Выбрать главу

— Толькі з адной умовай: прашу не называць мяне на «вы». Цярпець не магу. Давай дамовімся раз і назаўсёды: Яраславам заві мяне, браце.

Гэта былі першыя словы, якія ён сказаў Драгуну.

— Добра,— згадзіўся Драгун.— Добра, Яраслаў Мудры, сядай, і будзем здымаць пытанні.

— Наконт мудрасці памаўчым,— усё з той жа шчырай усмешкай сказаў Каралевіч.— Рэдактары нават Талстога вучылі мудрасці. Так што вучы і мяне, бо я яшчэ зялёны.

— Паспееш, паспееш...

Драгун гаварыў шэптам, каб не перашкаджаць людзям, а Каралевіч заставаўся сам сабою — калі спрачаўся, то на ўсё горла, калі даказваў, то закасаўшы рукавы, калі рагатаў, то дрыжалі шыбы.

Драгуна здзівіла, што Каралевіча вельмі лёгка можна пераканаць. Ён адразу здаваўся, калі бачыў, што заўвага правільная, што трэба паправіць ці выкінуць. Затое ў прынцыповых рэчах ён быў цвёрды, як скала, і зноў жа Драгун пачынаў паважаць яго за гэта, бо сам не любіў людзей, якія з-за дробязі маглі лезці на сцяну і даказваць сваю «праўду», а ў важных, вялікіх пытаннях, калі можна было нечым паплаціцца, адразу ўзнімалі рукі.

... Работа ішла дружна. Дапрацоўка пасля рэцэнзента. Дапрацоўка пасля рэдактара. Дапісванне, перапісванне, перадрук — усё гэта страшэнна стамляе. Каралевіч, мала прывыклы да такое справы, валіўся з ног. Драгун супакойваў яго: кожны аўтар праходзіць праз такі чысцец, іначай не трапіш у рай.

Урэшце Драгун падпісаў кніжку ў набор. Гушчынскі чытаць не стаў, падпісаў таксама. Драгун панёс галоўнаму, Быліне.

— Пакіньце, буду чытаць,— сказаў той суха.

А недзе праз тыдзень выклікаў ён рэдактара Роўбу і ўручыў ёй рукапіс Каралевіча.

Драгуна нешта пачало тачыць, нешта турбаваць. Навошта яго рукапіс даюць Роўбе? Чаму не сказалі яму ні слова? Такія рэчы ў рэдакцыі бывалі — калі рукапіс чытала амаль уся рэдакцыя. Гэта каб ведаць калектыўную думку, калі кніга была спрэчная... А тут нешта не тое. Праўда, Роўба не з тых, што выслужваюцца, яна скажа сумленна ўсё, што думае. А калі пабаіцца? Роўба была разумная жанчына, заўсёды спакойная, ураўнаважаная — усё роўна як родная сястра Жывіцы. Драгун паважаў іх абедзвюх.

Як бы там ні было, а час ішоў, машына круцілася, графікі падганялі — падпісаны рукапіс трэба здаваць у набор. План ёсць план, вытворчасць вымагае рытмічнасці, рабочы ў друкарні павінен мець працу... Роўба прачытала рукапіс. Іх сталы былі побач, яны лічылі сябе добрымі суседзямі, і гэтая чытка, як потым аказалася, не парушыла іх добрых адносін.

Зайшоў Гушчынскі і трохі з’едліва, хоць і па-сяброўску сказаў:

— Галоўны цяпер выклікае парамі. Пакуль што Роўбу і Драгуна. Цікава, каго наступнага? Калі б мяне і Жывіцу — не адмовіўся б.

Жывіца толькі паказала яму два рады густых зубоў, але змоўчала. За яе сказаў Пракурат — і якраз тое, чаго баяўся сам Драгун:

— Пабачым, што яшчэ з гэтай пары выйдзе. Туды яны ідуць сябрамі ці таварышамі, прынамсі, а адтуль могуць вярнуцца ворагамі.

— Ну, гэтая пара не пасварыцца! — Гушчынскі шматзначна падміргнуў.— Можаце браць прыклад.

— А вы хацелі б, каб мы грызліся? — Роўба папраўляла перад люстэрачкам валасы.

— Навошта? Лепей цалуйцеся,— Гушчынскі сёння нешта націскаў на пачуцці.

Роўба не так даўно развялася з мужам, да гэтага жылі яны кепска, яна часта прыходзіла на працу з чарнякамі на твары, і Драгун ёй спачуваў: некалі яго бацька таксама біў сваю жонку, яго маці,— аж дагэтуль, пакуль ён не падрос і не сказаў: даволі!.. Сяды-тады, калі ў рэдакцыі выпадала заставацца ім дваім, Роўба расказвала Драгуну пра свае сямейныя драмы. Мо гэтае паразуменне і было расцэнена ў рэдакцыі як скрытая сімпатыя ці яшчэ што болей, хоць як жанчына Роўба не выклікала ў Драгуна ніякіх эмоцый. Проста яна была для яго таварыш па рабоце — як усе іншыя: Пракурат, Нагорны, Каляда, Маскалевіч, Малышка ці яшчэ хто. Калі ўжо гаварыць шчыра, то душой яго цягнула да Жывіцы: яна падабалася яму і знешне, і як чалавек. Але што з гэтага? У кожнага ёсць свае сімпатыі і антыпатыі, ды ніхто пра гэта не крычыць.

— Што яны ўсё намякаюць, я не разумею? — спытала ў яго Роўба, калі яны ішлі да галоўнага.

— Ну, што між намі нешта ёсць... Але плюньце вы на гэта.— Драгун махнуў рукой.

Галоўны цяпер сядзеў у дырэктарскім кабінеце, бо замяшчаў дырэктара: той паехаў адпачываць.

Галоўны выйшаў з-за стала і запрасіў іх сесці за вялізны стол для нарадаў.

— Тут нам месца хопіць,— сказаў Быліна і сам зарагатаў.

Ён заўсёды першы гучна рагатаў са сваіх жартаў, якія не заўсёды выходзілі дасціпна, і здаралася, што ён рагатаў толькі адзін ды часам які падліза, каб заслужыць ласку ў начальства.

А цяпер Роўба толькі злёгку ўсміхнулася, а ў Драгуна выраз твару застаўся посны: яго турбавала больш тое, што зараз пачнецца.