— Правільна. Вось вы ўсё хваліце... Амаль што пераканалі мяне... Толькі ў адным я ўпэўнены: у яго засмечаная мова.
— А чаго? Мова неблагая, трохі мо залітаратураная,— сказаў Драгун.
— Кажу, засмечаная! — аж пырснуў слінаю галоўны.— Няўжо вы сляпыя, таварышы рэдактары? Ліктары, фаскі, курульнае крэсла, каралеўскі дрыкгант... Што гэта? Трэба перад сабою трымаць слоўнік іншамоўных слоў і праз кожныя пяць хвілін шукаць гэтыя фаскі, крэслы, дрыкганты! Што нам, станавіцца на калені перад кожным модным словам Каралевіча?..
І тут, ускочыўшы на ногі, ён з зайздросным спрытам выбраўся з-за стала, грукнуўся на калені і стаў хрысціцца шырокім узмахам рукі:
— У імя айца, і сына, і святога духа, амін! Дзякуй табе, Каралевіч, што ты выкапаў нам новае слова, мы век пражылі б і не ведалі б, што яно ёсць на свеце!
Ён аж задыхаўся, у куточках губ паказалася белая пена. Цяжка, сярдзіта сапучы, ён устаў з калень, механічна атрапаў штаны і сеў з краю ля стала, яшчэ поўнымі злосці вачыма азіраў кабінет, нібы чагосьці шукаючы.
Роўба спалохана глянула на Драгуна, той няўцямна паціснуў плячыма і маўчаў, не ведаючы, што рабіць: смяяцца, плакаць ці быць сур’ёзным, хоць у душы ён рагатаў. Такога артыста, як Быліна, ён бачыў першы раз.
17
Раніцай Валька была вясёлая, а пад вечар зусім панікла: капрызнічала, плакала, не хацела браць соскі. Вера карміла яе ледзь не сілаю.
— Што ты ёй сунеш гэтую соску, калі яна не хоча,— зазлаваў Драгун.— Мо ў яе тэмпература? — ён прыклаў губы да лобіка.— Схадзі да гаспадыні, пазыч градуснік. Я забыўся купіць.
Вера выйшла. Драгун застаўся з дзіцем адзін, насіў яго на руках, разглядваў. Дзіцячы боль і неспакой перадаваўся яму, як па індукцыі. Страх за жыццё гэтай малой істоты перапаўняў яго душу. А месяц назад Драгун браў на рукі малое і нічога не адчуваў.
Вярнулася Вера, паставілі градуснік. Драгун хадзіў з Валькай па пакоі. На руках дзіця не плакала.
— Ну, глядзі ўжо,— падганяла яго Вера.
— Трыццаць дзевяць і адна.— Драгун сам спалохаўся свайго голасу.— Бяры дзіця, а я іду званіць у «Хуткую».
Ён апрануўся і выбег з хаты. Была сярэдзіна сакавіка, а мароз усё яшчэ трымаў, кожную ноч намятала снегу. Цяпер таксама мяло, але неяк няроўна, парывамі, нібы вецер выдыхаўся, браў з апошніх сіл.
Ля магазіна аўтамат не працаваў, не даваў гудкоў, давялося ісці далей, на праспект. Але і там не пазваніў — у тэлефоне абрэзана трубка. Драгун вылаяўся, падумаў, дзе тут бліжэйшая будка, а потым вырашыў, што лепей пайсці пехатой у бальніцу — тут не зусім далёка.
У вахцёра ў прахадной спытаў, дзе «Хуткая дапамога».
— На рагу двухпавярховы дом, у падвале,— сказаў яму стары дзядзька, апрануты ў дзесяць адзежак.— Ідзі па гэтай сцежцы.
Сцежку ўсю замяло, Драгун набраў поўныя туфлі снегу, але «дапамогу» знайшоў.
— Пачакайце трохі,— сказаў малады смуглявы доктар з бакамі,— машыну выклікалі з паўгадзіны назад. Павінны хутка прыехаць.
Драгун уздыхнуў і сеў на канапу, пацёртую і скрыпучую. Тут жа сядзеў пажылы калматы мужчына ў бравэрцы з шынельнага сукна. Зарыўшыся ў настаўлены каўнер, ён драмаў. Доктар сядзеў за сталом і нешта запісваў у тоўстую бухгалтарскую кнігу. Час ішоў марудна. Драгун праз кожныя пяць хвілін паглядваў на гадзіннік. Нарэшце пачуліся крокі, у дзвярах паказалася маладая дакторка з чамаданчыкам, за ёю — мужчына у паліце, няйначай, шафер.
— Да вас,— сказаў малады доктар з бакамі.
Дакторка глянула на Драгуна, распытала пра ўсё, потым запісала ў кнігу прозвішча і імя пацыенткі. Селі ў машыну, паехалі. У Драгуна адлягло на сэрцы.
Вера спаткала яго сярдзіта:
— Дзе ты гэтулькі быў?
— Вось прывёз «дапамогу»...
Дакторка агледзела дзіця, паслухала грудзі, спінку.
— Якая тэмпература?
— Трыццаць дзевяць і адна...
— Чаму раней не выклікалі? Не бачыце, што дзіця задыхаецца? — сурова сказала яна маладым бацькам.
— Так раптоўна... Хто мог падумаць... А што ў яе? — трывожна спыталася Вера.
— Пнеўманія двухбаковая. Збірайцеся, маці. Хутка!
Вера абула цёплыя чаравікі, апранула паліто, закруціла дзіця.
— Я гатова.
— Паехалі.
— А мне можна з вамі? — спытаўся Драгун.
— Калі ласка.
Драгун трымаў Вальку на руках, Вера сядзела побач і выцірала слёзы.
— Супакойся, Вера. Ці толькі наша хварэе?
Але Вера, здавалася, не чула яго.
...Зноў Драгун апынуўся адзін. Вера з Валькай ляглі надоўга. Кожны дзень ён бегаў у бальніцу, насіў малако, якое браў у тых самых дзвюх жанчын, што і раней. Веру з Валькай на руках ён бачыў на калідоры, перадаваў малако ў двухсотграмовых бутэлечках, а забіраў пустыя. Прыносіў часам што Веры, хоць яна нічога не прасіла. Ранейшая яе свежасць прапала, Вера асунулася, пад вачыма віселі цёмныя падковы. Прапала яе ранейшая жывасць, твар стаў аднастайна-сумны, нерухомы, вочы патухлі. Падобна было, што хворая яна, а не дзіця.