Выбрать главу

25

Косця Драгун недзе з сёмага-восьмага класа стаў глядзець на сябе самакрытычна, як бы збоку. Да гэтага ён пра сябе не думаў, не параўноўваў ні з кім, не глядзеў далёка ні наперад, ні назад — жыў сённяшнім днём. У школе ён лічыўся не то што першым вучнем, а ішоў недзе ў першай тройцы-пяцёрцы. Як у алфавіце «Д» займае пятае месца, так у класным журнале часам пятым, часам трэцім ці сёмым, але ўсё ж у авангардзе. І калі да сёмага класа ён быў выскачкам, сам ірваўся наперад, то ў гэты час зусім па-іншаму стаў глядзець на першае месца. Будзь ты здольны, развіты, начытаны, толькі не трэба пра гэта крычаць, выстаўляць напаказ, хваліцца перад іншымі, задзіраць нос. Раней ён з насмешкай пазіраў на таго, хто не вывучыў урока, мог пасмяяцца з яго, а потым падумаў, што калі вучань не ведае ўрока, то на гэта былі свае прычыны, і смяяцца няма з чаго. Ці — вучань ходзіць у школу ў палапленай, беднай вопратцы... Не падумаўшы, можна пасмяяцца і з яго... Можа, гэтую перамену ў Драгуновай свядомасці зрабілі кнігі, якіх ён многа для вясковага хлопца чытаў, мо людзі, да якіх стаў уважліва прыглядацца, мо настаўнікі ў школе, мо нават яго ўзрост, гады, ім пражытыя, а мо ўсё разам,— але Драгун глянуў на сябе збоку. І адразу сказаў: не будзь выскачкам, гэта брыдка.. Навошта каб усім, што маеш, што носіш у сабе, хваліцца перад людзьмі? Не вырывайся першы, але і не адставай. На ўсякі выпадак будзь гатовы. Калі прыстане першы, каб ты змог замяніць яго, але не паказвай гэтага, не хваліся, што ты ўсё ўмееш.

Быць першым — гэта вельмі цяжка, і не так фізічна, як маральна. Як у бегу на доўгую адлегласць. Памятае крос, здаецца, у восьмым класе, тры кіламетры. Выбеглі ўсёй масай, адразу рванулі. Драгун ішоў апошні, не спяшаўся, ведаў, што тры кіламетры адным рыўком не возьмеш. На палавіне дарогі пярэднія пачыналі ўжо прыставаць, адвальвацца ад авангарду, а Драгун адчуваў, што ён толькі разбегся. Ён пачаў павялічваць хуткасць — і лёгка, аднаго за адным, пакідаць ззаду таварышаў. Толькі адзін, з суседняе вёскі хлопец, яшчэ быў перад Драгуном. Ён націскае на ногі — і вось яны побач, але Драгун адчувае, што можа пакінуць ззаду і яго, але не апярэджвае. «Бяжым разам»,— кажа ён таварышу. І яны бягуць побач, рука ў руку, да самага фінішу.