Выбрать главу

Але затое тры доўгія апавяданні прывёз ён з Крыма...

Зборнічак з пяці апавяданняў аддалі на рэцэнзію... З якім страхам чакаў ён яе! І калі яна прыйшла і ён прачытаў яе, не спаў усю ноч. Ніяк не мог паверыць, што ён напісаў тое, што можна выдаваць, што гэта ўжо ў нейкай меры літаратура. «Малады пісьменнік Драгун...» Як гэта сказана... Як гэта страшна!.. Але падзякуй рэцэнзенту, Драгун!

26

Усе навіны, падзеі — вялікія, малыя — рэдактары, хоць і занятыя па горла работай, не абыходзілі маўчаннем. Газеты яны чыталі, слухалі радыё, мелі сякі-такі доступ да крыніц інфармацыі, якой не даводзілася чуць іншым. Але не ва ўсіх ляжала душа да палітыкі. Многія ахвотней захапляліся футболам, паляваннем ці рыбнаю лоўляй. У рэдакцыі Нагорнага ведалі як заўзятага рыбака і паляўнічага, Маскалевіч быў аматар футболу і шахмат, Пракурат — таксама рыбак, Малышка складаў нейкі слоўнік, Каляда рабіў пераклады з нямецкай мовы, Драгун увесь вольны час траціў на пісаніну. Раней, гадоў колькі назад, ён не шкадаваў часу толькі на загаранне — лічыў, што гэта карысна для арганізма. А цяпер, калі ўбачыў, што вольнага часу ўсё менш і менш, махнуў рукою і на гэты занятак, адпачываючы толькі для таго, каб не зваліцца з ног. Раней ён і фізкультурай займаўся з ахвотай, а цяпер таксама закінуў — ведаў, што здароўя яму хопіць да таго часу, які ён сабе адмераў. Асноўнае — паспець нешта зрабіць...

Добрым заняткам Драгун лічыў паспрачацца у рэдакцыі, абмяняцца навінамі, пагаварыць за чаркай гарэлкі ў рэстаране ці дзе, хоць не з кожным, а з тым, што многа ведае і каму можна давяраць.

Многа спрэчак, як і ўсюды, выклікалі падзеі 1956 года, калі развянчалі культ асобы Сталіна. У ацэнцы гэтай падзеі аднадушных было мала: кожны меў нейкі свой погляд, сваю ацэнку гэтай самабытнай і прыкметнай, калі не сказаць яркай фігуры ў гісторыі савецкай дзяржавы. Ён зрабіў многа — і добрага, і кепскага. І што пераважыла б на вазе — цяжка адразу сказаць. Для Драгуна ясна стала адно: Сталін нанёс магутны ўдар ідэі камунізму, зрабіў болей шкоды марксізму, чым Троцкі, Каўцкі і Бернштэйн, разам узятыя. Безумоўна, што не хто іншы, як ён вінаваты ў трагедыі трыццаць сёмага года і ў крывавай драме сорак першага года. Савецкія народы за яго памылкі павінны былі расплаціцца морам крыві. Як жа пасля ўсяго гэтага лічыць такога чалавека станоўчым героем нашай гісторыі?

Не праходзілі міма ўвагі рэдактараў такія падзеі, як грашовая рэформа, як вайна з травапольнай сістэмай, усхваленне кукурузы, стварэнне саўнаргасаў, падвойных райкомаў і абкомаў, мецэнацтва да дзеячаў культуры. Многае радавала, многае выклікала недавер і скепсіс.

У шырокім хаду былі анекдоты, і Пракурат у гэтым плане не меў сабе роўных, бо ведаў іх безліч і ўмеў расказваць, як артыст.

Звычайна і рабочы дзень пачынаўся са свежага анекдота. Пракурат, перш чым сесці за стол, гаварыў:

— Слухайце апошні анекдот... Мікіта атрымаў ад Сталіна пасля яго смерці тры пісьмы з прыпіскай: адкрываць у цяжкую хвіліну... Пакіраваў трохі Мікіта і бачыць: туга! Адкрыў першы ліст. А там напісана: «Лай мяне». Мікіта так і зрабіў. Пайшлі справы. Потым зноў тупік. Адкрывае другі ліст. А там напісана: «Лай маіх памочнікаў». Мікіта так і робіць. Даў па карку Кагановічу, Молатаву, Маленкову... І зноў пайшло ўсё наперад. А калі праз пэўны час машына пачала буксаваць, бярэ Мікіта і адкрывае трэці ліст. А там напісана: «Рабі, як я!..» Ну, цяпер за працу!

І Пракурат садзіўся за стол, здзьмухваў з яго пыл, даставаў рукапіс і паглыбляўся ў работу. Да абеду сядзеў не падымаючы галавы, толькі часам зачытваў уголас якую-небудзь непісьменнасць, якой ніколі, каб год думаў, не прыдумаў бы, як, напрыклад, такое: «Гаспадар сустрэў нас ветліва, узяў нашага жарабца і запрасіў у хату». Ці: «Адкуль пайшлі арлоўскія рысакі?» — пытае адзін герой у другога. «Быў некалі такі знакаміты граф Арлоў, вось ад яго і пайшлі арлоўскія рысакі»,— адказвае другі.

Тады Роўба прасіла, каб ён паўтарыў яшчэ раз, а яна запісвала такі «афарызм» у спецыяльны сшытак.

Сёння Пракурат быў сумны і, як відаць, не збіраўся пачынаць з анекдотаў. Сеўшы за стол, ён толькі спытаў сам сябе:

— Чаму дарогі бываюць у зігзагах?

І сам сабе адказаў:

— Таму што трэба абмінаць пні...

Дастаў рукапіс, кінуў яго на стол, папкі не развязваў. Нешта яго грызла. І, здаецца, ён ужо паспеў выпіць, чаго звычайна не рабіў з самага ранку, а адкладваў на пазней, часцей за ўсё на абед.

З пярэдняга пакоя зайшоў Маскалевіч. Павітаўся, неяк уважліва агледзеў усіх, пакруціўся па пакоі. Хацеў ужо выйсці, узяўся за ручку ў дзвярах, але стаў: