Выбрать главу

«Лаўры мне не патрэбны. Хачу толькі больш ведаць для сябе, некалі спатрэбіцца, ды і цяпер цікава»,— тады не мог яшчэ сказаць Косця Драгун, але памалу ён прыходзіў і, галоўнае, дзейнічаў, жыў па такой вось формуле.

Школу скончыў на чатыры і пяць, нават «цягнуў» на сярэбраны медаль, але матэматыка была тым бар’ерам, які ён не ўзяў на «выдатна».

Хацеў ісці ў армію, але сябры і настаўнікі ўгаварылі падавацца ў студэнты. І ўгаворвалі яшчэ маці і сёстры, а гэта было самае важнае. Ён паслухаў іх, хоць ведаў, што давядзецца паспытаць усяго — і яму, і ім... Здаў добра, стаў студэнтам. Галодныя, але вясёлыя гады студэнцтва застануцца ў памяці назаўсёды.

Потым, нечакана для сябе, стаў рэдактарам — прафесія, аб якой ніколі і не сніў, і не думаў... І на гэтай рабоце не вырываўся, не лез у перадавікі, хоць адчуваў, што мог бы. Ён рабіў сваю справу спакойна, з уласным перакананнем, што трэба яе рабіць менавіта так. У яго быў свой погляд на сваю прафесію, на літаратурны працэс. Ён разумеў яго так. Рэдактар мае вялікія правы. Рэдактар — вяршыцель лёсу пісьменніка, лёсу яго кнігі. Калі рэдактар «зарэжа» кнігу, ніхто ў вышэйшых інстанцыях не заступіцца за аўтара — пачынаючы галоўным рэдактарам і канчаючы старшынёй камітэта па друку. Каб хадзіць у перадавых і надзейных, трэба «зарэзаць» некалькі кніжак, і табе будуць верыць, і да твайго голасу будуць прыслухоўвацца. Трэба сказаць, што «рэзаў» і Драгун, але не для таго, каб вызначыцца. Проста кніга была слабая, дапрацаваць яе аўтар не мог — і пускаць яе ў свет было б проста шкодай для літаратуры. Надта многа выпусцілі мы такіх кніжак. Чытач бярэ такую кнігу, чытае, потым параўноўвае з тым, што бачыць у жыцці. І адразу кідае кнігу. У жыцці ён бачыць многа чаго цікавейшага, чым у кнізе. У жыцці не ўсё проста, не ўсё гладка. А ў кнізе — ружовая вадзічка, усё падфарбавана ў колер вясёлкі, усё лёгка і проста. Рабочы — то перадавік, вучыцца на завочным, не п’е, з жонкай не б’ецца, суседзяў паважае, дае паўтары нормы. Божа барані, не адсячэ сыну руку за тое, што дзіця сапсавала тэлевізар! Селянін — калгаснік, трактарыст ці хто іншы — у горад не рвецца, яму добра і ў вёсцы, выхоўвае ўнукаў, дзеці — вучоныя, настаўнікі... Сучасны канфлікт! Інтэлігент — абавязкова вучоны, мае перадавы светапогляд, ваюе з дробяззю — кар’ерыстамі, лёгка перамагае, вынаходзіць новую супермашыну-аўтамат, яму лаўры і пашана! І так з кнігі ў кнігу... Чытач пытае: сучасная тэма? Не хачу! Давайце што з класікі, дакументальнае пра вайну ці пра шпіёнаў. Там больш-менш так, як у жыцці — і цяжка, і трудна, а людзі змагаюцца, перамагаюць, там рэальныя страсці, там у пашане сіла, розум і спрыт. Там хоць часам ды памрэ ці заўчасна загіне герой. А ў сучаснай — на цэлы раман адна аплявуха, і то за тое, што герой без дазволу хацеў пацалаваць сваю любую... А пісьменніку крычаць з усіх бакоў: давай сучаснасць, свежанькую, гарачанькую, толькі сучаснасць! Пойдзе зялёнай вуліцай! І многія даюць, забываюць, што гнацца за сучаснасцю — значыць, ператвараць кнігу ў газету. А гэта розныя рэчы. Калі газета жыве дзень, то кніга — гады і стагоддзі. Па кнізе, а не па газеце будуць вывучаць жыццё. Калі кніга будзе ілюстрацыяй нядаўняга пленума, то яна будзе жыць датуль, покуль успамінаюць той пленум.

Паказаць можна толькі тое, што адстаялася, што стала гісторыяй. А мо не? Але дайце прыклады таго, як нехта апярэдзіў жыццё, сказаў сваё слова, прадбачыў, як пойдуць падзеі — і не памыліўся, не прамахнуўся? А мо ўся бяда ў тым, што ён не змог усяго паказаць і сказаць, чаго хацеў? Дайце такую мажлівасць, і ўсе — а мо і не ўсе — стануць пісаць сучасную тэму, сённяшні дзень — і чытачу будзе цікава, і ён перастане глядзець на сучасную кніжку крывым вокам... А ўрэшце, калі літаратура стане жыць толькі сённяшнім днём — яна прападзе, вырадзіцца ў нарыс. Яе запатрабаванні, яе інтарэсы — гэта запатрабаванні і інтарэсы чалавецтва, а не аднаго чалавека. Гэта яго мінулае, сённяшняе і заўтрашняе. Сёння — гэта канец таго, што было, і, разам з тым, гэта пачатак таго, што будзе заўтра. Дык як можна пісаць толькі пра сённяшні дзень, калі ён не звязаны, калі яго не злучыш з тым, што было? Сёння — вынік развіцця: гістарычнага, псіхалагічнага, палітычнага і якога хочаш...

Не трэба пісьменніку падказваць тэму, не трэба вучыць, як яе асвятляць, куды, у які бок вярнуць, чым канчаць. Калі пісьменнік з галавою, ён зробіць усё сам. Калі ж без галавы — ніхто яму не паможа і не выратуе, твора не выйдзе, і ніякія рэцэпты, падказкі і ўказанні не дапамогуць. Мастацкі твор — гэта не даклад на справаздачна-выбарчым сходзе, які падпраўляюць пяць рук. Мастацкі твор — гэта дзіця, якое адразу родзіцца дарослым. І як дзіця нельга перарабіць: памяняць яму нос, вочы, валасы, так нельга перарабіць твор, каб не знявечыць яго. Перарабляць можа толькі аўтар па закліку свайго ўласнага сэрца — толькі тады твор можна палепшыць.