...Усё зноў уладкавалася, толькі Наско быў нечым вельмі заняты і цягнуў з перакладам.
Драгун з Коршакам пачалі счытваць свой тэкст з арыгіналам, сядзелі пасля работы ў вытворчым аддзеле. Спачатку Коршак чытаў пераклад, а Драгун сачыў за арыгіналам, потым наадварот. Там, дзе каторы з іх далёка адрываўся ад арыгінала, думалі разам, як паправіць, каб гучала лепей. Часам слова траплялася толькі прыблізнае, не перадавала таго каларыту, які адчуваўся ў польскім арыгінале. Спынялі чытанне, разам шукалі, шарылі ў памяці, ва ўсіх яе закутках, потым у слоўніках, покуль не знаходзілі таго, што патрэбна.
За гэтай счыткай самі неяк непрыкметна пазнавалі адзін аднаго. Коршак вырысоўваўся цікавым чалавекам з вельмі складанай, драматычнай біяграфіяй — сапраўднае дзіця эпохі! Да вайны скончыў Мінскі КІЖ (Камуністычны інстытут журналістыкі), у трыццаць дзевятым узялі ў армію, вызваляў Заходнюю Беларусь, нават працаваў рэдактарам раённай газеты. Потым вайна з немцамі... Адступаў, ваяваў. Трапіў у польскую армію як знаўца польскай мовы. Дайшоў да Берліна. Потым быў перакладчыкам у нашых пасольствах — у Лондане, у Бруселі. З Бруселя яго і ўзялі — нібыта перадаваў звесткі замежнай разведцы... Сядзеў у Варкуце, дзёўб вугалёк. Вызвалены і рэабілітаваны ў 1956 годзе... Непарадкі ў сямейным жыцці: у Англіі жонка і сын, тут жонка і сын... Жонка была вярнулася, потым уцякла, сын, ужо студэнт, застаўся з бацькам... «Так закруціў ваенны віхор, што цяпер не раскусіш,— кажа Коршак,— застаецца адно — піць гарэлку».
Пасля счыткі яны перадрукавалі пераклад, і Драгун здаў яго ў выдавецтва. Гэта была першая, большая па аб’ёму частка кнігі. Сваю частку Наско ўсё яшчэ «дабіваў».
Семнаццатага дня кожнага месяца Гушчынскі выпісваў ганарар за тыя кніжкі, што былі ў вытворчасці,— каму дваццаць пяць працэнтаў, каму палову ўсяго, а каму і канчатковы разлік, калі кніжка падпісана да друку. Драгун падышоў да яго і нясмела сказаў, ці нельга было б выпісаць і яму працэнты за пераклад, бо сваю частку ён здаў.
Гушчынскі паглядзеў на яго, але Драгуну здалося, што ён нічога не бачыць: нешта думае, нечым заняты.
— Што? Які ганарар? А, за пераклад? А вы падпісалі, зарэгістравалі?
— Усё зрабіў...
— Добра. Ала Дзянісаўна, выпішце 75 працэнтаў Драгуну за пераклад.
Драгун падзякаваў. Ён не думаў, што ўсё так проста выходзіць: Гушчынскага не трэба доўга ўпрошваць. Ён разумеў чалавека з паўслова, бо сам, як ведаў Драгун, жыў па вушы ў даўгах.
Ды радаваўся Драгун рана. Рапарцічкі ішлі на подпіс да начальства. Гэты раз заела ў дырэктара. Гушчынскі атрымаў вусную вымову тут жа — за тое, што выпісвае грошы не за ўсю работу, а за частку. Гушчынскі пачаў даказваць сваё, але нічога не памагло.
Драгун засумаваў. Гэтулькі планаў строіла жонка на гэты месяц, гэтулькі дзірак гатова на гэтыя грошы. Ідзе зіма, трэба купіць паліто — сабе, жонцы, дзіцяці, апрануць і абуць няньку. А тут кажуць: пачакайце! Драгун ужо пачынаў думаць, што каб і Наско здаў рукапіс цяпер, то дырэктар яшчэ знайшоў бы якую зачэпку і не падпісаў бы цыдулкі на ганарар.
Драгун сядзеў за сваім сталом насуплены, працаваць не хацелася. Скрыпнуў зубамі, вылаяўся сам сабе.
— Што ты молішся, Драгун? — спытаў Пракурат.— Не выгарала з ганарарам?
— Адкуль ты ведаеш?
— Я ўсё ведаю,— шматзначна сказаў Пракурат.— Праўдзівей, ведаю начальства.
— Якое ж яно?
— Як і належыць начальству. Не любіць яно песціць падначаленых — раз. Любіць, каб падначаленыя адчувалі яго моц, сілу, уладу, адчувалі сваю залежнасць ад яго начальніцкай волі. Памятаеш Астроўскага «Ваўкі і авечкі»? Там ёсць праект павышэння зарплаты служачым... Каму на колькі павышаць... Начальству — на ўсю катушку, каб стражэй сачыла за падначаленымі, стражэй патрабавала, трымала ў цвёрдых руках «бразды правления». Падначаленаму — адчэпнага, але каб ён думаў, што і яго не забываюць, аднак каб не «возомнил» аб сабе, каб не заганарыўся, каб памятаў, хто ён, і трапятаў як ліст перад тварам свайго начальства. Вось так! А ты хацеў, каб табе адразу: наце, забярыце свае грошыкі!
— То гэта ж старое начальства, часоў Астроўскага,— не згадзіўся Драгун.
— Я маю на ўвазе бюракратычнае начальства. Яно ва ўсе вякі і эпохі заўсёды аднолькавае.
— Нешто ты вельмі смела абагульняеш...
— А ты думаеш, што начальства пра цябе клапоціцца?
— Ну, не такі я ўжо наіўны. Хай яно хаця пра сябе ды пра дзяржаўныя справы думае, а ўжо мы неяк самі пра сябе будзем клапаціцца.
— У тым і бяда, што яно клапоціцца пра сябе, а пра справы — пастолькі паколькі яму выгадна... Ты думаеш, Важнік не мог бы выпісаць табе грошы?