Пайшлі ў чайную, узялі бутэльку мускату, пагаварылі... Сустрэць свайго чалавека за светам — што знайсці калісьці згубленую дарагую рэч або на хвіліну самому апынуцца ў родных, дарагіх сэрцу мясцінах, у якіх не быў дзесяткі год...
А так праца была яго і адпачынкам для душы. У ёй ён хаваўся ад людзей, з якімі хутка стамляўся. І ў горы ён таксама хадзіў адзін, хоць гэта не вельмі весела — аднаму ў гарах. Нечаканую для сябе рэч адкрыў ён у гарах: спускацца ўніз намнога цяжэй, чым узнімацца ўгору. Мо як і ў жыцці: угору ўзнімацца прыемна, затое як цяжка падаць! У горы ён схадзіў два разы і болей не захацеў. Усё здалося там знаёмым. Ці мо чужым? Горы маўчалі, тоячы нейкія свае загадкі. Адзін раз, ужо недалёка ад дому, забіў вялізную, мо метровую, змяю. Драгуну спачатку здалося, што яна кінулася на яго. Але не: побач з ім быў стары закінуты татарскі калодзеж без зруба, складзены з каменю і абмазаны цэментам. Відаць, ён быў для змяі яе домам. Драгун схапіў камень, але не трапіў у цэль; прамазаў і другі раз, і толькі за трэцім угадзіў: змяя да палавіны ўжо схавалася ў нары, камень перабіў яе напалам, і другая палова сутаргава круцілася, звесіўшыся над калодзежам...
Затое ля мора Драгун мог прасядзець цэлы дзень, і яму не надакучала. Здавалася, мора гаварыла на яго мове, як той дзядзька з Волькі — было ўсё зразумела і ясна. Ці мо гэта была ўяўная прастата і яснасць? Можа быць... Мора прыемнае і нястрашнае, калі глядзіш на яго з берага. А гасцей яно сустракае часам няветла і страшэнна не любіць баязлівых, слабых целам і духам. Мора любіць і скараецца толькі перад такімі, як само...
Але Драгун, хоць і жыў далёка ад дому і далёка ад таго, з чым вырас і чым дыхаў усе свае трыццаць год,— усё ў ім ажывала, калі ён садзіўся за стол і пачынаў пісаць.
Дзіўна, але і пазней, калі Драгуну і даводзілася дзе быць, то думаў ён і пісаў не пра тое, што вакол яго, а што ўсярэдзіне, у памяці, у свядомасці. Ён неяк заўсёды адставаў... І цяпер пасля снядання садзіўся адразу за стол — і пісаў гадзін колькі без адпачынку. Работа ішла даволі лёгка, крэсліў ён мала, думкі наплывалі, як хвалі, трэба было паспяваць толькі запісваць.
Паўставалі перад ім малюнкі далёкага маленства, калі ўсё бачыцца так ярка і жыва, што ўсё стаіць перад вачыма, як у нямым кіно, і толькі трэба даць голас тым людзям, з якімі жыў, якіх ведаў і любіў. Родная беларуская вёска, яе людзі, іх лёс, іх жыццё, поўнае да краёў працай, клопатамі, радасцямі і горам, паўставала і ажывала перад Драгуном.
Пасля абеду, можна сказаць, не працаваў. Ішоў на пляж, купаўся і загараў. Калі толькі прыехаў, у душы смяяўся з тых, што, як буслы на балоце, брадзілі па беразе і збіралі каменьчыкі. А потым непрыкметна для сябе і сам стаў збіраць, усё болей адчуваючы, які гэта слаўны занятак. Гэта нешта падобнае да збірання грыбоў, толькі яшчэ больш бесклапотнае... У курортныя гісторыі мала ўдаваўся, праз пальцы глядзеў на парачкі, якія разыходзіліся то ў горы, то на пляж, то яшчэ куды. Кожны шукаў таго, чаго хацеў. Намазоліў толькі ўсім вочы нейкі яшчэ не стары барадач з маладою, але, няйначай, бывалаю кабетай. Яны хадзілі ўсюды толькі ўдваіх — у сталовую, у горы, на пляж. Усе да гэтага неяк прывыклі, хоць і пазіралі з іроніяй (а мо хто з зайздрасцю?), бо ведалі, што гэта не муж і жонка, а выпадкова знаёмыя людзі. Драгуну нават давялося бачыць, як яны развітваліся: ад’язджаў ён першы, яна заставалася. Па наіўнасці Драгун думаў, што яна будзе плакаць... Яны расставаліся як прыяцелі, як добрыя знаёмыя: спакойна, з усмешкамі на вуснах, нават не пацалаваліся...
Адным словам, паездка ў далёкі Крым была Драгуну карыснай. Упершыню яму ўдалося так далёка адарвацца ад дому. Рэдактарская работа такая, што нікуды не пусціць — свой план рабі сам. Ды і грошай лішніх Драгун ніяк не мог выкраіць. За першы ганарар ён купіў сабе паліто і жонцы сукенку, засталося яшчэ трохі на пуцёўку — яму аднаму. А каб на ўсю сям’ю?