Выбрать главу

І праз колькі слоў яна трэці раз паўтарыла пра дзіця, пра вільгаць і пра суседзяў.

«Цікава, чаго яна так баіцца за наша дзіця?» — між тым думаў Драгун, прапускаючы міма вушэй цэлы каскад слоў будучай суседкі.

Урэшце Вера перарвала яе:

— Што ж, дзякуем за спагаду. Але, прабачце, колькі ў вас пакояў?

— А што? два...

— А душ сям’і?

— Нас двое... Ну і што?

— А тое, што нас чацвёра ў адным пакоі... Пэўна ж, вы хацелі б, каб гэты пакой далі адзінокаму чалавеку, вам было б спакайней... Аднак што рабіць? Нам лепшага нічога не даюць... Мы вымушаны згадзіцца...

— Як ведаеце,— жанчына закруціла носам і хацела ўжо ісці, але нечага спынілася.— У мяне ключы ад парадных дзвярэй, але пакуль што я іх вам не аддаю, бо вас не ведаю. Да пабачэння...— схаваная антыпатыя пачулася ў яе голасе.

Драгуны пайшлі дадому. Першая, няхай сабе і невялікая радасць прыдбаць свой кут была сапсута. Мець суседам чалавека, які не хоча цябе прызнаваць за суседа — не вельмі прыемная рэч. А мо гэта спачатку, а потым... Няўжо людзі, якія самі не жылі ў цеснаце, не могуць зразумець, што такое гэтая самая цесната? І галоўнае, не яны яе шукалі...

Ды пра гэта не было часу думаць. Самы вялікі клопат — ордэр. Але яго выпісалі хутка, паколькі Драгун жыў на прыватнай кватэры, хоць, праўда, і ў другім раёне. З пабелкай аказалася прасцей. Драгуну параілі схадзіць на будоўлю, пагаварыць з малярамі. Так ён і зрабіў, і адразу дамовіўся з дзвюма жанчынамі, якія за сто пяцьдзесят рублёў згадзіліся пабяліць столь і сцены. Драгун лётаў з аднаго канца горада ў другі, даставаў, памагаў, раіў, спрачаўся. Пабялілі за адным ходам і кухню, а расходы ўзялі на дваіх — суседзі Плоткіны і Драгуны.

Як і прадракаў старшыня мясцкома Чарнякевіч, праз тыдзень ўсё было гатова.

Перасяленне, хоць і многа клопату, але рэч радасная. Раней Драгун, калі бачыў часам машыну з хатнім скарбам — з шафай, канапай, люстрам, фікусам, этажэркай і халадзільнікам, заўсёды радаваўся за людзей і сам ціха ўздыхаў, што яму самому яшчэ няхутка давядзецца перажыць такую хвіліну. Ажно памыліўся... Хоць і прыемна, а клопат зваліўся як снег на галаву. Здавалася, у іх, апроч ложка і шафы, нічога няма, а за адзін раз ледзь усё забралі. Назбіралася ўсякай непатрэбшчыны, якая раней як бы не мела ніякага дачынення да іх і была сама па сабе.

Як на бяду, хлопцы, якіх прасіў Драгун прыйсці памагчы, недзе згубіліся па дарозе, і яму ўдвух з шафёрам давялося перацягаць усё на машыну і з машыны, а там яшчэ на трэці паверх. Пад канец, на шапачны разбор, падаспеў Каляда. Драгун ужо ледзь трымаўся на нагах. Пакуль усё скончылі, зусім сцямнела. Але затое ў пакой было прыемна зайсці: свежыя крэмавыя сцены, бялюткая столь, яркая матавая лямпачка — усё гэта ўносіла нешта святочнае ў новы быт Драгуноў.

На скорую руку сабралі вячэру, селі за «разборны» скрыпучы стол — Драгун разламаў яго і па частках перавёз трамваем, ён патрэбен быў, як фарбавалі столь. І крэслы перавезлі старыя, скрыпучыя, гнутыя — чатыры штукі: якраз на сям’ю і аднаго госця.

Пасядзелі, пагаварылі, пасмяяліся.

— Ты, здаецца, стаіш на чарзе ў сваім раёне? — спытаўся Каляда ў Драгуна.

— Стаю. І табе раю гэта зрабіць.

— Я кажу пра тое, што цябе могуць цяпер зняць...

— Зняць? Хіба гэта кватэра? Гэта ж перавалачная база, як казаў Важнік.

— Глядзі, каб ты на гэтай базе доўга не затрымаўся...

— Не думаю, не страш! — весела гаварыў Драгун.— Вось атрымаю двухпакаёвую, а гэту аддам табе... Ты ведаеш, што я табе перайшоў дарогу? Дырэктар шукаў цябе, а знайшоў мяне. Так што мы ў нейкай меры канкурэнты, і ты маеш поўнае права мяне ненавідзець.

— Не-на-ві-джу! — праспяваў Каляда як певень.— Пра-клі-і-іна-ю-ю!

— Не разбудзі нашу малую,— сказала Вера, азіраючыся на калыску, у якой ужо спала Валька.

— Прабачце! Жывіце багата. Спяшаюся. Бывайце! — Каляда схапіў шапку і выскачыў за дзверы: як яго і не было.

— Нейкі ён дзіўны,— сказала Вера, збіраючы са стала.

— Звычайны хлопец. Мо трохі з незвычайным лёсам.

— А што ў яго?

— Сірата. Бацькоў немцы расстралялі за сувязь з партызанамі, рос у цёткі нейкай.

— Ох, колькі сірот засталося пасля гэтай вайны... Няўжо і нашым дзецям наканаваны такі лёс?

— Не гавары проціў ночы, як кажуць старыя, пра такія рэчы. Мы яшчэ не ведаем, што нам наканавана, а ты ўжо думаеш пра дзяцей.

— Трэба думаць... Трэба...

20

Зноў панядзелак, усе ў рэдакцыі сядзяць, як сонныя.