Выбрать главу

Драгун узяў у магазіне пляшку гарэлкі і мяккае гарадское кілбасы — для вясковых людзей: бяззубага бацькі і здаровай рослай нянькі. Гэтую Наташку Драгун памятаў мурзатаю худзенькаю дзяўчынкай з вялікай беднай сям’і іх суседа Паўлюка. Яна была самая меншая, а цяпер вунь якая дзеўка: свежая, мажная, ростам вышэйшая за яго Веру. Хутка растуць чужыя дзеці...

Селі за стол. Драгун наліў усім пароўну, нават няньцы. Бацька падняў чарку за здароўе свае ўнучкі Валькі. Выпілі і сталі закусваць. Адна Вера жавала нехаця, трымаючы ў руцэ хлеб, пасыпаны соллю. Першы заўважыў гэта Драгуноў бацька.

— Што гэта ты, маладая маці, пасціць сабралася? Чаму не бярэш нічога скаромнага?

— Дзякую, нешта мне нездаровіцца... Няма апетыту.

Драгуна падмывала крыкнуць «кінь капрызы!», але рашыў не пачынаць пры бацьку.

— Глядзі, сын, лепей за жонкай. У цябе апетыт, а ў яе няма. Гэта ўжо кепска.

— Ат, нешта выдумляе,— непрыязна сказаў Драгун.— Ну, як там мама, ці здарова?

Бацька паціснуў плячыма.

— Покуль што яшчэ леткая, з работаю спраўляецца... А што нам? Мы сваё зрабілі, цяпер вы сваё...

— А не цяжка вам унучку гадаваць? — У іх гадавалася дачка Драгуновай сястры.

— Якое цяжка? З ёю нам весялей... Раней-то і сварыліся часцей, а цяпер неяк няма калі. І пасмяешся часам з дзіцяці, пазабаўляешся... Асабліва зімою, як усё снегам замяце. Для сябе самога, дык, здаецца, з хаты не вылез бы, а тут жывое стварэнне, трэба варушыцца, у Клецак схадзіць, купіць хлеба, сяго-таго, цукерак дзіцяці...

Бацька паказаў сябе такім аптымістам, што сын проста не пазнаваў яго. Раней ён толькі крахтаў ды сярдзіта чмыхаў сабе пад нос, пакрыкваў на матку і на дзяцей. Мо думаў збіраць багацце, а цяпер плюнуў на ўсё?

— А пенсіі вам хапае?

— Ну, на адной пенсіі далёка не заедзеш. У нас жа сад, карова, пара парсюкоў. Тое прадамо, тое купім. Варушымся патроху...

— Мы ўсё збіраемся памагчы вам,— пачаў Драгун і пачырванеў,— ды ніяк не выходзіць... Але, можа, як скора вылезем з прарыву... Вера пойдзе на работу. Цяпер яе перавялі ў малодшыя навуковыя супрацоўнікі.

— А колькі ж будзе палучаць?

— Восемсот трыццаць рублёў...

Бацька пакруціў галавою.

— Не вельмі густа, але ўсё ж капейка... Нічога, пра нас не думайце. Калі стане цяжка, то папросім, не пасаромеемся. Зяці і дочкі часам што памогуць... Нічога... А вам трэба стаць на ногі, абжыцца... Вот каб кватэру як. А то што гэта? Жыць няма дзе, а плаціць вунь колькі трэба...

Гаварылі бацька і сын. Нявестка і нянька маўчалі.

18

Позна вечарам Драгун ішоў з лазні. Была сырая цёплая вясна, прысады сцішана шумелі лісцем, над горадам апусціўся змрок. Заклаўшы рукі за спіну, Драгун ішоў сабе памалу, разглядаючыся, азіраючы вячэрні горад. Ён ведаў, што ў гэты час жонка з малою ўжо спяць. Раней яны хадзілі разам у лазню, жонка паспела яго прывучыць да новага ладу, але цяпер зноў малое парушыла заведзены парадак. Цяпер ён ходзіць асобна, яна асобна — з нянькаю.

Ад куфля піва ў яго злёгку кружыла ў галаве, у целе адчувалася лёгкасць, уся стома і цяжар засталіся там, у лазні. Ён ішоў паволі, азіраў новыя цагляныя дамы, касіўся на старыя, што ўжо аджывалі свой век: памалу-патрохі іх зносілі, на іх месцы ў хуткім часе вырасталі шматпавярховыя камяніцы. Вось і яны з жонкай з нецярпеннем чакаюць, калі дом іхніх гаспадароў пойдзе на знос, а яны, мо як прыпісаныя пастаянна, атрымаюць казённую кватэру. Вунь і насупраць іх хаты, цераз вуліцу, ужо стаяць пяціпавярховыя дамы — інтэрнаты для рабочых будаўнікоў. Днём і ноччу там шумна і весела, асабліва ў выхадныя. А што? Жыве моладзь, а яна заўсёды неспакойная. Ці даўно тое было, што сам Драгун не абмінаў таго месца, дзе б’юцца, хоць часам і даводзілася паспрабаваць кухталя ці панасіць добрага гуза на галаве.

Ды і сёння, хоць позна, а нейкі як бы шум-гам далятаў да Драгуновых вушэй. Падышоўшы бліжэй, Драгун убачыў, што і праўда там нешта робіцца. Амаль уся вуліца і правы тратуар ля інтэрната быў запруджаны людзьмі: мітусіліся, няйначай, рабочыя хлопцы, сярод іх мільгалі салдацкія фігуры. У некаторых салдат на рукавах Драгун заўважыў чырвоную павязку патруля, але не ва ўсіх. Няйначай, на дапамогу патрулю прыйшлі іх таварышы з гарадка, які размяшчаўся побач. Салдаты вялі да машыны маладога хлопца без шапкі, у разарванай на грудзях кашулі.

Ён не хацеў ісці, вырываўся, брыкаўся нагамі, але яго амаль што няслі: двое з бакоў, іншыя падпіхалі ззаду. Вакол гэтай цэнтральнай групы круціліся хлопцы, хацелі прарвацца ў шчыльнае кола салдат, але ім, відаць, не хапала смеласці.