Выбрать главу

Базылевіч. Я згодзен з вамі. Карпухін болей схематычны, чым хто іншы. А што датычыць Ячнага, то якраз тое, што ён у безвыходным становішчы, штурхае яго на здраду. Пры іншых, болей спрыяльных абставінах, ён мог бы ніколі не быць здраднікам, а нават знешне лаяльным да ўлады чалавекам.

Гушчынскі. Выходзіць, мы не ведаем, што ў нас сядзіць?

Базылевіч. Чаму не? Не ведаем толькі, што з яго выйдзе.

Гушчынскі. Мне не падабаецца зададзенасць. Калі ён сын былога кулака, значыць, здраднік. Калі пакрыўджаны Савецкай уладай — значыць, патэнцыяльны здраднік.

Драгун. Але ж Свістуноў таксама ў пэўнай меры пакрыўджаны, аднак паводзіць сябе як герой.

Гушчынскі. Свістуноў заслужана пакараны.

Драгун. Гэта аб’ектыўна. А сам ён мог палічыць сябе толькі пакрыўджаным.

Базылевіч. Тут трэба зыходзіць з характару. Відаць, Свістуноў паводзіў бы сябе на месцы Ячнага зусім па-іншаму. Але тут мае значэнне выхаванне, асяроддзе і ўвогуле біяграфія чалавека. Нездарма я па меры сваіх сіл хацеў больш падрабязна паказаць біяграфію кожнага героя.

Драгун. У вас тут таксама некаторая зададзенасць... ці свая філасофія: корань усіх учынкаў, добрых і благіх, крыецца ў тым, які жыццёвы багаж у чалавека за плячыма. Сава не прывядзе сокала — гэта даволі пераканаўча.

Гушчынскі. Я зноў за сваё: якраз гэтая зададзенасць мне не падабаецца. Як у Заля — спадчыннасць, зачараванае кола, з якога не вырвацца.

Базылевіч. Якраз не. Учынкі чалавека не зададзены, не запраграмаваны, калі гаварыць моваю кібернетыкі. Яны лагічна вынікаюць з характару чалавека, з таго, як ён рос, жыў, як выхоўваўся. Учынак чалавека ў даным выпадку — не якая-небудзь нечаканасць, а лагічны крок. Свістуноў шчыры, ён увесь як на далоні, ён нічога ад нікога не хавае, і калі ён робіць так, а не так — яго разумееш — інакш ён не мог зрабіць. А Ячны — зусім іншы характар.

Гушчынскі. Здрада ў яго ў крыві — ці не так?

Базылевіч. Не. Але пры пэўнай сітуацыі здрада магчыма.

Драгун. Менавіта. Мы пачынаем паўтарацца... Чаму вас, Пятрусь Ігнатавіч, хвалюе, як я бачу, якраз гэтае пытанне?

Гушчынскі. Ды таму, што я сам... я сам не здрадзіў, а пайшоў у партызаны. Хоць, як пачалася вайна, мяне не ўзялі ў армію як сына рэпрэсіраваных бацькоў. Мог я пакрыўдзіцца на ўладу за гэта?

Базылевіч. У вас была закладзена здаровая аснова. Моцны хрыбет. Слабы такіх нагрузак не вытрымлівае, ломіцца.

Гушчынскі. Вы, я бачу, майстар падводзіць базу.

Яны спрачаліся яшчэ з паўгадзіны. Драгун заўважыў, што Гушчынскі паволі схіляецца на бок Базылевіча. Гэта ўжо адно, а яшчэ тое, што Гушчынскі — сын рэпрэсіраваных бацькоў, адразу ўзняло яго ў Драгуновых вачах.

Нарэшце вырашылі: аповесць выдаваць так, як напісана, насуперак думцы рэцэнзента.

Якраз канчаўся рабочы дзень, усе разыходзіліся. Апрануты ў светлы макінтош, у капелюшы, зайшоў у рэдакцыю галоўны. Іншы раз ён заходзіў па Гушчынскага, яны жылі па-суседству.

Гушчынскі неяк афіцыйна сказаў галоўнаму:

— Пазнаёмся, Павел Пятровіч, гэта аўтар «Жураўлінага кліна» Базылевіч.

Быліна не выказаў ніякіх пачуццяў, холадна кіўнуў галавою і нават не падаў рукі. А Базылевіч устаў і зрабіў паклон галавою.

...Потым, праз некалькі год, калі Базылевіч стаў нечакана для многіх адным з лепшых празаікаў, той жа Быліна кланяўся яму і з кітайскай усмешкай паціскаў руку.

14

Першы час пасля жаніцьбы Драгун ніяк не мог прывыкнуць да снедання. Адзін на снеданне ён піў чай з кавалкам хлеба, намазаным маслам, а то і так. А Вера прывучыла яго з’ядаць якую-небудзь кашу, катлету, а потым ужо запіць чаем ці кавай. Цяпер ён сам здзіўляўся, чаму так не глядзеў за сваім бытам. Можна было ўсё-такі жыць лепей. Нездарма ў яго часцяком балела галава, а далоні рук два разы ў год «лінялі» ад авітамінозу.