Драгун жыве без ніякага плана, стыхійна, сённяшнім днём. Але толькі ён адзін ведаў, што гэта зусім не так. Вось ён памяняў работу — здавалася б, выпадкова, а папраўдзе ён ужо год думаў над гэтым і чакаў выпадку.

Цяпер перад ім стаяла другая задача: памяняць кватэру. Ужо тры гады, як ён наймаў сабе кут у старых людзей на Беламорскай вуліцы. Домік іх быў невялікі, з сінімі аканіцамі, яшчэ новы. У адным канцы жыла вялікая сям’я, а ў другім — Драгуновы гаспадары: стары Фінкельштэйн з жонкай Эмай Маркаўнай. Старыя яму падабаліся, асабліва гаспадар. Гэта быў яшчэ дужы дзед, прысадзісты, круглы, з голенаю галавою і кручкаватым носам. Працаваў ён на радыёзаводзе, хоць меў больш як семдзесят год і атрымліваў пенсію за сына.

Уставаў ён рана, без будзільніка, мыўся, піў чай, а перад адыходам заўсёды не забываў пабудзіць Драгуна, хоць той ужо і не спаў — ён прачынаўся ад святла.

У суботу дзед надзяваў на сваю голеную галаву чорную кепку, кручкаваты нос сядлаў акулярамі і садзіўся чытаць «Талмуд». Ён чытаў, варушачы губамі.

Курыцу ён рэзаў спецыяльнай брытвай, якую перад гэтым доўга вастрыў. І тлумачыў Драгуну, што толькі вострым рэзаць не грэшна і што тады жывёла не чуе, як яе пазбаўляюць жыцця.

У маладосці, расказваў дзед, быў ён дужы. Родам ён з-пад Мінска, бацька меў сваю зямлю і добрую гаспадарку. Раз у вёску да іх прыехаў барэц. Сабраў вакол сябе падлеткаў, стаў іх вучыць, як дужацца. Барэц яму сказаў: давай паспрабуем так — ты стоячы, я — на каленях. «Я быў малады, дужы,— расказваў дзед,— згадзіўся. Паваліў барца. Ён яшчэ раз захацеў памерацца сілаю, і яшчэ раз я яго паваліў. Тады ён зазлаваў, бо хлопцы навокал сталі смяяцца з яго. Кажа: давай стоячы, як роўны з роўным. Але не паспелі мы ўзяцца, як найшоў мой бацька ды як дасць мне па вуху. Ты, кажа, што — хочаш, каб ён цябе скалечыў?»

Дзед Фінкельштэйн быў старэйшы за сваю Эму Маркаўну на гадоў дваццаць. Ён і яна сышліся пасля страты першай сям’і, яшчэ перад вайною. Яго сын ад першай жонкі, кандыдат юрыдычных навук, загінуў на фронце, а яна мела замужнюю дачку, зяця і дзве ўнучкі.

У вайну яны паспелі эвакуіравацца на Каўказ, а потым на Алтай, у Курган. Давялося пабачыць гора, бо ўцяклі яны ў чым стаялі і трэба было зарабляць на пражытак мазалём. Дзед на Каўказе хадзіў у калгас капаць абвадняльныя канавы. За гэта давалі на пражытак пшаніцу і буракі. За некалькі месяцаў такой працы дзед, як ні дзіўна, нічога не зарабіў, а нават застаўся вінаваты калгасу тры пуды пшаніцы. Але за тое, што ён сумленна працаваў — дарэчы, адзін на ўвесь калгас,— яму даравалі гэты доўг.

Эма Маркаўна таксама была родам з-пад Мінска, недзе са Смілавіч. У маладыя гады была актывісткай, членам партыі, арганізоўвала калгасы. Але яе «вычысцілі» — абвінавацілі, што давала кулакам даведкі, што яны з беднякоў. Цяпер яна (мо толькі на словах?) нічуць не шкадавала аб гэтым здарэнні, хоць і казала, што каб засталася ў партыі, то ўжо даўно стала б вялікім начальнікам. У гэта Драгун шчыра верыў, бо жанчына яна была развітая, разумная і дзелавая. Ва ўсім, пра што толькі з ёю ні гаварыў Драгун, яна разбіралася, сачыла за палітыкай, многа чытала, не магла легчы спаць, не паслухаўшы апошніх паведамленняў. Яна мела бухгалтарскую адукацыю, а цяпер працавала ў аптэчным кіёску, на Камароўцы.