Выбрать главу

Жыць апошнім часам стала зусім цесна: гаспадыня, каб паправіць свой бюджэт, узяла яшчэ аднаго кватаранта. Гэта была адна з многіх прычын, якія змусілі Драгуна шукаць сабе новага месца. А месца ён ужо сабе апытаў, цвёрда дамовіўся з адным чалавекам, што, як толькі яго сямейны кватарант выберацца ад яго, Драгун можа перасяляцца. Праўда, за асобны пакой плата ў два разы даражэйшая, але Драгун пра грошы думаў менш за ўсё: яго планы ішлі далей.

Цяпер ён ужо думаў, што трэба купіць. Па-першае, ложак, бо ён спаў на гаспадаровай кушэтцы, а ў сенніку была звычайная салома з Камароўскага рынку. Кухонны столік таксама патрэбны. Ну, усякія там дробныя рэчы, як чайнік, керагаз, бо гэтага нічога ён не меў, карыстаўся гаспадаровымі. Прызнацца, ён рэдка калі дома і еў, хадзіў болей па сталоўках, хоць і яны абрыдлі яму страшэнна, і адзін толькі пах сталоўскай кухні адбіваў у яго апетыт.

За тры гады ўелася ў косці адзінота. Хацелася да людзей, да знаёмых, да былых сяброў. Але яны або апынуліся далёка ад яго, або былі па горла заняты сваім клопатам, часу для Драгуна не знаходзілі. Ён пачынаў паволі расчароўвацца ў сябрах. Каго лёгка было знайсці, дык гэта аматараў выпіць. Ды ён не зблізіўся з гэтай катэгорыяй людзей, і мо таму, што самога да чаркі не вельмі цягнула. Знаёмых дзяўчат у яго амаль не было, а знаёміцца спецыяльна ён не ўмеў, праўдзівей, не мог. Калі ён бачыў дзяўчыну, якая яму спадабалася з першага позірку, якая яго адразу зачаравала, дык каб нават яна падышла да яго і першая зачапіла, ён не змог бы ёй нічога адказаць. У яго адымалася нават мова, не толькі ногі. З другога боку, у яго да прыгожых дзяўчат жыў у душы недавер: як правіла, яны легкадумныя, недалёкія, памешаны на сваім харастве — і больш нічога і нікога не хочуць знаць і ведаць. І хоць сэрцам цягнула да іх, розум пратэставаў. Жыў яшчэ ў ім падсвядомы страх за сваю свабоду. Ён ведаў, што прыгожыя жанчыны маюць над мужчынамі вялікую ўладу. А служыць каму-небудзь Драгун не збіраўся.

Цяпер ён меў некалькі знаёмых, але каб яму сказалі: жаніся, то ён адказаў бы, што няма з кім.

На першай рабоце ў яго было дзве дзяўчыны, але да абедзвюх не ляжала душа. Ліда Чалевіч была таўсматая, кірпатая і рухавая сакатушка, расла сіратою, відаць, не бачыла ў жыцці ласкі і спагады і шукала яе ў людзях. Яна працавала карэктарам. Аднойчы на нейкае свята Калуцкая з аддзела кадраў назначыла Драгуна дзяжурыць у выдавецтве. Драгун не ведаў, хто яго падмяняе, бо застаўся адразу пасля работы, з шасці. Ён прабыў недзе да 12-ці ночы, сядзеў у бухгалтэрыі на цыратовай чорнай канапе і чытаў кнігу. Прыйшла Ліда — вясёлая, смяшлівая, села побач. Драгун тады яшчэ нават не падазраваў, што яна да яго заляцаецца, і быў проста ашаломлены, калі адчуў на сваёй шыі Лідзіны гарачыя рукі...

Другая дзяўчына, Люся Здановіч, хадзіла як пава — важная, надзьмутая, ганарыстая. Чуць што — сварылася з карэктарамі, на якіх глядзела зверху са свае рэдактарскай пасады. А з Драгуном рабілася як шаўковая — і яго гэта адразу насцярожвала і нават студзіла. Ён любіў людзей роўных, стрыманых, аднолькавых з усімі. Хоць у душы ў цябе і бушуе пажар, умей не паказаць гэтага. Неяк аднойчы вечарам ён сядзеў за сталом на сваёй кватэры. Пачуўся стук у шыбу.

Драгун падняў фіранку і ўбачыў, што за акном стаіць Люся Здановіч. Да яго яна ніколі не прыходзіла. Няйначай, нешта здарылася.

Драгун выйшаў у сені, адчыніў дзверы і ступіў на ганак. Люся кінулася да яго, і ён адчуў, што яна вісіць у паветры, праўдзівей, на яго шыі. Яна была задыханая, шчаслівая, радасць яе праяўлялася бурна, неўтаймавана. Калі яна трохі супакоілася, ён спытаў, што з ёю. І яна са слязьмі радасці ў голасе сказала, што яе верш надрукавалі ў літаратурнай газеце ў Маскве.

Былі яшчэ дробязі, мо нават самыя нязначныя, аб якіх ён ніколі нікому не скажа, але яны якраз гаварылі мо нават болей, чым што іншае.

Па крайняй меры, Драгун занадта многа ведаў гэтых дзяўчат, каб зблізіцца з імі. Яны здаваліся яму нецікавымі.

Была і яшчэ адна асоба, з якою пазнаёміў яго сябра Місюк — неяк выпадкова летам на Камсамольскім возеры. Вечарэла, усе ўжо разыходзіліся, а Драгун яшчэ хацеў пакупацца, але Місюк падвёў да яго нейкіх дзяўчат і стаў знаёміць. Гэта былі аспіранткі з акадэміі, адна мажная, поўная, грудастая, а другая шчуплая, меншая ростам, сімпатычная з твару, смелая і гаваркая. Ішлі яны з возера парамі: Місюк з тою, мажною, а Драгун — з меншаю, Верай Выдзерскаю. Тады ён прасядзеў з ёю вечар у скверыку каля акадэміі і адчуў, што ў яго душы ёсць нешта вельмі блізкае да яе — як бы яны сваякі ці вельмі даўно знаёмыя, толькі доўга не бачыліся і вось спаткаліся, пагаварылі душа ў душу — і адразу стала лягчэй. Хацелася слухаць яе, а потым расказваць пра сябе, гаварыць самае патаемнае, такое, што сядзіць глыбока, што не кожнаму адкрыеш.