Выбрать главу

Драгун. Таму што злодзей — не сацыяльна небяспечны элемент. Для дзяржавы ён абсалютна бясшкодны. Як камар для чалавека. Нават наадварот. Гэта нешта накшталт адцягваючай тэрапіі. Як футбол, як гарэлка... Людзі менш будуць думаць пра тое, што баліць...

Маскалевіч. Ну, ты загнуў, брат!

Драгун. Куды загнуў? Вось вам прыклад, які гаворыць, што так яно і ёсць. Паслухайце... Еду я аднойчы ў тралейбусе, вечарам, ужо ў гадзін адзінаццаць. Саджуся на Маскоўскай. Народу многа. На наступным прыпынку ў пярэдніх дзвярах раптам нейкі затор, нехта некага не пускаў ці выцягваў, пярэднія дзверы доўга не зачыняліся. Я толькі заўважыў, што нейкі чалавек ракам забраўся ў тралейбус, і мы рушылі далей. Увесь тралейбус гуў як патрывожаны вулей: пасажыры некага лаялі, на некага крычалі. Аказалася, на таго самага пасажыра, што хвіліну назад ракам упоўз у тралейбус. Патрохі-памалу з рэплік і крыкаў я аднавіў увесь малюнак: некалькі прыпынкаў назад гэты самы чалавек, п’яны маляр з двума зусім свежымі пэндзлямі ў руках і сам добра вымазаны ў фарбу, увайшоў у тралейбус і прайшоў ад задніх дзвярэй да пярэдніх, пакідаючы на людзях, ля якіх праходзіў, свежыя плямы, большыя ці меншыя. Пасажыры зашумелі і нават выставілі яго за дзверы. Але ён, аднак, зноў забраўся ў тралейбус, сеў на пярэднім сядзенні адзін і, здавалася, драмаў. А пасажыры не маглі супакоіцца, асабліва адна жанчына, якую, відаць, больш за ўсіх вымазаў маляр. Урэшце яна зачапіла міліцыянераў, якія ехалі ў тралейбусе. І яны, як ні дзіўна, пачалі абараняць маляра. А яна тады іх добра адбрыла: «Вы абаронцы парадку толькі на службе, а цяпер вы такія, як і ўсе. Вы ягняты, нявінныя істоты. Вы не можаце даць рады ціхаму хулігану...»

Тады адзін з міліцыянераў сказаў ёй цераз увесь тралейбус: «Грамадзянка, вы сама падобна да хулігана больш, чым гэты чалавек. Вось ён сеў, сядзіць ціха і маўчыць, нікога не чапае, ні да кога не прыстае. Ну, падумаеш, выпіў трохі чалавек, ну, мазнуў некага. Дык што, ужо трэба на сцяну лезці? Прыедзеце дадому, ацэтончыкам змыеце тую пляму — і ўвесь страх».

— Хай на таксі ездзіць! — крыкнуў нехта з кута.

— Правільна!

— Вялікая пані!

— Падумаеш, інтэлігенцыя знайшлася!

Усё больш галасоў чулася ў абарону маляра, а жанчына ўсё не здавалася:

— Ах, якія вы добранькія! Бо гэта ён па вас не правёў сваім пэндзлем, а так вы зусім другое сказалі б. У нас так: абы не мяне, а што суседа — гэта нічога, яшчэ можна цярпець... Не трэба забываць, што ад суседа пяройдуць да вас... Адсталасць ваша гаворыць, некультурнасць. Слова «інтэлігент» ганаровае слова, яго не трэба баяцца, яго трэба заслужыць, а вы яго замест мата ўжываеце. Сорамна, грамадзяне пасажыры! Сорамна! П’яніцу абараняеце, а сумленнага чалавека топчаце ў гразь!

І раптам маляр, які дагэтуль так спакойна сядзеў і, здавалася, нічога не чуў і не бачыў, нібы ачнуўся і крыкнуў на ўвесь тралейбус:

— Бляхі вы! Я не п’яны! Сукі... У мяне сям’я, але мне няма дзе жыць! Я не пайду галасаваць за гэтых сабак! Я не п’яніца, але мне няма дзе жыць! Я не хачу валяцца пад плотам!..

Міліцыянеры хутка прабраліся на пярэднюю пляцоўку, адзін усунуў галаву ў кабіну вадзіцеля. Тралейбус спыніўся. Маляру заламалі рукі назад, тут жа выставілі за дзверы. Гэта заняло адну хвіліну — і стала ціха і спакойна. Тралейбус рушыў далей. Думаю, што тая жанчына ў душы рагатала, смяялася з усіх, хто яе лаяў...

Пракурат. Рабі што хочаш, толькі не лезь у палітыку — такі вывад напрошваецца з гэтай гісторыі.

Драгун. Вось пра гэта я і кажу.

Маскалевіч. Адзін факт яшчэ нічога не значыць. І нельга з яго рабіць такіх скараспелых вывадаў.

Драгун. Вывадаў можна і не рабіць. Але каб да крымінальных злачынцаў ужывалі такія суровыя меры пакарання, як да палітыкаў, то крыміналу стала б у сто разоў менш. Калі лес карчуюць, то выкарчуюць — і там поле. А калі яго толькі падстрыгаюць, то лес застаецца.

Пракурат. Мудра, стары, з цябе банка...

Нагорны. А што, Драгун мае рацыю. Хай піша дакладную запіску ў прэзідыум.

21

Пакаштаваў адзін раз Драгун і перакладчыцкага хлеба. Падбіў яго на гэта Гушчынскі. Ён быў, як вядома, вялікім аптымістам, сам лёгка пускаўся на ўсякія авантуры і агітаваў другіх рабіць гэта.

— Ты ж ведаеш польскую мову, чаго там? Ды і заробіш трохі. Грошы ніколі не лішнія.

Апошні аргумент быў самы важкі: патрэбны грошы.