Выбрать главу

— Слухай, Драгун, ты зрабіў цэлы даклад, я чуць не задрамаў, хай прабачыць аўтар,— перабіў Драгуна Гушчынскі.— Бліжэй да справы... Я ўвогуле згодны з тваёй канцэпцыяй, але баюся, што Важнік разаб’е яе адным довадам: так не бывае. Чаму такая асуджанасць, такі фаталізм, такая пакутніцкая тога на ўсіх героях, нават на Ячным? Дзе той аптымізм, тая вера, якая памагла нам, нягледзячы ні на якія беды і няшчасці, выстаяць і перамагчы?

— А няўжо той, каго пакідалі на верную гібель, радаваўся і быў шчаслівы, што выбралі менавіта яго, а не другога? — спытаўся Драгун.

— Дарагі мой, скажы гэта каму іншаму, а не мне ці аўтару. Справа ў тым, як мы прывыклі ўсё бачыць і ўсё паказваць.

— Любімае выслоўе Важніка, наколькі я ведаю: так, у жыцці можа быць яшчэ і не тое, але навошта ўсё гэта цягнуць у літаратуру? Тады ўзнікае пытанне: а што такое літаратура? Ілюстрацыя да жыцця ці адлюстраванне самога жыцця?

Тут пачалася спрэчка.

Гушчынскі. Усе мы гэта разумеем. Толькі нельга адразу прабіць ілбом сцяну.

Драгун. Выходзіць, уся бяда ў тым, што аўтар паказаў вайну ў нязвыклым ракурсе?

Базылевіч. Я хацеў паказаць, як людзі па-рознаму падыходзяць да адной і той жа з’явы. Нас прывучалі думаць і ўспрымаць усе з’явы аднолькава. Аднак гэта не так проста. Кожны чалавек жыве, думае, успрымае і ацэньвае ўсё па-свойму. З чалавека вельмі цяжка зрабіць аўтамат ці манекен. І вось гэта я хацеў паказаць. Якім трэба быць чулым, мудрым і пранікнёным, каб правільна накіроўваць масу, у якой кожны чалавек — асоба, а не баран.

Драгун. А калі падысці да гэтай масы з аднаю меркай, можна наламаць дроў.

Гушчынскі. І ламалі, колькі ўлезе...

Драгун. Мяне ўвесь час мучыць пытанне, і ніхто мне не даў на яго талковага адказу: чаму нам, каб даць немцу па зубах, трэба было страціць фактычна ўсю кадравую армію, тэхніку, аддаць пад акупацыю каля васьмідзесяці мільёнаў насельніцтва, каля шасці рэспублік, велізарныя базы сыравіны, прамысловыя цэнтры? Няўжо мы, страціўшы ўсё гэта, сталі мацнейшыя? Хоць і цяжка паверыць, а выходзіць, што сталі, бо толькі ў сорак другім немец адчуў нашу сілу.

Гушчынскі. Гэта не адносіцца да тэмы нашай гутаркі.

Базылевіч. На гэта пытанне адкажа час.

Гушчынскі. Бліжэй да справы... Мяне турбуе Ячны. Вы паказалі яго ворагам — беспаваротна.

Базылевіч. А хіба гэта супярэчыць праўдзе?

Гушчынскі. Не. Але гэта кідае цень на іншых сумленных людзей, якія, нягледзячы на ўсе крыўды, засталіся сумленнымі савецкімі людзьмі — і не здрадзілі, не пайшлі ў паліцыю.

Драгун. А ўласаўцы?

Гушчынскі. Гэта не з той оперы. Гэта ахвяры абставін.

Драгун. Чалавек — ахвяра абставін, хоць у нас яго прывыклі лічыць кавалём свайго лёсу. Ячны — таксама ахвяра лёсу, абставін. Ён быў адвержаны — так ці інакш. Яму ніхто не давяраў, як кулацкаму сыну. Ён затаіў злосць. Гэтая злосць магла б з ім памерці і не выйсці наверх, каб не абставіны. Ён ведае, што ўсе яны памруць — ушасцярых немцаў не стрымаеш. І ён падумаў: завошта я буду паміраць? Ён кідае вінтоўку і ідзе здавацца немцам. А тое, што яны яго забілі, у гэтым відна аўтарская пазіцыя. За здраду — ганебная смерць і пагарда нават ад ворага... Дык чаго мы баімся за аўтара, за яго пазіцыю? Пазіцыя яго правільная. Елісееў фактычна таксама здрадзіў, хоць стаў уцякаць не ў той бок, куды Ячны. Ён зросся з думкай, што ён савецкі чалавек, але не хацеў прымірыцца з тым, што якраз ён павінен памерці за гэты лад, які яго ўзгадаваў і вывеў у людзі. Чаму менавіта яго выбраў лёс? Ды не лёс, а нейкі там камбат, старшына Карпухін. Дарэчы, хто мне хоць у нейкай меры нагадаў схему, дык гэта старшына. Надта ён просталінейны, без усякіх сумненняў і думак гатоў злажыць галаву. Паміраць не так проста любому.