Выбрать главу

Першы зайшоў дырэктар, за ім старшыня мясцкома,— апошні — Драгун. У нос шыбанула вільгаццю і пахам даўно неабаграванага жытла. Пакой быў квадратны, на метраў дзесяць ці болей. Знадворная сцяна знізу ўчарнела ад грыба. У гэтай сцяне было якраз акно, але зусім сляпое, бо ўпіралася ў сцяну суседняга дома. У пакоі панаваў паўзмрок. Усе залішне ўважліва аглядалі аблупленыя сцены, закураную столь, брудную засмечаную падлогу.

— Адразу відаць — перавалачная база. Ніхто не клапаціўся,— парушыў цішыню дырэктар. І памаўчаўшы, дадаў: — Але я сам пачынаў з горшага.

— Я таксама не з лепшага,— паспяшаўся падтрымаць яго старшыня мясцкома.

Слова заставалася за Драгуном, але ён маўчаў. На яго прыватнай такая ж плошча, такі ж вечны цень і вільгаць ад склепа пад падлогай, холад зімою. Радавацца няма чаго, але і грэх адмаўляцца. Калі тая лепшая будзе? Драгун уздыхнуў і сказаў урэшце:

— З вашага дазволу і я хацеў бы пачаць з гэтага, нідзе не дзенешся. Мая прыватная не лепшая, а я плачу дзвесце ў месяц. І мае дровы...

— Правільна разважаеш, Драгун,— ухваліў яго думку дырэктар.— Трэба толькі пабяліць, пафарбаваць падлогу, можна даць яшчэ дзённае асвятленне. Усё будзе нядорага каштаваць.

— Праз тыдзень гэтага пакоя не пазнаеш,— багатая фантазія старшыні мясцкома ўжо бачыла пакой у новых фарбах.— Кепска толькі, што кухня агульная і няма выгод сучаснага жылля. Стары дом, мо яшчэ купец будаваў. Заўважылі? Без склепа, проста на пяску, як якая мазанка.

— А сцены якія! Метровая таўшчыня! — дырэктар падышоў да акна, стаў на пальчыкі, каб убачыць зямлю, але, апроч шэрай сцяны суседняга дома, нічога не было відаць.— Тыя, што яго будавалі, яшчэ не ведалі, што такое эканомія.

Патупалі яшчэ трохі, пагаманілі, пасля старшыня мясцкома перадаў Драгуну ключ і сказаў, што трэба яшчэ схадзіць у райвыканком і выпісаць ордэр.

Ужо на рабоце Драгун даведаўся, чаму так нечакана яму выпала шчасце (а мо няшчасце, хто ведае?) стаць навасёлам. Ад гэтага пакоя адмовіўся рэдактар палітрэдакцыі Дубовік, таму што спачатку гэты пакой меў шаснаццаць метраў, бо ранейшая яго гаспадыня Марозава займала яшчэ палову суседняга пакоя, у якім жыла адзінокая жанчына Турбан (якая ім сёння адчыняла). Забітыя дзверы адчыняліся, а ў тым пакоі была перагародка з дошак, якую Турбан паспела ўжо разламаць. Тады сталі думаць, каму б аддаць пакой, і ўспомнілі Каляду (халасцяку якраз падыдзе), але дырэктар натрапіў на Драгуна — і вось на табе — пераязджай хоць сёння.

Вечарам Драгун з Верай паехалі на агледзіны. Цяпер на званок адчыніла суседка злева — Плоткіна, поўная гладкая жанчына гадоў сарака, чарнявая, з завітымі валасамі, у дарагім турэцкім халаце. Драгун укруціў у пусты патрон лямпачку, якую знарок узяў з сабою, пстрыкнуў уключальнікам. Пакой здаўся не такі ўжо і страшны, як днём. Тады ён быў зусім чужы Драгуну, а цяпер, як-ніяк, амаль што належаў яму.

— Ну як, жонка, што скажаш?

Жонка моўчкі хадзіла па пакоі, азірала падлогу, столь, мацала сцены, адчыняла і зачыняла закураныя дзверцы шведскай пліты.

— Радавацца вельмі няма чаго, але хто добрага не бачыў, то і благому рад.

— Ты гэта пра мяне ці пра сябе? Калі пра мяне, то праўда. У лепшым, чым гэты рай, я яшчэ не жыў.

— І я... Мяне горай за ўсё турбуе кухня. Тры гаспадыні — гэта нешта ўжо значыць.

Яна адчыніла дзверы на кухню, прайшлася па цэментавай падлозе, нарабіўшы груку. На яе крокі адразу выйшла суседка Плоткіна, нібы яна знарок чакала, пакуль яны скончаць агляд. Яна спынілася ў паласе святла з адчыненых дзвярэй і спытала неяк занадта лісліва і саладжава:

— Ці не перашкодзіла я вам?

— Калі ласка, нічога, заходзьце — запрасіў яе Драгун.

Яна толькі абаперлася пышным плячом аб зачыненую левую фортку дзвярэй і так жа лісліва спытала:

— Ці спадабаўся пакой?

Драгун хацеў сказаць: «Нічога сабе, можна жыць», але жонка апярэдзіла яго, і толькі потым ён зразумеў яе ход.

— Гэта не пакой, а жывая магіла... Даюць, што з носа спадзе! Скажыце, вы пайшлі б жыць у такую, з дазволу сказаць, кватэру, ды яшчэ з малым дзіцем, з нянькаю?

Суседка, відаць, толькі гэтага і чакала.

— Я вам проста спачуваю... Вы гаворыце шчырую праўду — гэта жывая магіла. А яшчэ дзіця... Вы паглядзіце, якая тут вільгаць! — яна пацягнула носам паветра, зморшчылася.— Гэта ж рэўматызм і што хочаце. Цемра днём і ноччу. Не кухня, а лядоўня. Сапсутая печ.— Суседка махнула рукой на печ, якая займала больш паловы і без таго цеснай кухні.— А каб вы ведалі, якія тут суседзі! Жах! П’яніцы, грубіяны! Рабочы клас! Увесь дом, увесь двор! — і раптам яна перайшла на шэпт.— А за гэтай сценкай ведаеце хто жыве? Алкагалічка! О, вы яе папомніце! — І зноў моцна, раскаціста: — Я нічога не маю супроць вас, калі ласка, я бачу, што вы культурныя людзі, толькі паверце, мне проста шкада вас, я жадаю вам толькі дабра. Не ідзіце сюды, будзеце каяцца... Асабліва з малым дзіцем... Сыра, холадна, кухня...