Выбрать главу

Кніжку падзялілі на дзве часткі, бо аднаму над такой работай давялося б сядзець год. Другую частку аддалі выдавецкаму работніку, загадчыку вытворчага аддзела, паліглоту і былому дыпламату Коршаку. Ён добра ведаў польскую, англійскую, французскую, нямецкую мовы. Горай мо ведаў сваю ўласную, беларускую. Але ў гэтай частцы яго мог падперці Драгун — сваю ён ведаў як след, а польскую — за пачатковую школу, разумеў, як ён сам казаў, кухонную лексіку.

Спачатку ледзь не з-за кожнага слова лазіў у слоўнік, а пераклад быў падобен да падрадкоўніка — слова ў слова. Баяўся адступаць ад арыгіналу, трымаўся за яго, як п’яны за плот. Потым пайшло лягчэй. Здзіўляўся, як многа ўзялі палякі з лаціны ў сваю мову, асабліва ў складаныя, абстрактна-разумовыя паняцці. Сатысфакцыя, гратуляцыя, імпэртынэнцыя, індэпэндэнцыя, нават санацыя — усё пайшло ад багатай нежывой лаціны. Потым ці людзі, ці час — сталі вярнуць у другі бок, сталі шукаць у сваёй мове, не ганяцца за чужым. Капарка — наш экскаватар, самохуд — наш аўтамабіль, спыхач — наш бульдозер. Нават польскія словы для нас болей зразумелыя, чым тыя, што жывуць у нашай мове, бо ідуць ад свайго кораня. Патрохі-памалу Драгун спасцігаў усю прымудрасць перакладчыцкай справы, вучыўся рабіць не падрадкоўнік, а як бы новы тэкст на аснове старога. Ён як бы на гатовы, заказаны сюжэт пісаў новы твор. Успомніў тую навуку, якую пераняў у празаіка Кавальчука яшчэ на пачатку свае працы ў выдавецтве, калі яны разам рэдагавалі чэшскія і славацкія апавяданні. Але не пераняў, не мог ён пераняць той манеры, якая пашырана была ў нашай перакладчыцкай школе: цяжкае і складанае апусціць, выкасаваць, паставіць шматкроп’е. Не, ён лепей біўся над цяжкім словам ці сказам гадзіну, але даходзіў да сэнсу і перакладаў, перадаваў чытачу.

Яму падабаўся аўтар і яго манера, строга рэалістычная і трохі саркастычная ў тых сцэнах, дзе ён паказваў вярхі польскага грамадства напярэдадні другой сусветнай вайны. Аўтар нібы развіваў тэзіс адной мудрай прымаўкі, што калі бог хоча пакараць чалавека, то спярша адбярэ ў яго розум. І тады, само сабой, чалавек наробіць усяго — пакарае сам сябе назаўсёды ды яшчэ і невінаватага ўцягне. Нешта падобнае было з польскімі вярхамі, якія ніяк не маглі зразумець перадваеннай сітуацыі і ўвесь час варожа пазіралі на ўсход, у той час як бяда ішла з захаду. А тыя, што бачылі, адкуль ідзе бяда і гаварылі праўду людзям, аб’яўляліся ворагамі і сядзелі ў турмах, каб іх голас не даходзіў да масы... Гарматы і бункеры сваімі дуламі і амбразурамі пазіралі на ўсход, а страляць потым давялося на захад... Ну, пэўна ж, расплаціўся за гэта просты польскі салдат і просты народ, бо ў міністраў былі ўласныя самалёты, каб уцячы, а грошы іх ляжалі ў швейцарскіх банках. Яны фактычна нічога не трацілі, адну толькі невялікую дробязь — радзіму. Але што? Прадалі гэту, цяпер будуць прадаваць нейкую другую.

Нечакана ў Драгуновай перакладчыцкай рабоце парушыўся рытм. Яго напарнік Коршак пасварыўся нешта з дырэктарам Важнікам, і Важнік тэрмінова адхіліў яго ад перакладу, а на яго месца загадаў Гушчынскаму шукаць другога чалавека. А Коршак за гэты час паспеў ужо перакласці многа. Аднак Гушчынскі вырашыў усё элементарна проста. Ён выклікаў да сябе Драгуна і сказаў:

— Гэты Коршак купаны ў гарачай вадзе... Чаго яму якраз цяпер трэба было заводзіцца з Важнікам? Нешта там з-за друкарні. Коршак заўсёды стаіць за друкарню, калі яна зрывае нам графікі, а Важніку гэта не па нутры. «Ты агент Вербаловіча»,— крычыць ён на Коршака. Адным словам, Коршак выбывае. Я спрабаваў угаворваць Важніка — бескарысна. Цяпер так. Я знайшоў другога перакладчыка. Ты ведаеш Наско? Дык ён знаўца мовы цудоўны, сам з Заходняй, еў нават турэмную кашу. Адным словам, з ім не прападзеш... Застаецца адно: што рабіць з тым, што пераклаў Коршак? Думаю, ніякай крыўды вам не будзе, калі ён атрымае за сваё, хоць прозвішча яго на тытуле сярод перакладчыкаў не будзе. Вы згодны?.. З Наско я ўжо дамовіўся... Праўда, Коршакаву частку пры аплаце давядзецца прыпісаць вам. Гэта не вельмі прыемна, бо калі сума перавышае 13 тысяч, з аўтара бяруць трынаццаць працэнтаў падаходнага. Вы ведаеце, якая гісторыя была са мною? Ну, як гэта вы? Дык вось слухайце. Выходзілі ў нас нейкія апавяданні па дзіцячай рэдакцыі, далі мне там перакласці на пяцьсот рублёў. Пайшоў я атрымліваць... Як падлічыў наш Стрыгач, як прыплюсаваў да ўсяго, што ў мяне за год сабралася, як лапнулі з мяне трынаццаць працэнтаў, дык я яшчэ застаўся вінаваты ў бухгалтэрыю нешта восемсот рублёў.

— А тыя пяцьсот? — са здзіўленнем запытаўся Драгун.

— І тыя! Я за іх толькі распісаўся! — і Гушчынскі так шчыра і весела зарагатаў, нібы гэты «жарт» быў не з ім самым, а сама мала з яго ворагам.