Выбрать главу

Старшыня нарады парторг Пятроўскі, з голай бліскучай галавою, з дэголеўскім носам, ужо ў гадах чалавек, адразу ж даў слова для дакладу дырэктару Важніку.

Той прайшоў да свайго стала, занятага цяпер прэзідыумам, стаў збоку, паклаў на край папку з дакладам. Потым пачакаў цішы, азіраючы залу з вышыні свайго высокага росту.

— У лютым гэтага года рэдактар мастацкай літаратуры таварыш Драгун і загадчык рэдакцыі таварыш Гушчынскі падпісалі ў набор і здалі ў галоўную рэдакцыю рукапіс рамана Міколы Драздова «На берагах Віліі»,— пачаў чытаць свой даклад дырэктар.

Далей ён сказаў, што у той жа дзень у газеце «ЛіМ» была змешчана рэцэнзія на раман Драздова, і рэцэнзія ў рэзкім тоне крытыкавала раман. Аднак рэдакцыя не прыслухалася да голасу крытыка, маючы, відаць, свой, зусім іншы пункт погляду на гэтую рэч. Таму ён як дырэктар лічыць патрэбным выказаць некалькі сваіх заўваг — як па зместу рамана, так і аб фактах непатрабавальнасці і непераборлівасці, што заўважаюцца ў рэдакцыі мастацкай літаратуры ў апошні час.

— Скажу шчыра, што ў гэтым творы я не знайшоў ніякіх жыццёва важных праблем, хоць трохі больш-менш значных падзей, уся ўвага чытача прыкута да дробных і па сутнасці пачварных з’яў, якія не маюць выхаваўчага, не кажучы ўжо грамадскага ў шырокім плане, значэння. Больш таго, я сказаў бы, што «малюнкі вясковага жыцця», якія не звязаны між сабою і не выцякаюць адзін з другога, пададзены так, што ўзнікае зусім няправільнае ўяўленне пра людзей нашай савецкай вёскі, пра іх побыт і маральнае аблічча. Затое ў рамане ёсць добрая порцыя пошласці і, як трапна заўважыў з іншага выпадку паэт Шчыпачоў,— «жарабяціны». На фактах, калі можна так сказаць, маральна-этычных, якія ёсць у рамане «На берагах Віліі», варта спыніцца больш падрабязна.

Працытуем асобныя мясціны. Вось размова двух трактарыстаў:

«— Ды я счакаў бы... Толькі не сёння.— Васіль зняў кепку, страсянуў галавой, цмокнуў.— Ягадка адна мяне чакае. Сохне... Чорненькая такая, спелая. Не магу, браце, душа мая! Трэба памыцца, выветрыцца. Сёння думаю зажымончык зрэзаць. Эх-ту!.. А як прыціснуць дзяўчыну, ягадку такую, калі ад цябе саляркай нясе? А дзяўчынка чорная... Фігурка... І сама такая цвёрдзенькая... Але цыц! Не дазваляе. Абсалютна!»

Доўга, на некалькіх старонках рукапісу цягнецца гэты даволі развязны і пошлы дыялог.

«— Ды хто яна?

— А-а... І цябе ўзяло... Я яе не выпушчу. Сказаў — усё. Бо мне яшчэ ні адна чорная не траплялася. А тут шанс ёсць. Абсалютна».

І далей у тым жа тоне:

«Любоў... Ды ну яе ў баразёнку... Няма яе абсалютна. Пабольш нахабства! Гэтая штучка мацней за ўсё».

А чым далей у лес, тым болей дроў:

«Яна не ўцякла ад акна. Ён узяў яе на рукі, хуценька занёс на канапу. Быў ашалелы, лавіў яе вусны, дыхаў горача, цяжка.

— Лена... Лена...

Яна ўдарыла, мусіць, па воку, бо на Міхася аднекуль са столі раптам пасыпаліся іскры, вострыя, колкія, бы хто раструшчыў лямпачку на дробныя чырвоныя кавалачкі.

Ён раз’ярыўся, быў у шалёнай злосці.

— Не падумай крычаць... На сваю галаву...

— Пусціце... Не ламайце рукі... Ой, спіна...

— Падумаеш... Што там у цябе?»

Аўтар, відаць, сам таго не жадаючы, падбірае такія словы і рэплікі, так будуе дыялог, карацей кажучы, ахінае дробныя пахабныя факты ў такую літаратурную форму, што міжволі напрошваецца вывад: у рамане ганьбуюцца нашы маральныя прынцыпы, нашы людзі паказваюцца ў вельмі ўшчэрбленым выглядзе.

Пацвярджаюць гэта не толькі прыведзеныя прыклады, але і іншыя:

«— Пане Куцка! Ведаеш, чаму баб у салдаты не бяруць?

— Не... Ну, ну...

— А таму, што па камандзе: «Лажысь!» дагары кладуцца...

— Га-га-га...

А знаеш сакрэт, як жонку ўлагодзіць?

— Давай...

— Днём каля паленца, ноччу ля каленца».

Ці можна апраўдаць гэту відавочную і непрыкрытую пошласць тым, што аўтар укладвае яе ў вусны п’янай кампаніі? Лічу, што не!

Гаворыць стары возчык Мікіта:

«— Прырода якраз уладзіла ўсё. Ёй усё роўна, замужам хто ці не. Яна свайго патрабуе, сваё гне. Прырода — гэта такая штука, што яна не глядзіць табе ў пашпарт, ці ты муж па закону, ці ты пастаялец. Усякая любоў канчаецца прыродай».

Ці вось яшчэ натуралізм у самым аголеным выглядзе:

«— Не гавары такога... Я люблю цябе... Я так яшчэ нікому не гаварыў. Ніколі... Лена!..

— Ясік... Не трэба, не трэба... Прашу... Не цалуй так... Дай перадыхнуць... Не трэба. Адпусці... Я ж усё роўна твая... Твая, чуеш? Не трэба цяпер, адпусці... Са мной яшчэ ніхто так не быў...

Ён цалаваў яе вусны, шыю, грудзі. Яна адчувала яго рукі, дужыя, цвёрдыя. Яна дрыжала, спалоханая.