Выбрать главу

Нагорны (сумна). Хлопцы, у мяне машыну ўкралі.

Ніхто не верыць сваім вушам. Потым пытанні:

— Што ты кажаш? Як? Калі?

Нагорны. У суботу ноччу. З гаража... Была нейкая трэсеная ноч. Некага ў двары хацелі забіць ці згвалціць, да паўночы стаяў шум, гам. Я доўга не спаў, глядзеў праз акно на гараж. Потым змардаваўся, лёг і спаў як забіты. Падхапіўся раніцай — і да гаража. Як цягне мяне што туды... Падыходжу — і ногі млеюць, млеюць, вось упаду... Бачу — дзверы шчыльна не прычынены... Падыходжу бліжэй — так і ёсць, дужка ў замку нечым перакушана. Адчыняю, а там пуста. І ў мяне стала пуста ў грудзях, сэрца недзе пакацілася ўніз, у вачах пацямнела... Чорт, не жадаю нікому перажыць такую хвіліну...

Маскалевіч. Міліцыя ведае?

Нагорны. А як жа? Пазваніў дзяжурнаму, той пазяхае ў трубку. «Прымем меры», кажа. Якія? «Гэта ўжо наша справа». І павесіў трубку. Добра, што ў мяне знаёмы намеснік іх міністра. Я яму... Той абяцаў усесаюзны пошук...

Маскалевіч. Ну, гэта сіла. Знойдуць! Нікуды не дзенуцца.

Пракурат. А вынікі якія ўжо ёсць?

Нагорны. Ведаюць, што выехалі на Слуцкую шашу. А болей нічога.

Драгун. Мараль: хадзі пешшу, будзеш спаць спакойна.

Пракурат. Не прапаведуй адсталых поглядаў. У наш час машына — не раскоша, а крок да самастойнасці. Як некалі селянін з канём...

Маскалевіч. Не мяшай прыватную ўласнасць з асабістай.

Пракурат. Тэрмін справы не мяняе. Адна трасца, ці кіем, ці палкаю.

Маскалевіч. Усё патрабуе навуковай базы. Прыватнай уласнасці ў нас няма.

Пракурат. Яе замяняе асабістая. А гэта — абмежаваная прыватная. Але мне ўсё роўна, як яна завецца. Абы ў мяне была дача, машына.

Маскалевіч. Купі, хто табе не дае?

Пракурат. Хачу спаць спакойна, як кажа Драгун. Ды і грошай не хочацца з кніжкі здымаць...

Нагорны. У кожнай справе ёсць свае плюсы і мінусы... Але каб я ведаў, што гэтым скончыцца...

Пракурат. Каб жа той розум наперадзе, што ззаду... Усе мы разумныя пасля бяды.

Маскалевіч. Не бядуй, знойдуць... Калі ўжо вядома, куды выехалі...

Драгун. А ў мяне, колькі жыву, нічога ніколі не ўкралі.

Маскалевіч. У злодзея не ўкрадзеш...

Пракурат. Або — што ўкрадзеш у таго, хто голы?

Маскалевіч. Мараль: пралетарыяту няма чаго баяцца... Але ўсё ж, хлопцы, і ў гэтай справе трэба мець талент. У мяне быў адзін прыяцель... Ну, я вам скажу! Мастак! Ніколі такога не бачыў! Праўда, гэтым ён ужо не займаўся... Неяк заспрачаліся. Хадзем, кажа, пакажу, як гэта робіцца. Заходзім у трамвай, не вельмі поўны, як звычайна... Прайшлі вагон ад пляцоўкі да пляцоўкі — і ён паказвае мне пяць гадзіннікаў. А потым пытаецца на ўвесь вагон: «Грамадзяне, хто згубіў гадзіннік? Хто гэты? А гэты?» Усе хапаюцца за кішэні, за руку... Дзякуюць чалавеку. А ён толькі зубы скаліць... Вось якія ёсць майстры.

Нагорны. Некалі такім майстрам руку на калодку клалі.

Роўба. Усё-такі гэта жорстка. А мо таму чалавеку не было за што паесці?

Нагорны. Хай папросіць.

Роўба. Прасіць не кожны можа.

Нагорны. Па-мойму, папрасіць лягчэй, чым украсці. І сумленне чыстае...

Пракурат. Украсці — гэта амаль тое самае, што і забіць. Сумленне тут ні пры чым.

Маскалевіч. Так яны і лічаць. Сваю прафесію яны прыраўноўваюць да ігры на сцэне, да музычнага ці іншага дару. А што да жорсткасці, як ты гаворыш, Ніна Пятроўна, то мяккасцю і ўгаворамі таксама не адвучыш ад крадзяжу. Толькі жорсткасць! Чаму ў нас увялі гумовыя палкі? Бо прызналі ісціну: страх — вялікая сіла. Калі чалавек не мае над сабою ніякага страху, ён можа зрабіць што хочаш. Страх — гэта адзіны тормаз у чалавеку, калі ў яго няма свядомасці, сумлення.

Пракурат. І яшчэ — беспакаранасць. Калі ён ведае, што яму за гэта ўляціць як след, дык не палезе куды не трэба.

Драгун. А калі ўлічыць, што зладзейства — хвароба сацыяльная?

Маскалевіч. Глупства! Сацыяльнай базы для зладзейства ў нас даўно няма... Працуй колькі хочаш.

Пракурат. А зладзеі не зводзяцца... У чым тут загвоздка? Адкуль яны бяруцца, хто іх выпускае?

Драгун. Мо наш гуманізм вінаваты?

Маскалевіч. А што ты думаеш? Іх трэба вешаць публічна, на плошчы, тады яны, як пацукі, што пачулі смаленае, уцякуць на край свету, абы не трапіць на шыбеніцу. А ў нас першы раз мараль прачытаюць і адпусцяць. Другі раз — аштрафуюць ці яшчэ якое глупства. Адзін мой знаёмы расказваў, што нейкага пацана два разы сам лавіў на кражы ў тралейбусе і вадзіў у міліцыю. А праз дзень зноў яго бачыў на вуліцы.