— Відаць, не мог... У яго ж інструкцыя...
Хлопцы ў рэдакцыі зарагаталі.
— Інструкцыя яму да лямпачкі,— уставіў Нагорны.
— З ёю ён можа схадзіць у адно месца, хай мне прабачаць дамы,— яшчэ выразней намякнуў Пракурат.— Ты ведаеш, што па інструкцыі ці па ўмове ён мае права выпісаць табе нават аванс — за работу, якую ты яшчэ не зрабіў, але ўзяўся рабіць па ўмове.
— Яшчэ чаго захацеў! — не паверыў Драгун.
— Ты як з неба зваліўся.— Пракурат паказваў на яго пальцам і рагатаў.— Усё ён можа зрабіць, толькі не нам з табою. Хто мы для яго?
— О, гэта іншая рэч,— згадзіўся адразу Нагорны.
— А для каго, калі не сакрэт? — спытаў Драгун. Ён яшчэ не ведаў як след гэтай кухні.
— Напрыклад, для Быліны... Калі ён толькі бярэцца перакладаць з кітайскай,— Пракурат знарок вылучыў апошняе слова,— то тут жа атрымлівае авансік. А калі Быліна заплануе сваю кнігу — размова пра якія-небудзь байкі,— то яму Стрыгач не цыркае, так як табе ці мне, а выплаціць усё зараз, як і належыць. Ён можа перакладаць з кітайскай, венгерскай, літоўскай, хоць на справе ён і сваёй добра не ведае.
— Дык як жа ён з кітайскай? — зноў здзівіўся Драгун.
— Я ж кажу, што ён з неба зваліўся,— дабіваў яго Пракурат.— Ды кожны з нас так умее: бярэ рускую кніжку і шпарыць. А атрымае, як з замежнай: па тысячы рублёў за аркуш.
— Нам з Наско хацелі даць па 750 за аркуш... Але добра, што Гушчынскі заступіўся.
— Вось бачыш...
— Паслухайце, хлопцы,— сказала Жывіца,— неяк я шукала нумар умовы, не памятаю ужо з кім. Далі мне ў бухгалтэрыі падшыўку ўмоваў за некалькі год. Каб вы толькі паглядзелі, хто там фігуруе ў галоўных перакладчыках! Толькі аднаго дырэктара няма, а то ўся яго світа і падхалімы. Быліна мо на першым месцы, потым намеснік дырэктара, намеснік галоўнага рэдактара, загадчыкі некаторых рэдакцый. А наш гэты штатны аратар Гуцэвіч! Ад яго прозвішча стракаціць у вачах...— Жывіца змоўкла на паўслове.
У пакой зайшоў Маскалевіч.
22
У Драгуна ў горадзе жыло шмат знаёмых і нават сяброў па вучобе, і яны часцяком да яго заходзілі. Ён і сам любіў пайсці куды-небудзь, хоць і не ўмеў вельмі весяліць кампаніі. Пасля жаніцьбы, як і раней, да іх таксама заходзілі яго прыяцелі, запрашалі да сябе. Драгуны абяцалі, але болей для формы. Нешта ўсё не выходзіла то часу, то грошай, то настрою. І неяк непрыкметна і гарадскія яго сябры ўсё радзей і радзей заходзілі да іх. Не забывалі толькі тыя, што жылі ў вёсцы: гэтым у вялікім незнаёмым горадзе не было дзе дзявацца, і яны ішлі да таго, каго ведалі. Заходзілі часам зусім незнаёмыя, казалі, што ім параілі зайсці яго родныя. Як было не прыняць людзей? Два званкі звінелі весела і часта.
Неяк заехаў да Драгуна яго стрыечны брат Сакалоўскі Міця, вясковы механізатар. Драгуны прынялі яго, як і трэба, пачаставалі, запрасілі пераначаваць. Брат сказаў, што ён прыехаў на курсы, яму павінны даць інтэрнат, мо адну ці дзве ночы давядзецца яму пераначаваць у іх, калі яны не прагоняць.
Братавая была ветлая да Міці, усміхалася, распытвала пра вёску: як жывуць, ці добра зарабляюць, ці хапае жывёле кармоў. З ім яна, як і трэба з госцем, была гасціннай, затое ўвесь час ні за што пакрыквала на няньку, на дзіця, не глядзела яму ў вочы, як бы не заўважала зусім. Госць пераначаваў дзве ночы, а на трэцюю ўжо не прыйшоў — відаць, далі інтэрнат. Драгун падумаў, што чалавек, няйначай, пакрыўдзіўся. І мо так яно і было, бо болей ён да іх не зайшоў, хоць прыехаў на два тыдні.
Праз дзён дзесяць пасля стрыечнага брата прыехала да Драгуна яго маці. Казала, паглядзець унучку, бо дагэтуль яшчэ не бачыла. За адным заходам папрасіла памагчы паставіць зубы, бо засталіся толькі лічаныя. Можна было б зрабіць гэта дома, ды далёка хадзіць у горад. Што ж, Драгуну надарыўся лішні выпадак памагчы сваім.
Тут жа на Нямізе знайшлі прыватнага дантыста, які мог паставіць хоць падвойныя зубы — і ўсяго па трыццаць рублёў за штуку.
Драгун заўважыў, што Вера трымаецца з апошніх сіл, каб не сарвацца. Ён і сам адчуваў, што ўсім неяк як бы стала душна, як бы стала менш паветра. Фактычна, так яно і было. Уставалі рана, у сем гадзін. Прымалі раскладушку, складвалі пасцелі, праветрывалі пакой. Усіх падымала Валька — яна прачыналася ў адзін час, як па будзільніку. Пакой пачынаў варушыцца, як мурашнік. Бразгалі дзверы, на кухні цурчэла вада, у туалеце не патухала святло.
Суседзі Плоткіны, якія прывыклі да спакойнага жыцця, бо не мелі дзяцей, пачыналі нервавацца. Цяпер толькі Драгун зразумеў, што Плоткінава жонка так баялася, што побач будуць жыць людзі з малым дзіцем. Добра, што яна тады не ведала, як многа ў іх сваякоў. Але яна і цяпер не маўчала: ужо некалькі разоў выгаворвала Веры, што яны «не зусім правільна» ўмеюць карыстацца камунальнай кухняй, што ім часта звоняць і не даюць ім, Плоткіным, адпачыць.