Выбрать главу

— І цябе ніхто не прымушае...

— Правільна. Яны нават не папросяць. Але маё сумленне мяне прымушае. Бо каб не яны, не іх дапамога, я не сядзеў бы тут у Мінску разам з табою.

— Ах, як яны мяне ашчаслівілі! Нізкі ім паклон. Буду ўдзячная да самай магілы.

Шаржыравана-тэатралізаваны Верын голас непрыемна разануў Драгуну па сэрцы.

— Калі ты не хочаш, дык я ўсё-такі буду... удзячны да магілы. Дабро забываюць чамусьці хутчэй, чым зло. А трэба наадварот.

— Я заўважыла, што ты добры для другіх, а для сям’і — ты вораг!

— Пэўна ж! Не даю таго, чаго не магу даць! Не прыношу двайное зарплаты. Не працую, як вол, днём і ноччу, а яшчэ гавару пра нейкае сваё права, пачынаю рабіць тое, што не падабаецца маёй жонцы. Пэўна ж кепскі! Вось каб пакорліва маўчаў пад тваім абцасам!..

— Сціхні малоць! — крыкнула Вера.— Якая двайная зарплата? Хоць бы ты гэту не пускаў на вецер. 1100 рублёў! Ах, якая зарплата! Ты вось кватэры дабіўся! Ты казаў, што гэта да часу, а ўжо мы тут другі год, і невядома яшчэ, колькі тут прабудзем. Ах, які ты добры муж і бацька! Кланяемся табе нізка!

23

Пісьменнікі раслі хутка, як грыбы пасля цёплага дажджу. Здаецца, нядаўна выдавалі па першай кніжцы, а тут ужо даюць па другой. І адразу відно — выраслі ўверх і ўглыб, і ўшыркі — ва ўсіх трох вымярэннях. Ад апавяданняў перайшлі да аповесцяў, ад аповесцяў — да раманаў. Не ўсё, праўда, у іх гладка, але аснова, добрая, моцная — ёсць у хлопцаў. І народ пайшоў пісьменны, адукаваны — адукацыя, як правіла, вышэйшая, а то і аспірантура.

Прынёс у выдавецтва першы свой раман малады празаік Мікола Драздоў. Першая яго кніжка выйшла два гады назад, мела добры поспех, многа пахвал далі ёй крытыкі, асабліва маладыя. У Драздове яны ўбачылі новую зорку першай велічыні... Што ў Драздова было дасканалым, дык гэта пейзажы. Здавалася, што не чытаеш, а бачыш малюнак — так мог ён падаваць прыроду. Часам гэтым сваім умельствам ён злоўжываў, і прырода паглынала чалавека, як вялікі лес. Прырода падавалася буйным планам, першародная ў сваім харастве, а чалавек раствараўся ў ёй, станавіўся мізэрны, маленькі, як мурашка...

Раман у аркушаў дваццаць Драгун адрэдагаваў, зняў з аўтарам усе пытанні, усе спрэчныя мясціны і панёс на подпіс. Літаральна ў той жа дзень у газеце з’явілася рэцэнзія на гэты ж раман, які спярша быў надрукаваны ў юначым часопісе. Рэцэнзент Крышталевіч непрыхільна паставіўся да твора, знайшоў у ім нават тое, чаго там не было. Але крытыкі гэтай хапіла, каб начальства насцярожылася і з павышанай цікавасцю ўзялося чытаць яго.

Час ішоў, Драгун працаваў над другім рукапісам, а трывога за раман не ўлягалася.

І вось назначана вытворчая нарада. Збіраюцца ўсе ў дырэктарскім кабінеце. Ведаюць, што будзе абмеркаванне рамана Драздова... Многія са спагадай паглядаюць на Драгуна. Некаторыя пасміхаюцца самі сабе: так табе і трэба!

Драгун сам не свой. Пэўна ж, дастанецца яму нямала. Аўтара, як правіла, на вытворчыя сходы і нарады не запрашаюць. Аднойчы аўтару выпадкова ўдалося трапіць на абмеркаванне свае кніжкі, дык потым дырэктар даў вымову рэдактару за тое, што прывёў аўтара... Найлепей вырашаць лёс чалавека, калі яго самога тут няма, не чуваць тады ні плачу, ні піску, ні крыку... А потым паставіць яго перад фактам — і ўсё, нікуды ён не папрэ...

Драгун зайшоў са сваім крэслам, сеў ззаду, насупіўся, спадылба аглядаў людзей. Рэдактары былі пераважна мужчыны, карэктары — усе да адной жанчыны рознага веку. Цікавы гэта быў момант! Паназіраўшы, тут можна было вызначыць характар чалавека, яго імкненне, яго адносіны да жыцця. Звычайна кожны чалавек меў сваё аблюбаванае месца. Усе, хто хацелі быць на віду ў начальства, садзіліся спераду, бліжэй да дарэктарскага стала. Гэта былі пераважна загадчыкі рэдакцый, парторг і кандыдаты на парторгі або хто з былых, адстаўных, старшыня мясцкома ці кандыдаты ў старшыні, аматары выступаць на кожным сходзе, а то і проста такія, што любяць пакрасавацца перад людзьмі і начальствам. Побач з галоўным, насупроць дырэктарскага стала, пры акне, сядзеў заўсёды Нагорны, гэта было яго «забраніраванае» месца. Маскалевіча часта выбіралі ў прэзідыум, і ён таксама выбіваўся наперад, каб быць на вачах у масы. Як правіла, на такіх сходах выбіралі адных і тых жа, яны, відаць, прывыклі да гэтага і заўсёды ахвотна і сур’ёзна займалі свае месцы ў прэзідыуме. Садзіліся спераду і тыя, хто спазніўся заняць сабе спакойнае месца ззаду, крывіліся і стараліся схавацца за суседавы плечы. Любілі сядзець спераду і прыгажэйшыя жанчыны, спрабуючы свае чары на начальстве.

Хутка і без валакіты выбралі прэзідыум. Людзі пайшлі за дырэктараў стол, дзе чакалі пастаўленыя для гэтага крэслы, а суседзі з радасцю займалі тыя, што вызваляліся.