— Якіх давалі, такіх і прывёз. Там усе такія. Гэта ж не ў лесе, а на складзе.
— Ты не вінаваты, я ведаю. Але малое не захоча нічога прызнаваць, яму патрэбна цяпло. І ты павінен яго даць, гаспадар мой... Дай сюды руку, хутчэй! — Вера ўзяла яго руку, прыклала да свайго вялікага жывата.— Чуеш, як стукае? Укладваецца спаць наш малы Пэпік.
Малы варушыўся і стукаў заўзята, нібы хацеў наверх.
— Рухавы чалавечак,— Драгун далікатна пагладзіў Веру па жываце.— Ціха, ціха, супакойцеся, усё зробім...
— Гэта адно. Цяпер другое... Ці думаў ты, з кім будзе наша малое, калі я пайду на работу?
— Пра гэта не думаў. А навошта так далёка забягаць?
— Ці далёка? Які ты, аднак, бесклапотны.
— А што ты прыдумала?
— Я хачу працаваць. Што ты на гэта скажаш?
— На гэтай самай пасадзе?
— Дачасу можна і на гэтай.
— Прападзі яна пропадам! Шэсцьсот рублёў у месяц. Пасля васемнаццаці год вучобы!
— А што рабіць! Ісці заатэхнікам — калі ласка. Паедзем у вёску, будзем жыць. Ты будзеш настаўнікам. Чым кепска?
— Калі на словах, то я хоць зараз. А падумаўшы — то лепш тут кепска, чым там добра. Хоць і там людзі жывуць. Мае некаторыя аднакурснікі маюць ужо свае хаты. А я — пралетар.
— Гэта і кепска... Нам-то што? Мы да ўсяго прывыклі. А вось дзеці нашы...
— Іх яшчэ няма. А будуць — таксама прывыкнуць.
— Ты сваё гнеш... Аднак ведай, што я буду працаваць.
— Буду ведаць... Ну, хопіць! Мо прыснім прароцкі сон, які паможа нам выйсці з тупіка.
15
Пэпіка чакалі з дня на дзень, але ён не спяшаўся. Ужо тры дні бегаў Драгун у радзільнае аддзяленне, з хваляваннем праглядваў спісы на стале ў пачакальні, але прозвішча свае жонкі ўсё не знаходзіў. І на пяты дзень, калі ўжо нават не верылася, што чаго-небудзь можна дачакацца, убачыў: «Драгун В.— дачка». О, божа! Пэпік, як ты нас падвёў! Расчараванне было горкае, але кароткае. Якая розніца? Усё роўна дзіця! Ён сеў, напісаў запіску.
«Дарагая, любая Вера! Дзякую табе за дачушку (бог з ім, з Пэпікам), шчаслівы і рады, што ўсё добра! Як ты сябе адчуваеш? Я так доўга чакаў гэтага моманту! Уяўляю, як было чакаць і пакутаваць табе! Ну, цалую вас абедзвюх, рад за вас. Як назавём малую? Адсылаю гэту запіску, а сам бягу ў магазін, куплю што-небудзь, бо прыйшоў з пустымі рукамі, думаў, грэшны, што ты мяне зноў нічым не парадуеш. Спяшаюся. Цалую вас!
Бацька. (Ура! Я — бацька!)»
Згарнуў, надпісаў нумар палаты, перадаў жанчыне, якая прымала перадачы, і пашыбаваў у магазін. Што ўзяць? Смятаны, кампоту, яблык. Пакуль што хопіць. Потым яна напіша, што трэба...
Радасна, лёгка адчуваў сябе Драгун. Купляў, ішоў, а думкі ўвесь час круціліся вакол аднаго: у іх дачка! Ён толькі прыйшоў у перадатачную, а яго чакала ўжо запіска, кароткая, але радасная і ўсхваляваная. І зусім змененым почыркам.
«Мой дарагі! Я самы шчаслівы чалавек на зямлі! У мяне ёсць дачка і ты! Мы ўтраіх! Дзякую за твае цёплыя словы! Цалуем цябе. Прывітанне знаёмым, гаспадыні!
Вера і твая зусім малая-малая дачушка».
Драгун ішоў на работу і не чуў пад сабою ног. У магазіне ўзяў бутэльку шампанскага, і ў рэдакцыі яны паціху распілі яе. Драгуна адправілі дадому, сказалі, каб ішоў адаспацца.
І ён пайшоў, сагрэты цеплынёй сяброўскіх словаў. Трохі кружыла ў галаве, на душы стала лёгка. Мароз шчыпаў за вушы, але Драгун нават і не думаў апускаць навушнікаў у шапцы. Глупства мароз! Хай тут хоць які мароз, хай будзе найбольшая замець — цяпер яму нічога не страшна! У яго дачка! Хоць ён яшчэ не бачыў яе, хоць яшчэ не трымаў на руках, не ведае, на каго яна падобная. Ён ішоў і з цікаўнасцю прыглядаўся цяпер да малых дзяцей, на якіх дагэтуль ніколі не глядзеў. А цяпер... Асабліва на тых, што сядзелі яшчэ на руках у бацькоў, на такіх, што закручаныя ў цёплыя коўдзеркі, спавітыя ў пялёначках...
Дома ў пакоі было холадна, але ён не стаў паліць у печцы — не хацелася. Што ж рабіць? Сеў пісаць, каб выліць на паперу ўсе свае пачуцці. Але парваў напісанае. Была нейкая сентыментальнасць, ён не пазнаваў сябе... Пахадзіў па пакоі, трохі супакоіўся. Градуснік на сцяне паказваў усё тыя ж дзесяць градусаў. Гэта адразу ж вярнула яго да клопатаў пра сённяшні дзень. Мо схадзіць у магазін, купіць дзіцячую коўдру, пялёнак, кашулек, распашонак? Але хай мо Вера што параіць сама... За што ні браўся — усё здавалася нецікавым, праўдзівей, не адпавядала важнасці моманту. Ага! Трэба напісаць пісьмы — дадому, сястры ў Казахстан і да Верыных бацькоў. Хай ведаюць, што такая падзея. Хай супакояцца...