Выбрать главу

Пасля той сустрэчы ён бачыў яе мімаходзь у акадэмічнай сталоўцы, яна сядзела за сталом з нейкім хлопцам.

Потым усё закруцілася, час ляцеў хутка. Яго самога сагітавалі паступаць у аспірантуру. Ужо колькі разоў былы выкладчык літаратуры спыняў Драгуна дзе-небудзь на дарозе і гаварыў, каб не адкладваў, не аднекваўся. Апошні раз, калі Драгун адмовіўся зноў, ён абазваў яго дурнем і, раззлаваны, пайшоў. Пасля гэтага выпадку Драгун сур’ёзна стаў думаць пра аспірантуру і ўрэшце вырашыў вучыцца завочна. Памалу здаў прыёмныя экзамены, цяпер рыхтуе мінімум, выбірае тэму дысертацыі. Калі так пойдзе і далей, то, чаго добрага, стане вучоным. Чаго не думаў, дык гэта ўжо праўда — стаць вучоным! Ды і рэдактарам таксама не думаў, не гадаў. Такое ўжо цяпер жыццё! Раней селянін радзіў сялян, рабочы — рабочых, а пан — паноў і паняў. Цяпер зусім не тое. Дзеці простых людзей, калі яны здольныя, могуць дасягнуць вунь якіх вышынь, а дзеці вялікіх начальнікаў, калі яны нікуды не вартыя, будуць звычайнымі сярод звычайных...

Праўда, аспірантура, кар’ера вучонага не запланавана ім самім, і яшчэ невядома, ці ўрасце ў яго свядомасць гэтае «чужароднае цела». Другое больш турбавала яго і вабіла да сябе — пісаць. Вось тут, няйначай, ён знайшоў бы сябе... Гэта будзе цяжка, ой, як цяжка, але што добрае лёгка даецца?

А пакуль што яго самы большы клопат цяпер — памяняць кватэру. Там пойдзе ўсё сваім парадкам. У яго быў свой няпісаны закон: не зрабіўшы аднаго, не бярыся за другое.

Ён доўга пакутаваў — ніяк не мог асмеліцца сказаць Эме Маркаўне, што хоча пакінуць іх кватэру, што праз тыдзень «пераязджае» жыць на новую вуліцу.

Некалькі дзён ён быў надзьмуты і маўклівы, злаваў на сябе, і гэта адразу заўважыла гаспадыня.

Яна памагла яму сваім запытаннем. Гэта было адразу пасля работы. Драгун прыйшоў і адразу паваліўся на кушэтку, нават не скінуўшы пінжака.

— У вас, Косця, якія непрыемнасці на рабоце? — пачуўся яе голас з кухні.

Драгун усхапіўся з кушэткі, выйшаў на кухню. Гаспадыня крышыла капусту на фанерным кружку. На пышных яе валасах з сівізною была закручана белая касынка.

— Эма Маркаўна! — пачаў Драгун усхвалявана.— Каб вы ведалі, як мне не хочацца вам гаварыць адну непрыемную рэч. Але нікуды не дзенешся, трэба...

Гаспадыня насцярожылася, з трывогай глянула сваімі цёмнымі вачыма на Драгуна. Рукі яе перасталі крышыць.

— Што такое?

— Я хачу ад вас пайсці... Знайшоў сабе новую кватэру...

Гаспадыня сумна паківала галавою, лёгка ўздыхнула.

— Ну, што ж, хіба я вас трымаю? — тон яе быў рэзкі, нават крыўдны для Драгуна. Але яна, відаць, пашкадавала аб гэтым, бо тут жа паправілася: — Вы за што-небудзь пакрыўдзіліся на нас?

— Эма Маркаўна, супакойцеся. Ніякай крыўды! Мне ў вас добра, і я пражыў бы тут яшчэ невядома колькі, каб не адна прычына... Я збіраюся... хачу заводзіць сям’ю...

На твары ў гаспадыні ажыла ўсмешка.

— Цяпер я вас разумею... Я і не падумала... Мне здалося, што вы нешта затаілі на нас...

— Што вы, Эма Маркаўна! За гэтыя тры гады я нічога не меў ад вас кепскага! А чаго лепей трэба?

— А мо каб я не ўзяла новага кватаранта, вы яшчэ засталіся б?

— Якраз добра, што вы ўзялі... А так я пайшоў бы, і ваш бюджэт паменшаў бы на сто рублёў.

— Ды не ў грашах соль, а ў чалавеку. Мне самой наш новы жылец не падабаецца — у яго розныя змены. Прыходзіць ноччу, раніцай, перабівае сон... А вы ніколі нас не турбавалі. Вы чалавек спакойны, культурны, я не чула ад вас грубага слова, ні разу вас не бачыла п'янага. А цяпер гэта не так часта сустрэнеш...

— Што ж, дзякую за такую атэстацыю. І скажу шчыра, што ў вас мне было добра. Я проста рады, што меў такую прыветлівую гаспадыню, як вы, і такога ўважлівага гаспадара, як ваш муж.

Твар Эмы Маркаўны, заўсёды бледны, нібы трохі заружавеўся.

— Шкада ўсё-такі, што вы ад нас ідзяце... Але што ж? Ваша жыццё, можна сказаць, яшчэ толькі пачынаецца... Ваша свядомае жыццё...

— Ну, другія ў маім узросце паспявалі пакінуць вунь які глыбокі след, а я яшчэ нічога не зрабіў,— сумна сказаў Драгун.