У іх вёсцы жыла адна сям’я, у лёсе якой было поўна фатальнага трагізму. Маці і пяцёра дзяцей. Бацька памёр і пакінуў іх зусім малымі. Беднасць, хата на курынай ножцы. Дзеці, як толькі падрастаюць, ідуць парабкаваць, меншыя наймаюцца ў пастухі. Вырастае старэйшая дачка... У яе закахаўся панскі парабак. Яна не захацела выйсці за яго замуж. Ён застрэліў яе і сябе. Драгун памятае — яму тады было гадоў шэсць,— як хадзіў з дзедам глядзець тое страшнае відовішча... А ў вайну, у час акупацыі, трох сыноў гэтай няшчаснай кабеты немцы схапілі невядома за што і павялі расстрэльваць... Тут, падумаўшы, можна ўзяць матэрыялу калі не на аповесць, то для добрага апавядання. Ён даўно ўжо спрабаваў, але ўсё на месцы.
Прыязджала Вера, і Драгун адкладваў свае задумы. Пры ёй ён зусім не мог брацца за пяро — нічога не выходзіла. Каб пісаць, яму трэба быць аднаму. Пішучы, ён адчуваў сябе нібы голым, і ўсякі пабочны чалавек, нават свой, не даваў яму заставацца самым сабою, прыводзіў яго ў замяшанне: думкі пачыналі блытацца, рука збівалася з рытму. Здавалася б, адкуль такое адчуванне магло ўзяцца, на якой глебе вырасці? Мо ўсё ішло ад таго, што ён ад нараджэння быў сарамяжлівы?
Вера з камандзіроўкі вярталася свежая, загарэлая — як з курорта. Драгун пазіраў на яе і радаваўся.
— Відаць, табе там някепска паводзіцца?
— Ты на што-небудзь намякаеш? Ой, глядзі! — яна пагразіла яму пальцам.
— Што ты! Мне прыемна, што ты папраўляешся.
— Ты ведаеш, мне там і праўда лепей. Мо паветра, мо свежае малако ці сялянскі хлеб, але там я проста адпачываю. І Пэпік маўчыць, ні разу нават не знудзіла, не кажучы ўжо пра горшае.
— Малайчына, Пэпік! — з лёгкай Верынай рукі і Драгун называў тое, што ў іх будзе, Пэпікам.— Ён ведае, што ты там адна і цябе няма каму пашкадаваць, як толькі яму.
Цяпер яны ўжо гаварылі пра малое так, нібы яно было на свеце, толькі не з імі, а недзе ў бабкі ці дзеда, і называлі яго пяшчотна Пэпік, хоць ён мог аказацца і якой-небудзь Пэпітай.
А дома Пэпік паводзіў сябе зноў кепска: Вера пакутавала кожны дзень. Хадзіла нават да доктара, ды што тут доктар параіць? Заставалася адно — цярпець. І яна цярпела. Але чым далей ішоў час і чым бліжэй падыходзіў тэрмін паяўлення Пэпіка на свет, Вера рабілася ўсё хмурнейшай. Драгун спачатку глядзеў праз пальцы: ці мала што можа паказацца жанчыне? Аднак адагнаць ад сябе благія думкі надоўга не мог. Ды пакуль ён збіраўся высвятляць, Вера пачала першая.
На дварэ стаялі маразы, і Драгунам даводзілася паліць печку два разы ў дзень — раніцай і вечарам. Холадам веяла ад вокан, з усіх шчылін ля падрубаў, са склепа пад падлогай.
Ухадзіўшыся, Вера лягла ў пасцель, узяла кніжку, а Драгун усё хадзіў па пакоі, варушыў прысак у печы, каб хутчэй перагараў, каб можна было зачыніць комін.
— Кладзіся ты ўжо, чаго снуеш, як цень? — сказала Вера.
— Зараз. Пакладу толькі анучку на акно, цячэ з дубэльтаў.
Драгун бачыў, што сёння ёй не чытаецца, хоць звычайна ён адбіраў у яе кніжку, бо не мог заснуць пры святле.
Ён распрануўся.
— Выключай, я начыталася,— папрасіла Вера.
— Нешта ж ты сёння нормы не дабрала.— Драгун лёг у пасцель.
— Ты хочаш спаць? — спытала яна ў адказ.
— Хачу... А што?
— Ай, з табою ніколі не пагаворыш. То ты заняты чым-небудзь, тады да цябе не падступішся, то спіш як забіты. Не верыцца, што ў цябе некалі была бяссонніца.
— Я і сам цяпер не веру,— Драгун пазяхнуў на ўвесь рот, аж сківіцы затрашчалі.
— А ці думаў ты, дарагі мой гаспадар, што нас чакае?
— Хіба мне рабіць няма чаго, як толькі думаць?
— Не, я пытаю сур’ёзна...
— Калі сур’ёзна, то думаў.
— І што ж ты прыдумаў? — Вера павярнулася да яго.
— Думаю, што нічога страшнага ў нас наперадзе няма.
— О, які ты аптыміст! Проста не пазнаць цябе.
— Дык гэта ж ты мяне так выхоўваеш.
— Перастань... Вось цяпер, як напалілі печку, то ў нас цёпла, а раніцай будзе дзесяць градусаў. Што нам скажа малое?
— Ну, мо к таму часу будзе вясна...
— Якая вясна? Гэта недзе ў лютым, самыя халады.
— У лютым? Трэба будзе раней уставаць, паліць печку.
— Усё ў цябе проста.
— А што другое прыдумаеш? Дабівацца кватэру? Як ты яе даб’ешся? Хіба галавою аб сцяну.
— Ты не злуй, гавары спакойна. Кватэра ў нас гэтая, і трэба пра яе і думаць. Трэба агледзець падрубы, абкідаць хоць снегам, калі няма саломы. Купіць якую электраплітку, ці што, каб ноччу можна было ўключыць, калі дзіцяці мяняць пялёнкі трэба. Дроў сухіх дастаць яшчэ трэба, а то прывёз сырызны...