Выбрать главу

— Чаго ты так раскісла? — казаў ёй Драгун.— Мне здаецца, што ты вінаваціш сябе, увесь час грызеш сябе... Нібы Валька захварэла па тваёй віне.

Вера апусціла галаву.

— Ты адгадаў... Я кепская маці... Не ўсцерагла дзіця. І яшчэ кепская — няма свайго малака. Свае клопаты я перакладаю на цябе... Ты даруй мне...— І яна ўсхліпнула.

— Перастань, Вера. Ні ў чым ты не вінавата. І не дакарай сябе дарэмна. За ўсё будзем адказваць разам. Весялей глядзі на свет, чуеш?

Вера ўзняла вочы, усміхнулася.

— Добра. Я рада, што ты мяне разумееш. Толькі табе таксама не лёгка.

— Пра гэта не думай. Я гэтулькі часу жыў без клопату, што аж моташна стала. А цяпер знайшоў нейкі сэнс, мэту... Не бядуй, паправіцца наша малая, і мы зноў зажывём весела.

— Каб жа хутчэй...

Вера зноў хмурнела. Драгун казаў «да заўтра» і ішоў дадому. Там яго апаноўвала нязвыклая цішыня. Добра ўсё ўпярэмешку, а калі цішыні занадта многа, робіцца вусцішна. Хочацца недзе ўцячы, да некага ісці. А выходзіў — і, пахадзіўшы трохі, вяртаўся назад, яшчэ болей сумны. Улада адзіноты над ім ужо не была такой вялікай, як год назад, але цяпер яна абудзілася зноў. Трэба нечым заняцца, каб не апынуцца ў палоне старога... Рыхтавацца здаваць мінімум... Не, з аспірантурай трэба канчаць. Нічога ў яго не выйдзе з навукай. Каб ісці ў яе, трэба вера: у сябе і ў навуку. А ў яго яе няма... Праўда, Вера можа яго не падтрымаць. Скажа, не ўдалося ёй, то паспрабуй ты. Да таго ж яна лічыць, што ў іх лягчэй абараніцца. Гэта так. Пасядзеўшы год-два, можна напісаць дысертацыю. Людзі пішуць, людзі абараняюць... У кожнага сваё.

Аднак трэба нечым заняцца, каб не апынуцца ў палоне адзіноты. Нездарма Вера так баіцца за яго. Яна-то не кажа, а яе турбуе не толькі тое, што ў яго многа клопатаў. Яшчэ — што ў яго многа вольнага часу, які можна скарыстаць па-ўсякаму.

«Будзем пісаць»,— рашыў Драгун. Але нічога не выходзіла. Толькі цяпер ён зразумеў, што яму будзе цяжка. Каб пісаць, яму патрэбны проста ідэальныя ўмовы: цішыня, душэўная раўнавага, добры настрой, каб ніякі камар не бзынкаў над вухам — ні ў прамым, ні ў пераносным сэнсе. А ёсць жа людзі, што могуць пісаць у трамваі, у кафэ. Такія многа і напішуць, а што зробіць ён? Будзе чакаць ідэальных умоў... А што, калі не дачакаецца? А мо так і лепей? Менш выйдзе ў свет усялякай лухты. Гэтым ён сябе і суцешыў і стаў патрохі чытаць, хоць і чытач ён ужо быў сапсуты, бо чытаў з алоўкам і прыдзіраўся да стылю. Спакойна чытаў класіку і ёй больш давяраў. Прызнацца, многа непрачытанай класікі, асабліва зарубежнай — французскай, англійскай, амерыканскай. Толькі цяпер відаць, як многа яму не хапае. А нагнаць усё не так і лёгка. Для гэтага трэба захварэць, ці што... Бо калі здаровы, то ўсё няма калі. Эх, як многа патрачана марна дарагога часу за кароваю ў маленстве! У юнацтве — на дарогу ў школу і са школы! Усё гэта дарэмна не праходзіць... Часам робіцца сорамна за сябе, за сваю шэрасць... Ды што зробіш? Цяпер ужо позна... Так мала часу!.. Не азірнуцца, як пралятае месяц... год...

Вера вярнулася з бальніцы праз месяц. Два тыдні засталося ёй да работы. З дому Драгуноў бацька пісаў, што яны шукаюць ужо няньку.

Бацька з нянькай прыехаў у нядзелю. Усё было добра, Драгуна турбавала толькі дробязь: у яго якраз выйшлі ўсе грошы — нядзеля выдарылася перад самай зарплатай. Затое бацька навёз усяго.

— Ну, як вы тут, маладажоны? Як мая ўнучка? — бацька падышоў да калыскі, разглядаў дзіця.— Здаецца, нашага заводу? Ты не крыўдуеш, сыновая, што дачка да яго падобна?

Вера стаяла ля пліткі, пякла сала, якое бацька прывёз дзецям, і біла на патэльню яйкі. Чамусьці сумна, без усякага ўздыму, яна сказала:

— Гэта мне яшчэ лепей. Не адмовіцца, што не яго дачка.

— Ну, чаго яму адмаўляцца?

Размова патухла неяк непрыкметна.

— Ну, вы пасядзіце,— сказаў Драгун бацьку,— а я збегаю ў магазін.— Ён яшчэ збіраўся зайсці да гаспадара пазычыць грошай — сорамна было прызнацца бацьку, што сёння якраз у іх няма.

Але бацька нібы падслухаў яго думкі.

— Пастой! — ён дастаў з кішэні пяцьдзесят рублёў і працягнуў сыну.— Вазьмі вось... Бяры, бяры... Думаю, вы яшчэ тут не паспелі разбагацець,— сказаў ён жартам.

— Якраз у нас заўтра зарплата.— Драгуну было няёмка браць бацькавы грошы, ён бачыў, што і Вера гатова, здаецца, праваліцца праз зямлю.— Заўтра я вам аддам.

— Кінь ты, сынку! Хіба я не ведаю, як у вялікім горадзе грошы ідуць? А ў вас яшчэ расходы такія... Дзіця, хвароба...

І ўсё ж сыну было прыкра — і не таму, што ён узяў гэтыя пяцьдзесят рублёў, а таму, што яму хутка трыццаць, ён жанаты, мае сям’ю, а не можа яе забяспечыць, як людзі: не зводзіць канцы з канцамі. Мо і праўду кажуць, што покуль ты не сабраў усяго матэрыялу, то не пачынай будаваць хаты.