Выбрать главу

— Задрыпы! Дзе вы былі дагэтуль? — вылаяўся сам сабе Драгун.

Але вялікай злосці на іх у яго не было. Яны тут ні пры чым. Сам улез у балота. Ці яшчэ лепей — галава гуза шукае. Ды ўсё гэта глупства! Важна другое... Важна вось што... Мо ён і ўлез не ў сваё, і хутчэй за ўсё, што так. І патруль таксама перагнуў палку, што прычапіўся да цывільнага, што ўжыў самасуд да другога цывільнага.

Важна другое: патрэбна толькі іскра, патрэбна толькі адна маленькая іскра. Ці, як той камень з гары: ты яго толькі скрані, зруш з месца, а там ён рынецца ўніз, цягнучы за сабою цэлы абвал. Ты яго толькі скрані!..

Мо з год назад з Драгуном адбылася падобная гісторыя: ён скрануў толькі камень, а потым усё пайшло само...

Нечага ён хадзіў на Камароўку, здаецца, у нядзелю. На тым месцы, дзе пазней вырас вялізны завод, было раскапана, падыход і пад’езд ішоў па нейкіх кладках і мастках, і зусім з другога боку. Пры самым уваходзе ля закрытага ларка стаялі кабеты і трымалі ў руках хто што: шкарпэткі, ліфчыкі, карункі. Да крайняй жанчыны, што прадавала карункі, падышоў малады хлопец у скураной куртцы. Ён толькі што выйшаў з зялёнага «газіка», які стаяў непадалёку, нешта сказаў жанчыне, запрашаючы да машыны. Тая адмоўна круціла галавой. Тады ён абхапіў яе ўполкі і панёс. Драгун у гэты момант якраз набліжаўся да іх. Ён прытрымаў хлопца за рукаў і ветліва-з’едліва сказаў яму:

— Што гэта вы, малады чалавек? Вам не сорамна так абыходзіцца з жанчынай? Яна ж цяжарная!

Хлопец сярдзіта пакасіўся на Драгуна і адпусціў жанчыну.

— А табе што? — агрызнуўся ён, але не сярдзіта.

Ён быў разгублены — мо ад насмешлівасці тону ці ад нечаканасці.

— Я з міліцыі... А гэта спекулянтка!

— Тым горай для вас. Работнік міліцыі павінен быць культурны нават са спекулянткай...

Тут як маргнуць вокам да іх ужо падыходзілі цікаўныя. Дужы высокі мужчына таксама ў тужурцы стаў сарамаціць хлопца, падышло яшчэ некалькі чалавек.

Драгун неўпрыкмет ступіў два крокі назад, а вакол таго хлопца ўжо вырастаў натоўп, які гуў грознымі галасамі, размахваў рукамі. А нейкі дзядзька падышоў да жанчыны з карункамі, якая ўсё стаяла на месцы як зачараваная, сказаў:

— Чаго стаіш? Уцякай паціху!

Яна вінавата ўсміхнулася, абцягнула кофту на сваім вялікім жываце і пайшла, растала ў натоўпе.

Драгун пастаяў яшчэ трохі ды, сказаўшы сабе: і без мяне тут абыдуцца, накіраваўся дадому.

19

Аднойчы неяк адразу пасля полудня ў рэдакцыю зайшоў дырэктар Важнік і спытаўся, дзе рэдактар Каляда. Яму сказалі, што Каляда сядзіць у другім пакоі, у канцы калідора. Дырэктар пастаяў хвіліну, а потым ткнуў пальцам у Драгуна, які сядзеў, схіліўшыся над сталом.

— Здаецца, ты на прыватнай?

— На прыватнай,— адказаў Драгун.— А што?

— Апранайся, паедзем,— сказаў дырэктар і выйшаў.

Драгун апрануў свой ядавіта-фіялетавы чарнільны плашч, спусціўся ўніз.

У дырэктарскую машыну сеў сам Важнік, старшыня мясцкома Чарнякевіч і Драгун. Драгун у начальніцкай машыне ехаў першы раз, адчуваў сябе нязвыкла і маўчаў, пазіраючы ў акно, думаў, куды гэта яны едуць. Няўжо намацалі якую-небудзь кватэру? Відаць, што так. Пытаў Каляду... Каляда нежанаты, значыць, нешта такое не вельмі... Чарнякевіч гаварыў з дырэктарам пра графікі, скардзіўся на некага, некага хваліў: адным словам, ішла ледзь не вытворчая нарада.

Хутка шафёр звярнуў направа, ля музея Янкі Купалы пераехаў стары драўляны мост цераз Свіслач. Яны выехалі ў канец вуліцы, дзе яна крута спускаецца да ракі. Выйшлі з машыны, дырэктар павёў усіх да старога, няйначай, яшчэ нэпманскага ці нават купецкага дома на рагу вуліцы, засмечанаю лесвіцай падняўся на трэці паверх. На пляцоўцы двое дзвярэй — адны направа, другія налева. На вушаку дзвярэй, што направа, прыбіта таблічка з надпісам:

Плоткину — 1 звонок

Морозовой — 2 звонка

Турбан — 3 звонка

«Галоўны, самы аўтарытэтны тут, пэўна ж, Плоткін. А самы-самы — Турбан,— падумаў Драгун, пакуль дырэктар званіў — даў адзін кароткі званок. Але ніхто не адзываўся, і ён пазваніў тры разы. Счакаўшы, нехта затупаў за дзвярыма, потым ляпнуў замок, і паказалася пажылая жанчына з сонным апухлым тварам і чырвонымі павекамі, неахайна апранутая. Яна спалохана глядзела на мужчын і ўжо, відаць, збіралася зачыніць у іх перад носам.

— Гэта да Марозавай,— сказаў Чарнякевіч і паказаў ёй вялізны, як малаток, старасвецкі ключ.

— Ага,— мармытнула толькі жанчына і знікла ў дзвярах направа, пратупаўшы па цэментавай падлозе кухні.

Старшыня мясцкома доўга бразгаў ключом, покуль пасадзіў яго на месца. Моцна ляпнула спружына ў замку, дзверы адчыніліся.