Выбрать главу

— Не бядуйце, ваша ад вас не ўцячэ. Добрую справу рабіць ніколі не позна. А важней за ўсё — каб чалавек пражыў сваё жыццё сумленна...

3

На новай рабоце чалавек — нібы ў незнаёмым лесе. Адразу ён прападае ў ім, робіцца маленькі, адчувае сваю прыбітасць і слабасць. Здаецца, што ён ніколі не знойдзе дарогі, не выберацца з гушчару. Але памалу пачынае разглядацца, заўважае, у якім баку сонца, знаходзіць поўдзень, усход, захад, успамінае, па якой сцежцы ішоў... Паступова невыносная спачатку ўлада страху рассейваецца, меншае, да чалавека паволі вяртаецца вера, што ён не прападзе, а выберацца адгэтуль, знойдзе дарогу.

Работа для Драгуна была больш-менш знаёмая, не ведаў ён толькі людзей. У рэдакцыі, падзеленай на два пакоі, сядзела больш за дзесяць чалавек. Адных Драгун ведаў па прозвішчы, другіх толькі ў твар, а трэціх ні так ні гэтак. Са знаёмых быў, само сабою, загадчык рэдакцыі Гушчынскі, збольшага ведаў ужо Драгун старшага рэдактара Нагорнага, смуглявага чорнавалосага Маскалевіча, разважлівага ўсяведа Пракурата, таўсматую дабрадушную бландзінку з залацістымі тоўстымі косамі Вольгу Жывіцу і яшчэ аднаго чалавека, на якога глядзеў як на выкапня. Гэта быў вядомы літаратурны крытык Рымар, невялічкі, круглы, як бочка, з жорсткім выразам шчыльна стуленых губ і нахабных вырачаных вачэй. Праўда, Рымара Драгун трохі ведаў па ранейшай рабоце, бо Рымар быў аўтарам школьнай хрэстаматыі і кожны год прыходзіў у выдавецтва па ганарар і ўсё абяцаў дзяўчатам цукеркі, але так і не прыносіў.

Да вайны Рымар грымеў на крытычным фронце, выносіў безапеляцыйны прысуд ледзь не кожнаму пісьменніку, і тыя, на каго ён з гневам паказваў пальцам, прападалі з літаратуры, а часам і з жыцця... Некаторыя з іх цяпер рэабілітаваны, большасць пасмяротна... А Рымар ходзіць у рэдактарах, прытым самых надзейных — ён ведае, што выкрэсліваць. Бярэцца нават выдаваць тых, каго некалі чарніў... Вось чаму так цікава было Драгуну глянуць на гэтага чалавека зблізку, пазнаць яго глыбей. Але Рымара рэдка калі спаткаеш у выдавецтве: ён меў прывілеі і тут — хадзіў у надомніках, а з’яўляўся два разы ў месяц па зарплату. Тое, што звычайна ўсе рэдактары рабілі самі: вычытка пасля перадруку, падрыхтоўка дублікатаў, нумарацыя рукапісу, заклейка брудных мясцін,— Рымар перакладаў на плечы малодшага рэдактара. Чарнавой работы ён не рабіў. Звычайна яго візіт у выдавецтва пачынаўся з дырэктара. Там яны доўга нешта гаварылі, потым Рымар заходзіў у рэдакцыю, расказваў часам які анекдот, перакідваўся словам з загадчыкам і зноў знікаў...

Па рабоце Драгун адразу атрымаў ад загадчыка Гушчынскага зборнік апавяданняў «У дарозе», а прозвішча пісьменніка — Бортнік — было яму добра знаёмае. «Пабачым, таварыш Бортнік, што вы новае нам скажаце»,— падумаў Драгун, прымаючы з рук загадчыка чырвоную папку. Раней ён прачытаў некалькі кніжак Бортніка. Яны яго не ўразілі. Было многа непраўдападобнага, выдуманага. Тое ж самае адчуў Драгун і ў гэтым зборніку. Да ўсяго, кепскі, неахайны быў стыль: кожнае слова не на сваім месцы. Трэба было «выпростваць» кожную фразу, як пагнуты дрот.

Драгун прачытаў раз, потым другі, зрабіў выпіскі з кожнага апавядання, склаў у галаве план заключэння. Агульнае ўражанне ад зборніка складалася няважнае: дробныя, нязначныя тэмы, павярхоўная распрацоўка вобразаў, падабенства сюжэтаў, а найбольш — здарэнні і выпадкі з палявання ці рыбалкі. У многіх герояў аднолькавыя вочы, насы, біяграфіі, нават аднолькавыя словы ў іх гутарцы. Пэўна ж, у жыцці многа людзей з аднолькавымі вачыма ці насамі, але трэба, відаць, шукаць не падобнага, а таго, што адрознівае адно ад другога.

Драгун з нецярпеннем чакаў рэцэнзіі на рукапіс... Урэшце яна на яго стале. Ён прачытаў і не паверыў сваім вачам: рукапіс хвалілі!

Загадчык спытаў Драгуна, ці згодзен ён з думкай рэцэнзента. Драгун нічога на гэта не адказаў, толькі папрасіў Гушчынскага аддаць зборнік яшчэ на адну рэцэнзію — і такому чалавеку, які не пабаіцца сказаць праўды ў вочы.

Гушчынскі спачатку не хацеў, а потым згадзіўся: лішняя думка не пашкодзіць, рэдактар яшчэ малады, верыць яму на сто працэнтаў нельга.

Далі на другую рэцэнзію. Не могуць жа розныя людзі гаварыць у адзін голас, што чорнае — гэта белае. Знойдзецца чалавек, які скажа: не, рабіце што хочаце, а гэта не проза.

Але і другая рэцэнзія была як спісана з першай. Гаварылася толькі, што ёсць пару апавяданняў, якія варта зняць, а ўвогуле зборнік робіць прыемнае ўражанне, ён — новае творчае дасягненне Бортніка.

Прачытаўшы рэцэнзію, Драгун схапіўся за галаву і пабег да загадчыка рэдакцыі.